Імкненне да прафесійнага росту

Ігару Асіпенка ёсць дзе прымяніць свае прафесійныя навыкі і набытыя ў ВНУ веды. Ен працуе галоўным заатэхнікам камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Чырвоны Бор”. Жывёлагадоўчая галіна гаспадаркі, даволі шырокае поле для дзейнасці маладога спецыяліста. На трох грамадскіх фермах утрымліваецца амаль дзве тысячы пагалоўя буйной рагатай жывёлы. І ўсюды заатэхніку патрэбна паспець, каб пракантраляваць вытворчыя працэсы, своечасова ўнесці пэўныя карэктывы ў тэхналогію, асабліва зараз, калі ідзе перыяд стойлавага ўтрымання грамадскага статка, а прадукцыя жывёлагадоўлі становіцца асноўнай крыніцай папаўнення эканомікі гаспадаркі.


У момант нашага наведвання сельгаспрадпрыемства Ігара Міхайлавіча засталі на новым малочнатаварным комплексе. Тут толькі што закончылася ранішняя дойка, і спецыяліст кіраваў адгрузкай прадукцыі, кантраляваў, як работнікі вядуць мыйку абсталявання, ачыстку памяшканняў і тэрыторыі, раздачу кармоў.


— На комплексе ўтрымліваецца амаль шэсцьсот галоў дойнага статка, — расказвае Ігар Міхайлавіч, — усе асноўныя вытворчыя працэсы механізаваны, людзі таксама на кожным участку падабраны самыя лепшыя, адказныя. Кармоў таксама маецца дастатак. Таму справы з вытворчасцю малака пачалі наладжвацца.


Невыпадкова галоўны заатэхнік засяродзіў нашу ўвагу на апошняй акалічнасці. Пакуль вяліся на комплексе пуска-наладачныя работы даільнага абсталявання, пераводзілася жывёла, быў дапушчаны спад у вытворчасці малака. Цяпер яго імкнуцца ліквідаваць. Па словах спецыяліста, гэта магчыма і ёсць усё неабходнае.


— Канешне, пачынаць сваю прафесійную кар’еру на такім сучасным аб’екце — справа вельмі адказная, — гаворыць Ігар Міхайлавіч. — Разам з тым хутчэй і вопыту набіраешся, бо тэарэтычныя веды, атрыманыя падчас вучобы, хаця без гэтай трывалай базы і нельга, не заўсёды суадносяцца з рэальнасцю. Калі вучыўся, нават і не прадстаўлялася, што на ферме будзе ўвесь улік весціся праз камп’ютэр. Цяпер з яго дапамогай ведаю пра кожную карову: якая яе прадуктыўнасць, калі расцеліцца, калі патрэбна яе запускаць, які корм даць і многае іншае.


Каб дабіцца гэтага, маладому спецыялісту прыйшлося нямала папрацаваць, унесці ў базу дадзеных звесткі пра кожную жывёліну. Зараз, толькі карова стала ў даільны станок, адным націскам на клавішу камп’ютэра спецыяліст можа імгненна атрымаць усю патрэбную інфармацыю. Працэс самога даення кароў таксама значна аблегчаны. Усё пагалоўе абслугоўваецца пяцью аператарамі. Гэта такія вопытныя і спрактыкаваныя работніцы як Анжэла Кіршун, Валянціна Ярмоленка, Зінаіда Грынчык, Ніна Рагалевіч і Наталля Мацюкевіч, якія хутка асвоілі новае для сябе абсталяванне.


— Галоўнае цяпер, каб хутчэй была здадзена ў эксплуатацыю другая чарга комплексу, цэх для сухастойных кароў і радзільнае аддзяленне з прафілакторыем для цялят, — расказвае галоўны заатэхнік. — Гэта дазволіць працаваць больш тэхналагічна і адпаведна дабівацца добрых вынікаў па вытворчасці малака.


Жаданне спецыяліста зразумелае. Каму не хочацца вызначыцца і мець пашану ў калектыве. Усё ж прафесійная кар’ера толькі на самым пачатку. І менавіта ў гэты перыяд, калі яшчэ, вобразна кажучы, “ не выветрыліся “ з галавы веды, лепшы час для самарэалізацыі. У свой час Ігар Міхайлавіч закончыў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію. Крыху працаваў заатэхнікам у КСУПе “Дзякавічы”, пасля была служба ў войску. Сваё накіраванне ў камунальнае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства “Чырвоны Бор” лічыць не горшым варыянтам.


— Я тут паблізу, ў пасёлку Чырвонае, нарадзіўся, многіх цяперашніх працаўнікоў і спецыялістаў ведаў з гэтага сельгаспрадпрыемства, таму хутка асвоіўся ў калектыве, — зазначае Ігар Міхайлавіч.


Уліцца ў працоўны калектыў гаспадаркі дапамагло і тое, што сустрэла яго кіраўніцтва вельмі добра. На першым часе дапамагала і з узнікшымі праблемамі спраўляцца. Адразу і жыллё прапанавалі. Праўда, як прызнаўся заатэхнік, патрэбы ў ім ён не мае, усяго ў нейкай пары кіламетраў бацькі жывуць, у якіх і пражывае. Есць дзе спецыялісту і з карысцю правесці свой вольны час, гэта таксама немалаважна для замацавання на сваім працоўным месцы.


Прафесійнае майстэрства, вядома, прыходзіць з гадамі. Галоўнае, каб было для гэтага ў чалавека жаданне. Яно ў Ігара Асіпенкі ёсць, як і любоў да абранай прафесіі. Напэўна, каб гэтага не было, не знаходзіўся б малады спецыяліст у шэсць гадзін раніцы на ферме, калі пачынаецца ранішняя дойка, і не заканчваў бы свой рабочы дзень позна вечарам. Вось такія напружаныя працоўныя будні ў галоўнага заатэхніка Ігара Асіпенкі. А гэта многае значыць для паспяховай работы.


С. КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.