Кожная прафесія важная

Адпрацаваўшы трыццаць гадоў прыбіральшчыцай службовых памяшканняў у сярэдняй агульнаадукацыйнай школе №1 райцэнтра, Ніна Чарнушэвіч ніколькі аб тым не шкадуе, бо лічыць, што кожная прафесія важная па-свойму. Галоўнае, каб яна прыносіла карысць людзям.


Клопатаў у прыбіральшчыцы вучэбнай установы вельмі шмат. Толькі празвініць званок на ўрокі, як Ніна Васільеўна бярэцца за швабру, бо патрэбна вільготнай анучай выцерці падлогу на калідорах. Чысціня ж — гэта залог здароўя школьнікаў. Справа ў жанчыны спорыцца. Кожны метр падлогі школы навявае ёй успамін. Некалі і яна была вучаніцай гэтай навучальнай установы. Прывозілі іх сюды аж з Грэбеня. Бывала, што і бегалі, і дурэлі на гэтых калідорах. Але дзяцінства для Ніны Васільеўны скончылася хутка. Можа б і пайшла куды вучыцца далей, але бацькі моцна захварэлі, і ёй прыйшлося самой заняцца іх гаспадаркай. Працаўладкоўвацца прыйшла ў школу, дзе вучылася. Да яе праблем аднесліся з разуменнем, прапанавалі заняць вольнае месца прыбіральшчыцы. Яна пагадзілася, хаця і заробак невялікі, і працаваць даводзілася нямала. Работы не баялася, з маленства прывучылі.


— На любым месцы працы патрэбны старанне і адказнасць, — гаворыць Ніна Васільеўна. — Можа і падалася б куды ў іншае месца, але калектыў тут вельмі добрым аказаўся. Многія знаёмыя падтрымлівалі. А там сям’я, дзеці, прывыкла да школы, да гаманлівага гулу дзяцей, іх гарэз, таму і засталася. Ды і мае ў гэтай школе вучыліся, усё ж пад наглядам былі. Вось ужо тры дзесяцігоддзі ў першай школе. І ўнучак тут будзе вучыцца. Для нас яна як сямейная.


— Нашы прыбіральшчыцы —сапраўдныя майстры,— зазначае Алена Птушко, дырэктар навучальнай установы. — Яны не толькі чыста прыбяруць на калідорах і ў класах, своечасова пададуць званок на ўрок і з яго, летам яшчэ і рамонт у школе робяць. Многае іх рукамі створана тут.


Абслугоўваючы тэхнічны персанал школы складае 21 чалавек. І ад іх працы ў немалой ступені залежыць поспех у вучобе дзяцей. Ды і да стварэння камфортных умоў для навучання яны таксама маюць прамое дачыненне. Таму і паважаюць гэтых працаўнікоў у навучальнай установе. Асабліва такіх як Ніна Васільеўна, што сумленна адпрацавалі ў школе многія гады свайго жыцця.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.