І паднялася рука на святое – маці

Перад смерцю маці прасіла сваіх дзяцей прабачыць забойцу-сына і не трымаць на яго зла.


У доме пажылой жанчыны даўно не было ладу. Усяму віной была непамерная цяга сына да ўжывання спіртнога. Маці старалася ўшчуваць сваё дарослае дзіця, з якім жылі разам, прасіла, каб пакінуў піць. Сын на гэтыя просьбы адказваў лаянкай і пагрозамі. Сваркі ўзнікалі пастаянна, бо сын, як кажуць, ад гарэлкі не прасыхаў.


Дзевятага лютага бягучага года сын таксама прыйшоў дамоў моцна п’яным. Маці зноў пачала ўпрошваць яго пакінуць піць. З гэтага ўзнікла чарговая сварка. Пасыпаліся ўзаемныя абразы, што вельмі раз’юшыла мужчыну. Ен пачаў абражаць сваю маці, мацюгацца, выказвацца, што ён яе не любіць. Выкарыстаўшы ўвесь запас нецэнзурнай лексікі, мужчына накінуўся на пажылую маці з кулакамі. Пачаў біць яе. Пусціў ў ход ногі, але і гэтага п’яніцы аказалася мала. І ён узяўся за драўляную палку, якой бесперапынна наносіў маці ўдары. Крыкі аб дапамозе і мальба аб памілаванні блізкага чалавека не спынялі, а толькі распалялі сына-звера. Сваю расправу сын спыніў толькі тады, калі жанчына перастала падаваць прызнакі жыцця.


Цяжка сказаць, хто выклікаў хуткую, каб жанчыне аказалі першую медыцынскую дапамогу. Сабралася шмат людзей. Прыйшлі і іншыя сыны жанчына, якім яна і расказала аб тым, хто яе так моцна збіў. “Толькі ж не сварыцеся з-за гэтага, мірна жывіце, прабачце яго”, — ціха шаптала акрываўленымі губамі маці сваім сынам. У рэанімацыі жанчына ад атрыманых пабояў памерла. Суд Жыткавіцкага раёна прыгаварыў забойцу-сына да васьмі гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Таксама яму было прызначана ў месцах адбывання пакарання прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму.


С. ІЛЬІЧ, следчы пракуратуры Жыткавіцкага раёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.