Любоў да песні паяднала

“Ад сям’і з паклонам і надзеяй” — пад такой назвай нядаўна прайшоў фестываль сямейнай творчасці. Заключны гала-канцэрт гэтага мерапрыемства адбыўся ў актавай зале Жыткавіцкай дзіцячай школы мастацтваў. Фестываль засведчыў, як многа ў нашым раёне таленавітых сем’яў, дзе любяць і шануюць народную песню, бацькі перадаюць гэты бясцэнны скарб сваім дзецям. Таму са сцэны выступалі не толькі дуэты і трыо, а і цэлыя самадзейныя сямейныя ансамблі. Арганізатарам гэтага сямейнага свята з’яўляецца раённы цэнтр фальклору пад кіраўніцтвам Ганны Лой.


Кожны нумар фінальнага канцэрта прыносіў вялікую асалоду прысутным у зале. І гэта невыпадкова, бо падчас занальных тураў журы адабрала самыя лепшыя нумары. Таму канцэртная праграма вызначалася высокім выканальніцкім майстэрствам выступоўцаў, якіх гледачы падтрымлівалі гарачымі апладысментамі.


Сапраўды, на сцэну выходзілі сем’і, песня для якіх з’яўляецца надзейным спадарожнікам у жыцці. Напрыклад, муж і жонка Іван і Марыя Малькевічы з Грабава. Спяваюць яны разам не адзін год. І станчыць народныя танцы могуць выдатна. Ды яшчэ ў самадзейным ансамблі мясцовай установы культуры актыўны ўдзел прымаюць. І на гэтым фестывалі яны парадавалі ўсіх добрай народнай песняй. А дуэт Лінкевічаў з Мілевіч. Творчасць яго спявачкі Ніны Лінкевіч вядома далёка за межамі роднай вёскі. Са сваімі прыпеўкамі яна не раз выступала на розных раённых мерапрыемствах. На творчым сямейным спаборніцтве яна таксама выканала іх, выклікаўшы хвалю смеху і гарачых апладысментаў у гледачоў і членаў журы. Ды і песенны багаж жанчыны вельмі багаты. Сямейны ансамбль Аляксандра і Любові Варановічаў з вёскі Грэбень увогуле ўжо налічвае тры пакаленні. Падчас фестывалю падрыхтаваны імі канцэртны нумар выконвалі бабуля і дзядуля, дачка і ўнукі. Унучку да песеннай творчасці далучае і Кацярына Санец з Чэрніч. На фестывалі яны разам з дваюраднай сястрой выступілі трыо. Нумар сямейнага дуэта Марыі і Рыгора Саскевічаў з Пагоста не інакш як маленькай музычнай пастаноўкай і не назавеш. Сапраўдны вадэвіль атрымаўся, настолькі муж і жонка ўдала даводзілі ў песеннай форме, хто з іх больш прапіў дабра з хаты. Арыгінальна выканаў песню “Ты ж мяне падманула” дуэт Віктара і Ірыны Юнчыцаў таксама з Пагоста. І такіх вясёлых і прыгожых нумароў было прадэманстравана са сцэны падчас заключнага канцэрта фестывалю вельмі шмат. Што і казаць, больш дваццаці фіналістаў сабралася на гэтым творчым конкурсе. І колькі б не доўжылася спаборніцтва, але яно, як і любая справа, мае сваё лагічнае завяршэнне. Аб гэтым абвясцілі члены журы, якія вызначылі пераможцаў фестывалю. У намінацыі “ансамблі” першае месца было прысуджана сямейнаму ансамблю Катовіч, які прадстаўляў Новазалюціцкі сельскі клуб. Другое і трэцяе месцы ў сямейных ансамбляў Варановічаў (Грэбеньскі сельскі клуб) і Рагалевічаў (Дзякавіцкі сельскі Дом культуры). У намінацыі «трыо” першае месца заняло трыо В. Хацяновіч, якое прадстаўляла Ленінскі сельскі Дом культуры. Другімі тут сталі Галіна Тулупава і яе ўнукі, прадстаўнікі Бялёўскага СДК, а трэцімі — сямейнае трыо Валянціны Козел — з Хлупінскага СДК. У дуэтаў месцы размеркаваліся наступным чынам: першае — ў сямейнага дуэта Юнчыцаў з Пагосцкага сельскага клуба, другое — у Надзеі Нагорнай і яе дваюраднай сястры з Ленінскага сельскага Дома культуры і трэцяе — у прадстаўнікоў Дварэцкага гарадскога Дома культуры бацькі і дачкі Катлярчук. Прыз глядацкіх сімпатый дастаўся сямейнаму дуэту Саскевічаў з Пагосцкага сельскага клуба. Падвялі журы і вынікі ў намінацыі “дэкаратыўна-прыкладная творчасць”. З вырабамі сямей можна было азнаёміцца на спецыяльнай выставе. Першае месца прысуджана майстрам з сям’і Надзеі Некрашэвіч, якія прадстаўлялі раённы цэнтр фальклору. Другімі ў гэтай намінацыі сталі майстры з сям’і Анатоля Макарэвіча з Чырванаборскага СДК, трэцяе — у майстроў сям’і Валянціны Хацяновіч з Ленінскага сельскага Дома культуры. Усе пераможцы і прызёры былі ўзнагароджаны ганаровымі дыпломамі. Іх уручыў канкурсантам начальнік аддзела культуры Сяргей Агіевіч.


Фестываль завяршыўся. Мерапрыемства пакінула шмат станоўчых эмоцый. І не толькі ад выступлення канкурсантаў, але і сямейнага ансамбля Абібок з Запясочча. Дадзены імі міні-канцэрт нікога не пакінуў раўнадушным. Некаторыя нават і патанчылі пад задорную музыку, што выконвалася гэтым самадзейным калектывам. І яшчэ чым парадаваў фестываль, што шмат новых таленавітых сем’яў было адкрыта на ім, а значыць, жыць і квітнець народнай песні, народным промыслам, развівацца сямейнай творчасці. Нездарма ж у назве мерапрыемства прысутнічае слова “надзея”. Спадзяюцца ж заўсёды на лепшае. Будзем спадзявацца і мы, што праз тры гады, а менавіта праз такі час праходзіць мерапрыемства, сямейны фестываль запросіць зноў да сябе ў госці.


Сямейны ансамбль Варановічаў з Грэбеня добра ведаюць на Жыткаўшчыне: Аляксандр іграе і спявае, Любоў дэкламуе і таксама выдатна спявае. Па “сямейных сцежках” смела ідуць і дочкі, і ўнукі Варановічаў. Дарэчы, нядаўна сям’я і сябры Аляксандра Адамавіча віншавалі яго з юбілеем. Павіншуйма і мы! 


С. МІКАЛАЕЎ. НА ЗДЫМКУ: А. Варановіч з дачкой і ўнучкай у час гарадскога свята.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.