Калі мяняюць дзіцё на спіртное

Мы, выхадцы з беларускай глыбінкі, змалку ведалі, што ў вясковы клуб людзі ідуць з нагоды свята альбо кіно паглядзець. Клуб — гэта ўрачыстыя, святочныя прамовы, танцы і песні, жарты, знаёмствы і ростані. Нас, пасляваенных, дзяцей пяцідзесятых і шасцідзесятых гадоў, тады ў сем’ях нараджалася шмат. Хаця і жылі беднавата і галаднавата. Часта ў нішчымніцу. Але весела, дружна і радасна.


Але час бяжыць, нішто не стаіць нязменным на сваім месцы. Многае мяняецца. І, на вялікі жаль, не ў лепшы бок. Хіба ж у тыя гады хто мог нават уявіць сабе, што прыйдзе час і ў клубе будуць збірацца вяскоўцы, каб паглядзець, як у гора-бацькоў дзяржаўныя структуры будуць з поўнай на тое законнай падставай забіраць роднае дзіцё, бо далей ужо няма куды ісці, далей — бездань…


Менавіта вось такі выязны суд і адбыўся нядаўна ў вёсцы Дзякавічы. У суддзі Жыткавіцкага суда Ганны Бабенка, між іншым, гэта ўжо другое выязное пасяджэнне ў 2009 годзе па справах аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў. Акрамя вясковага люду, на працэсе прысутнічалі таксама намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Клаўдзія Мароз, сацыяльны педагог Святлана Папок, а таксама Уладзі-мір Зубар — галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, які кантралюе пытанні аховы правоў і дзяцінства.


Муж і жонка Васіль Шапель і Валянціна Рослая жывуць у вёсцы Лутоўе, працуюць у мясцовым КСУПе “Дзякавічы”. А перадгісторыя іх дзесяцігадовай дачкі Васіліны такая. Яна была, калі так можна сказаць, аднятая ў бацькоў па Дэкрэту №18 у сярэдзіне студзеня 2009 года. І бацька з маці, трэба аддаць ім належнае, на той час абдумаліся, зрабілі правільныя і адназначныя вывады. Пакончыць з абдымкамі з “зялёным змеем” уласнай сілы волі не хапіла, таму яны закадзіраваліся, сталі на шлях выпраўлення, павялі здаровы лад жыцця. Таму ў работнікаў кампетэнтных органаў былі ўсе падставы, каб у чэрвені 2009 года вярнуць школьніцу Васіліну ў сям’ю. Але, як кажуць, нядоўга музыка іграла — бацькі сарваліся з маральна-этычных тармазоў, зноў пасябравалі з Бахусам. І пайшло-паехала… Дзе п’янка, там халодныя і галодныя дзеці. Да таго ж бацькі жывілі сябе ілюзорнымі патаемнымі думкамі: маўляў, раз вярнулі дзіцёнка ў сям’ю, то назад не забяруць…


Але не тут тое было: такія сем’і заўсёды знаходзяцца пад пільным патранажам. Належным чынам адсочваюцца як мясцовымі органамі ўлады, так і адпаведнымі структурамі ў райцэнтры. Васіль Шапель і Валянціна Рослая ўхіляліся ад выканання бацькоўскіх абавязкаў па выхаванню сваёй дачкі, таму на падставе артыкула 80 Кодэкса аб шлюбе і сям’і былі пазбаўлены бацькоўскіх правоў. І што ім цяпер заменіць радасць бацькоўскіх пачуццяў, родную дачушку з прыгожым імем Васіліна?


С. ВЕЧАРОВЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.