Баявы і мірны шлях ветэрана

Напрыканцы восені ў Новых Залюцічах праводзілі ў апошні шлях Івана Данілавіча Дарафея, апошняга ветэрана Вялікай Айчыннай вайны ў гэтым населеным пункце.


Шмат выпала на яго долю выпрабаванняў, самае страшнае і жахлівае з якіх — вайна. Калі фашысты напалі на Савецкі Саюз, Івану Данілавічу споўнілася дзевятнаццаць гадоў. Узрост прызыўны, таму адразу апынуўся ў дзеючай арміі. Зборы былі нядоўгімі: развітаўся з раднёй і ў дарогу. У хуткім часе Іван Дарафей разам са сваімі саслужыўцамі ўжо змагаўся з захопнікамі на фронце. Ен быў арудзійным нумарам мінамётнага разліку. Савецкія воіны аказвалі моцнае супраціўленне фашыстам, бывала за дзень адбівалі па дзясятку атак фашыстаў, але вораг, лепей узброены і спрактыкаваны, усё далей прасоўваўся ўглыб краіны. З цяжкімі сэрцамі, напоўненымі смуткам адступалі нашы салдаты, але ніхто з іх не траціў веры ў перамогу. Гэтая вера дапамагала пераадольваць цяжкасці і Івану Данілавічу.


У 1942 годзе, хаця фашыстаў адкінулі ад Масквы, іх армія яшчэ была вельмі моцнай. Летам яны распачалі чарговае грандыёзнае наступленне на поўдні краіны. Ізноў нашым салдатам прыходзілася з баямі адыходзіць, многія гінулі ў няроўнай барацьбе. Шмат трапляла ў палон. У адным з такіх баёў, што адбыўся пад Варонежам, трапіў у палон І Дарафей. Усіх палонных немцы зганялі ў канцлагер. Ен размяшчаўся непадалёку ад лініі фронту. Чыстае поле, агароджанае калючым дротам, з прыстаўленай да гэтай клеткі аховай, вось і ўсе ўмовы, што фашысты прапанавалі савецкім ваеннапалонным. Ад раненняў і голаду многія паміралі. Але гэта ніколькі не хвалявала гітлераўцаў. Яны толькі нахабна змаглі ўчыніць здзек над безабароннымі людзьмі. Адзіны ратунак у гэтых нечалавечых умовах для ваеннапалонных былі жыхары навакольных вёсак. Яны прыходзілі да лагера, выглядвалі ў палонных сваіх родзічаў, калі ж нікога не знаходзілі, перакідвалі за калючы дрот вузлы з цывільнай вопраткай і ежай.


Верачы ў сваю непазбежную хуткую перамогу на фронце, фашысты пачалі выпускаць ваеннапалонных на волю. Асабліва тых, што мелі нешта з цывільнай вопраткі. Гітлераўцы самаўпэўнена лічылі, што такія ваякі шкоды не прынясуць, няхай разыходзяцца дадому. Пашчасціла вырвацца з варожага палону і Івану Данілавічу. Ад райцэнтра да райцэнтра, заходзіць у іх прыйшлося, каб рэгістравацца ў нямецкіх камендатурах, ён вяртаўся да роднай вёскі.


Вось і Жыткавічы. Тут яму патрэбна было зарэгістравацца апошні раз. Начальнік паліцыі, да якога звярнуўся Іван за рэгістрацыяй, даведаўшыся, што яму патрэбна ў Новыя Залюцічы, злосна вылаяўшыся, пачаў крычаць: “Што, новы партызан з’явіўся ў раёне!” “Які з яго ваяка, — заступіўся за Дарафея стаяўшы побач паліцэйскі, — хаця б жывым да дому дабраўся, бачыш, ледзь на нагах трымаецца”. Паставіўшы адметку аб рэгістрацыі, паліцаі адпусцілі Івана Данілавіча ў вёску. Яшчэ паўсотні кіламетраў прыйшлося яму прайсці, перш чым ён абняў сваю маці і родных. Яны якраз жалі на сваёй палосцы жыта. Столькі радасці і гора было ў той сустрэчы адначасова.


Начальнік паліцыі, калі гаварыў пра новага партызана, як у воду глядзеў. Не стаў адседжвацца доўга дома Іван Данілавіч. Набраўшыся сіл, у хуткім часе ён становіцца байцом разведвальнага партызанскага атрада Баці. Калі ж аб сабе, як грознай сіле заявілі і народныя мсціўцы Жыткаўшчыны, перайшоў у сто пяты партызанскі атрад Жыткавіцкай брыгады. Засады, падрывы на чыгунцы, змаганне з карнымі атрадамі – усё гэта партызанскі шлях Івана Дарафея. Аж да самага вызвалення раёна ён з’яўляецца байцом партызанскага атрада. Калі ж ворага пагналі на Захад, Іван Данілавіч становіцца байцом у дзеючай арміі. Яго часць, дзе Іван Данілавіч быў сувязістам на артылерыйскай батарэі, наступала на галоўным напрамку фронту: праз Польшчу на Берлін. Баявы шлях Дарафея можна прасачыць па яго ўзнагародах. Медалі “За ўзяцце Варшавы”, “За ўзяцце Берліна”, “За перамогу над фашысцкай Германіяй” яскрава сведчаць, дзе ваяваў Іван Дарафей. Яго баявыя подзвігі адзначаны Радзімай і ордэнам Айчыннай вайны.


У 1946 годзе Іван Данілавіч дэмабілізоўваецца з арміі. Дома салдата чакалі папялішчы і разруха. Людзі жылі ў зямлянках. Таму, калі кіраўніцтва калгаса імя Кірава прапанавала ўзначаліць будаўнічую брыгаду, згадзіўся не раздумваючы. Трэба было будавацца і наладжваць жыццё. Шмат будынкаў вытворчага прызначэння і новых хат паставіў Іван Данілавіч разам са сваімі будаўнікамі ў роднай вёсцы. Быў і брыгадзірам паляводчай брыгады. А калі на іх землях арганізаваўся саўгас “Случ”, перайшоў працаваць пастухом. Да самай пенсіі, а гэта пятнаццаць гадоў, выпасаў ён грамадскі статак. Шмат падзяк атрымаў за сваю працу. Нават Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР было адзначана старанне Івана Данілавіча.


Ён пакінуў многа добрых успамінаў аб сабе. Вось і Васіль Касак спецыяльна на днях завітаў у рэдакцыю з адной просьбай, каб журналісты напісалі хоць бы невялікую заметку аб апошнім новазалюціцкім ветэране вайны. “Ён заслугоўвае таго, бо шмат добрых спраў зроблена яго рукамі на гэтай зямлі, — патлумачыў Васіль Рыгоравіч, — і памяць надаўжэй застанецца аб чалавеку”. З апошнім цяжка не пагадзіцца, бо дакладна вядома: чалавек жыве, пакуль аб ім памятаюць.


С.МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.