Грамадскі агляд ведаў

З 9 па 25 лістапада 2009 года на базе ДУА “Азяранскі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа” праходзіў грамадскі агляд ведаў. Калектыў навучальнай установы трымаў справаздачу перад грамадскасцю, перад калегамі з іншых школ, перад аддзелам адукацыі аб ходзе выканання плана мерапрыемстваў па правядзенню ў 2009 годзе Года роднай зямлі. Пра здабыткі школы расказвае Наталля Ільеня, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце.


2009 – ГОД РОДНАЙ ЗЯМЛІ


Год роднай зямлі — гэта, перш за ўсё, год добраўпарадкавання роднай зямлі. Значная частка мерапрыемстваў школьнага плана па правядзенню Года роднай зямлі нашага плана была скіравана на навядзенне парадку на прышкольнай тэрыторыі. Гэта і клумбы, і малыя архітэктурныя формы, і горкі, і іншыя ўпрыгожванні школьнага і садаўскага двара, якія падабаюцца не толькі дзецям і настаўнікам, а і жыхарам нашай вёскі. Вялікая ўвага надаецца як знешняму, так і ўнутранаму добраўпарадкаванню. Вясной, летам і ранняй восенню школа патанае ў кветках, якія цвітуць і красуюць на двары, а зімой вока радуюць кветкі ў школе, у кабінетах, у настаўніцкай, у холах. Але не толькі школьная тэрыторыя цікавіць нас. Хочацца, каб і вакол было прыгожа. Таму школа ўзяла шэфства над помнікам воіну-вызваліцелю ў в. Азяраны, над магілай невядомага салдата ў в. Бечы, над магілай воіна-інтэрнацыяналіста Віктара Клімовіча ў в. Пагост.


Любоў да роднай зямлі — гэта нацыянальная рыса беларусаў. У кожным рэгіёне нашай краіны, у кожнай вёсцы, горадзе ёсць свае асаблівасці, свая непаўторнасць, тая асаблівасць, якая садзейнічае фарміраванню ў чалавека цікавасці і прывязанасці да роднай зямлі.


Але не толькі родныя мясціны цікавяць нас. Мы хочам, каб нашы вучні ведалі, што Беларусь, увогуле, цікавы, прыгожы край. Таму здзяйсняем падарожжы: блізкія і далёкія. Гэта правядзенне дня турыста, калі мы знаёмім вучняў з роднымі мясцінамі. Гэта пастаянныя паездкі ў Тураў, знаёмства з яго гісторыяй, з яго сучаснасцю. У гэтым годзе была арганізавана паездка нашых вучняў у Белавежскую пушчу, дзе яны наведалі музей прыроды, рэзідэнцыю Дзеда Мароза.


У рамках правядзення Года роднай зямлі вялікая ўвага надаецца патрыятычнаму выхаванню.


У школе распрацавана і дзейнічае праграма “Спадчына”, у рамках якой усе вучні школы ўключаны ў працэс вывучэння народных традыцый (святы, звычаі, напрыклад, свята, якое захавалася ў в. Пагост “Юраўскі карагод”). Вучні школы займаюцца даследчай дзейнасцю. Так, у гэтым годзе вучні 5 класа прадставілі сваю даследчую работу “Повязь часоў — беларускі ручнік” на раённай даследчай канферэнцыі “Інтэлект Будучага” і іх работа была адзначана дыпломам 2 ступені.


У школе і дзіцячым садку праводзяцца беларускія святы і ранішнікі, праводзяцца пазакласныя мерапрыемствы, якія дазваляюць выхоўваць у навучэнцаў, выхаванцаў пачуццё павагі да нацыянальнай спадчыны. Так, ужо традыцыйным стала правядзенне фестывалю “Шануем родную спадчыну”, дзе кожны клас прадстаўляе нейкае свята, той ці іншы абрад. Вучні школы таксама прынялі ўдзел у раённым мерапрыемстве “Шануем родную спадчыну”, дзе паказалі абрад “Саракі”.


Родны край вывучаецца рознабакова: праз гісторыю, культуру, радаводы (вывучэнню свайго радаводу прысвяцілі класную гадзіну вучні 7 класа ў 2008/2009 навучальным годзе, “Сямейнае фота”, дзе кожны вучань прадставіў свой радавод, расказаў пра выдатных прадстаўнікоў роду.


Адна з вучаніц, Кузьміч Юлія, упісала ў свой радавод 129 імён. Гэты радавод адпраўлены на раённы конкурс “Мой род, мая сям’я”.


ВЕДАЦЬ КАРАНІ СВАЕ


Без мінулага няма ні сучаснага, ні будучага. Мінулае — гэта карані, сучаснае — само дрэва, а будучае плод. І як дрэва немагчыма без каранёў, так сучаснае і будучае немагчыма без мінулага, без памяці, без спадчыны.


Радзіма для дзяцей пачынаецца з сям’і, таму для фарміравання актыўнай грамадзянскай пазіцыі і актыўнае ўключэнне ў жыццё школы сямей пастаянна праводзяцца такія мерапрыемствы як “Тыдзень маці” да Дня маці 14 кастрычніка, дэкады сям’і, спартыўнае свята “Тата, мама, я — спартыўная сям’я” (у гэтым годзе такое спаборніцтва адбылося 15 мая паміж камандамі Хваенскага і Азяранскага навучальна-педагагічных комплексаў).Традыцыйнымі з’яўляюцца ранішнікі ў дзіцячым садзе і школе да свята 8 Сакавіка. Усё гэта садзейнічае развіццю пазнавальна-творчай цікавасці вучняў, а таксама сумеснай рабоце сям’і і школы.


Невычарпальны інтарэс для фарміравання ў дзяцей пачуцця патрыятызму, адказнасці, маральна-этычных якасцей, пачуцця нацыянальнай самасвядомасці і грамадзянскага абавязку даюць падзеі Вялікай Айчыннай вайны. У апошні час асобае значэнне надавалася і надаецца гэтаму накірунку ў сувязі з падрыхтоўкай і святкаваннем 65-годдзя Вялікай Перамогі, якое будзе адзначацца ў 2010 годзе. У гэтым накірунку былі праведзены: ваенна-спартыўная гульня “Зарніца”, конкурс вершаў і песень на ваенную тэматыку, сустрэчы з ветэранамі, якіх, на жаль, з кожным годам становіцца ўсё менш. Праводзяцца ўрокі мужнасці, класныя гадзіны, розныя мерапрыемствы. Вучні нашай школы прынялі ўдзел у абласным конкурсе “Вспомним всех поимённо”, дзе быў прадстаўлены матэрыял пра вязня канцлагера Байдалаву Надзею Макараўну, якую большасць ведае як выдатнага ўрача, які зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку.


Рэгулярна аказваецца дапамога не толькі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, але і ветэранам працы, асабліва былым работнікам Азяранскай і Пагосцкай школ. Актыўны ўдзел прынялі вучні нашай школы ў стварэнні раённага, а затым і абласнога “Палатна Перамогі”, дзе былі пазначаны звесткі аб тых ветэранах, якія жывуць сёння. Усе гэтыя мерапрыемствы, са слоў вучняў, “дапамагаюць перанесціся ў далёкае мінулае, узнавіць падзеі мінулых гадоў, вызываюць гонар за сілу духа старэйшага пакалення”.


Нашы дзяды-прадзеды хацелі, каб ніколі больш не было вайны. Але, на жаль, і ў наш час з’явіліся ветэраны вайны, ветэраны афганскай вайны. Напярэдадні дня вываду савецкіх войск з Афганістану, 15 лютага, у навучальнай установе была адкрыта мемарыяльная дошка нашаму земляку, воіну-інтэрнацыяналісту Віктару Клімовічу. Прысутнічала шмат гасцей, а таксама шматлікая радня Віктара Клімовіча, якія са слязамі на вачах дзякавалі ўсім за тое, што не забываем іх брата. Таксама былі ўручаны медалі воінам-афганцам, якія пражываюць у нашай вёсцы: Рыгору Фядотавічу Русаму, Івану Іванавічу Кузьмічу, Юрыю Міхайлавічу Аліфяровічу. Мерапрыемства прайшло вельмі ўрачыста.


ДАПАМАГЧЫ ВУЧНЯМ — НАША ЗАДАЧА


Як сказаў Сухамлінскі “Патрыётамі не нараджаюцца, патрыётамі становяцца”. А вось дапамагчы вучням у гэтым — задача педагогаў.


Актыўны ўдзел прымаюць вучні школы ў рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, у конкурсе малюнкаў “ Белавежская пушча — вачамі дзяцей”. У выставе “ Калядная зорка”, была праведзена школьная выстава “Дары восені”. На працягу года праводзіліся мерапрыемствы экалагічнага накірунку: паходы да цар-дуба і цар-сасны. Таксама вучні прынялі актыўны ўдзел у экалагічнай акцыі “Сделаем землю краше!”, у акцыі, якая праводзілася пад эгідай БРСМ “Спасём! Сохраним! Создадим!”. Прынялі ўдзел у раённым экалагічным конкурсе “Квітней, мой лес!”, дзе вучаніца 6 класа Жыткавец Ганна заняла 3 месца. Конкурс праводзіўся Жыткавіцкім лясгасам. Таксама ўдзельнічалі 1 мая 2009 года ў “Свяце птушак” у Тураве, на якім быў адкрыты помнік куліку-марадунцы, свята праводзілася пад эгідай грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Каманда нашай школы была ўзнагароджана дыпломам 3-й ступені.


Нельга не адзначыць, што вялікая роля ў навучальнай установе надаецца фарміраванню здаровага ладу жыцця. Усе спартыўныя мерапрыемствы праходзяць у нас пад агульным дэвізам: “Здоровый я, здоровая — страна!”. Дзеці з вялікім задавальненнем займаюцца ў гуртках і секцыях, прымаюць актыўны ўдзел у школьных, раённых, абласных спартыўных мерапрыемствах. Вучні прынялі ўдзел у раённым турыстычным злёце “Здароўе змоладу”, дзе каманда школы заняла 2 месца. Таксама на базе нашай школы быў праведзены 15 мая 2009 года абласны семінар “Галоўны рэкорд — здароўе”. Удзельнікі, госці семінара атрымалі вялікае задавальненне і вялікі зарад бадзёрасці і аптымізму.


У час летняга аздараўленчага перыяду ў дзіцячым садзе праводзілася работа, накіраваная на замацаванне здароўя выхаванцаў. Напрыканцы лета паміж дашкольнымі ўстановамі праводзіўся конкурс “Сонечнаму лету — фізкульт-ура!”, дзе былі прадстаўлены матэрыялы па выніках аздараўленчага перыяду. Па выніках гэтага конкурсу мы занялі першае месца ў раёне.


Год роднай зямлі яшчэ працягваецца. Яшчэ шмат цікавага, карыснага будзе зроблена. Але мы ўпэўнены, што закончыцца 2009 год, а работа ў дадзеным накірунку будзе абавязкова працягвацца не толькі ў нашай навучальнай установе, а і па ўсёй краіне.


Н.ІЛЬЕНЯ, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ДУА “Азяранскі навучальна- педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.