Аўтарытэт прафкама ў яго справах

Прафсаюзная арганізацыя КСУПа “Людзяневічы” налічвае 320 членаў. У яе ўваходзіць 12 прафсаюзных груп і адзін прафсаюзны камітэт. Сёння наш субяседнік — Тамара Баран, старшыня прафкама гаспадаркі. Роля прафсаюза і дзейнасць прафкама па абароне правоў працоўных, вось тыя аспекты, якія і сталі тэмай для гутаркі са старшынёй прафсаюзнай пярвічкі.


— Наш прафкам актыўна ўдзельнічаў у распрацоўцы праектаў і планаў сацыяльнага і эканамічнага развіцця калектыва, вытворчых планаў, мераў па забеспячэнню занятасці, комплексных планаў па паляпшэнню ўмоў працы, санаторна–аздараўленчых мерапрыемстваў. Таксама ўдзельнічалі ў разглядзе пытанняў размеркавання фонду матэрыяльнага стымулявання, расследаванні няшчасных выпадкаў на вытворчасці. Ажыццяўляў прафкам грамадскі кантроль за выкананнем працоўнага заканадаўства, правілаў і норм тэхнікі бяспекі,за правільнасцю прымянення ўстаноўленых сістэм аплаты працы і своечасовасцю разлікаў з працаўнікамі, за захаваннем норм закона і ўмоў калектыўнага дагавору.


За справаздачны перыяд было праведзена 74 пасяджэнні прафкама, у тым ліку і сумесныя з адмі- ністрацыяй гаспадаркі, на якіх разглядаліся пытанні па заключэнню калектыўнага дагавору, заслухваліся інфармацыі па яго выкананню. Прафкам удзельнічаў у час распрацоўкі мерапрыемстваў па арганізацыі працоўнага спаборніцтва на сяўбе, на нарыхтоўцы кармоў, на жніве, на летне-пашавы і зімова-стойлавы перыяды ўтрымання грамадскага статка. Не аднойчы на парадак дня выносіліся і праблемы, звязаныя з санітарным станам нашых вытворчых аб’ектаў. Аналізаваўся стан спраў па ахове працы і тэхніцы бяспекі, узгадняліся загады па парушэнню працоўнай дысцыпліны, выкананне патрабаванняў Дырэктыў Прэзідэнта краіны і Дэкрэта №18, і многія іншыя.


— На ваш погляд, у чым заключаецца асноўная задача прафкама?


— Я хачу зазначыць, што задача прафкама заключаецца не толькі ў абароне правоў чалавека працы. Важней навучыць людзей карыстацца гэтымі правамі. Член прафсаюза павінен быць упэўнены, што ён не застанецца сам насам са сваімі праблемамі. Сёння можна гаварыць, што правы і інтарэсы працаўнікоў замацаваны ў Канстытуцыі, Працоўным, Жыллёвым і іншых кодэксах, і прафсаюзу ў гэтым плане не патрэбна вынаходзіць веласіпед. Але прафсаюз змагаецца не за нормы, а за канкрэтныя механізмы абароны чалавека. Мабыць, таму ў калектывах узрасло разуменне ролі і значэння калектыўнага дагавору. У нашым, напрыклад, асноўным яго раздзелам з’яўляецца раздзел аплаты працы. Усе змяненні ў яго ўносяцца па ўзгадненню з прафкамам, таму пры ім дзейнічае камісія па працы, заработнай плаце і занятасці, якая выступае ў ролі кантралюючай. Зарплата і свае прысядзібныя ўчасткі з’яўляюцца адзінай крыніцай даходаў нашых работнікаў. Таму своечасовая выплата заробкаў лічыцца першачарговай задачай як для наймальніка, так і прафкама. Акрамя павышэння тарыфнай стаўкі, павелічэнне заработнай платы дасягаецца шляхам даплат, надбавак, у прыватнасці, за стаж, складанасць і напружанасць у рабоце, перавыкананне нормы выпрацоўкі і гэтак далей. Немалаважнае значэнне ў павышэнні дабрабыту работнікаў адыгрываюць ільготы, што прадугледжаны ў калектыўным дагаворы.


— Якія канкрэтна дадатковыя гарантыі, кампенсацыі і ўзнагароджванні прадугледжаны ў вашым калектыўным дагаворы?


— Найперш гэта выплаты да юбілейных дат. Віншуем людзей з Новым годам, Днём абаронцаў Айчыны, Днём жанчын, Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, Днём Маці, выдаем грашовыя прэміі і навагоднія падарункі. Да Дня пажылых людзей аказваем пажылым пенсіянерам дапамогу натуральнай аплатай. Прафсаюзны камітэт сумесна з адміністрацыяй наведвае пастаянна на даму ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, воінаў-інтэрнацыяналістаў. Ім таксама да Дня Перамогі і Дня памяці воіна- інтэрнацыяналіста, аказваецца дапамога. Матэрыяльна дапамагаем работнікам у сувязі са значным перыядам лячэння (больш двух тыдняў) акрамя бытавых траўм, атрыманых у нецвярозым стане. У перыяд гарачых сельгаскампаній арганізоўваем гарачае харчаванне механізатараў, пастухоў і іншых работнікаў, занятых на гэтых работах, з утрыманнем за абед трыццаці працэнтаў яго кошту. На час уборкі зерневых арганізоўваецца двухразовае харчаванне яе ўдзельнікаў з аплатай 10 працэнтаў кошту абеда, пры ўмове, што чалавек адпрацаваў не менш дзесяці гадзін у дзень. Пры ўступленні ў шлюб нашых работнікаў таксама аказваецца ім матэрыяльная дапамога. Вялікі сацыяльны пакет ільгот у нас для маладых спецыялістаў і работнікаў.


— Скажам, што прафкамы на цяперашні час актыўна займаюцца работай па арганізацыі працоўных спаборніцтваў і стварэнню належных бытавых умоў на вытворчасці. Наколькі вялікі ўдзел вашага прафсаюзнага камітэта ў гэтай дзейнасці?


— Яна адчувальная. Падчас кожнай сельгаскампаніі вядзецца экран працоўнага спаборніцтва, выпускаюцца маланкі ў гонар перадавікоў. У гаражы працуюць лазня і сталовая на гэты час. Пастаянна праводзіцца рамонт вытворчых памяшканняў і бытавых пакояў. І ў гэтай рабоце прафкам не на апошнім месцы. Таксама прафсаюзам закупляліся падарункі вучням, якія працавалі ў час летніх канікулаў на дапрацоўцы зерня, на цагельні, на браніслаўскай малочнатаварнай ферме.


— Абавязаныя асобы. Гэты тэрмін з’явіўся пасля падпісання Прэзідэнтам краіны Дэкрэта №18. Ці працуе прафкам з гэтай катэгорыяй работнікаў?


— Так. На нашым прадпрыемстве працаўладкавана сем так званых абавязаных асоб. Усе яны члены прафсаюзнай арганізацыі. Пастаянна з імі праводзяцца прафілактычныя гутаркі, наведваем іх дома, кантралюем, як яны выходзяць на працу. Але гэтымі мерамі не абмяжоўваемся. Некаторым аказваем матэрыяльную дапамогу. Праўда, грошы на рукі не аддаем, а купляем прадукты, фарбу і шпалеры для рамонту ў іх кватэрах, аплочвалі за падключэнне газу.


— А якія праблемы хвалююць Вас найбольш?


— Гэта стварэнне бяспечных умоў працы на вытворчасці. Важна не толькі арганізаваць добра рабочае месца, але і навучыць работніка захоўваць нормы і правілы аховы працы. Аналіз няшчасных выпадкаў паказвае, што каля паловы з іх адбываецца па арганізацыйных прычынах звязаных з недахопамі ў навучанні, давядзення да ведама інструкцыйных нормаў з парушэннямі патрабаванняў аховы працы. Але і значная частка пацярпеўшых на вытворчасці знаходзіліся ў стане ап’янення. Як для наймальніка, так і для прафкама гэта адна з праблем, якая патрабуе неадкладнага вырашэння. Таму ў абавязковым парадку ў нас на прадпрыемстве павінна працаваць камісія па барацьбе з п’янствам і павінен быць не адзін грамадскі інспектар, а хаця б чатыры. Ды і штомесячна праводзіць адзіны Дзень па ахове працы таксама не пашкодзіла б. На жаль, у гэтай рабоце на цяперашні час мы маем недапрацоўкі.


Не задаволена я і тым, як пастаўлены ў нас культурна-масавыя і спартыўныя напрамкі. На сённяшні час у нас працуе на 0,5 стаўкі інструктар па спорту, але яго працы я не бачу. Толькі адны пытанні: няма формы, мячоў, праблема са спартыўнай залай. Але ж вясной такога спецыяліста ў нас не было, а каманда прадпрыемства не раз удзельнічала ў спартыўных спаборніцтвах і заняла тры прызавыя месцы. Канешне, тут віна ёсць і прафкама…


Упэўнена, гэтыя сферы нам патрэбна развіваць, бо ў гаспадарцы працуе шмат моладзі. Створана пярвічка БРСМ. Нашы маладыя работнікі актыўна ўдзельнічаюць у розных конкурсах і дабіваюцца неблагіх вынікаў. Калі ёсць попыт, то праблему патрэбна вырашаць.


С.БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.