На агеньчык бібліятэкі

“Нягледзячы на развіццё тэлебачання і Інтэрнэту, бібліятэкі яшчэ доўга будуць запатрабаваны людзьмі і заставацца культурнымі цэнтрамі ў сельскай мясцовасці”, — так лічыць бібліятэкар Чырвоненскай сельскай бібліятэкі Таццяна Чарнагалова.


У гэтых словах увесь сэнс яе жыцця, бо жанчына вельмі любіць, калі кніга дастаўляе асалоду чалавеку, вучыць яго дабрыні, дае яму веды. Таццяна Іванаўна прыкладвае свае навыкі і ўменні для таго, каб людзі любілі кнігу і заходзілі на агеньчык бібліятэкі. Два дзесяцігоддзі яна працуе ўжо бібліятэкарам. Прычым, увесь гэты час на вёсцы. Напачатку ў Вятчынскай, затым Ляхавіцкай, а цяпер у Чырвоненскай сельскіх бібліятэках. У апошнюю мы і завіталі на днях. Таццяна Іванаўна сустрэла нас вельмі ветліва, нават прыйшла зараней, чым павінна была распачынаць свой працоўны дзень.


— Утульна і прыгожа ў вас тут, — адразу, як пераступілі парог бібліятэкі, адзначылі мы.


— Рамонт нядаўна толькі зрабілі, — патлумачыла гаспадыня ўстановы, — дзякуй раённаму аддзелу культуры, што выдаткаваў сродкі для гэтых мэт.


Сапраўды зроблена ў бібліятэцы пасёлка ўсё вельмі прыгожа, што таксама прыносіць наведвальнікам задавальненне. Іх на цяперашні час налічваецца 587 чалавек. Гэта жыхары населенага пункта самых розных узростаў ад школьнікаў да пажылых людзей. Шмат наведвае бібліятэку і моладзі.


— Многія ў нас маладыя людзі атрымліваюць спецыяльнасці ў вышэйшых навучальных установах, таму прыходзяць за рознымі неабходнымі вучэбнымі дапаможнікамі, ды і школьнікі пастаянна рыхтуюцца да заняткаў — расказвае Таццяна Іванаўна.


— А якую літаратуру яшчэ чытаюць?


— Найбольшай папулярнасцю карыстаецца так званая лёгкая літаратура: дэтэктывы, раманы пра каханне і іншыя. Хацелася б, каб больш чыталі сур’ёзнай літаратуры, менавіта яна найбольшы ўплыў аказвае на маральнае і эстэтычнае станаўленне асобы, — разважае бібліятэкар. — Але сучаснай такой літаратуры вельмі мала і цягнуцца да яе больш былыя настаўнікі.


Як адзначыла Таццяна Іванаўна, карыстаюцца попытам і перыядычныя выданні, асабліва расійскія. Але, на жаль, іх таксама недастаткова.


— Не ўсе цяпер могуць выпісаць перыёдыку, таму і ідуць у бібліятэку, каб пачытаць газеты і часопісы. Часта праглядваюць раённую газету “Новае Палессе”. Жыхарам цікава, што адбываецца ў раёне, — аналізуе схільнасці сваіх чытачоў Таццяна Іванаўна.


Увесь кніжны фонд Чырвоненскай бібліятэкі налічвае каля дзесяці тысяч экземпляраў самай рознай літаратуры. Ен пастаянна папаўняецца новымі кнігамі. І апошняе радуе бібліятэкара, бо ёй ёсць што прапанаваць сваім чытачам. Абавязкі бібліятэкара -– гэта не толькі выдача кніг, але яшчэ і наладжванне культурна- асветніцкай работы сярод насельніцтва. І ў гэтым плане ў Таццяны Іванаўны ёсць шматлікія напрацоўкі. Яна збірае матэрыялы пра гэтыя мясціны, пра людзей, што сваёй працай, здольнасцямі і іншымі добрымі ўчынкамі праслаўляюць гэтую зямлю, складае новы летапіс населенага пункта. Многа ладзіцца разнастайных мерапрыемстваў сумесна са школай, домам культуры, іншымі ўстановамі. Ходзяць на іх як дзеці, так і дарослыя. Часта гарыць святло ў бібліятэцы аж да ночы, бо людзям становіцца цікава і яны не спяшаюцца дадому.


Ёсць у бібліятэкара і актыўныя памочнікі. Гэта рабяты з гурткоў “Крынічка” і “Юны бібліятэкар”, якія працуюць пры бібліятэцы. Яны дапамагаюць Таццяне Іванаўне збіраць краязнаўчыя матэрыялы пра знакамітых землякоў, а таксама ў справах бібліятэчных, апісваюць літаратуру, запаўняюць карткі, рыхтуюць мерапрыемствы і многае іншае. Аб’ём жа работы вялікі.


Сваёй працай чырвоненскі бібліятэкар імкнецца рабіць усё так, каб яго справы не разыходзіліся з яго жыццёвымі прынцыпамі. Адзін з іх быў прыведзены вышэй. Напэўна таму і ідуць людзі з задавальненнем на агеньчык бібліятэкі, бо адчуваюць у ім усё тое лепшае, што патрэбна чалавеку -– цяпло і дабрыню.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.