На аснове партнёрства

Трымаць справаздачу перад дэлегатамі канферэнцыі прафсаюзнай арганізацыі КСУПа “Коленскае” яе старшыні Раісе Петрушкевіч было не сорамна. За пяць гадоў прафкамам гаспадаркі было зроблена нямала карысных спраў, што садзейнічала надзейнай абароне правоў членаў прафсаюзнай пярвічкі. Удзел у справаздачнай канферэнцыі прыняў старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Сяргей Месніковіч.


55 дэлегатаў, якія прысутнічалі на справаздачнай канферэнцыі, уважліва слухалі свайго прафсаюзнага лідара аб тым, што ж рабілася прафсаюзам па адстойванню іх працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў. Аналізуючы вынікі дзейнасці, Раіса Мікалаеўна найперш адзначыла, што ўсе тыя пазітыўныя моманты дасягнуты дзякуючы сумеснай працы прафкама і адміністрацыі сельгаспрадпрыемства, наладжанаму трываламу партнёрству паміж імі. Менавіта гэта і садзейнічала таму, што за апошнія гады ўдалося вырашыць мноства пытанняў. Гэта і тое, што ў апошнія гады не было затрымак з вытлатай заробкаў працаўнікам гаспадаркі. Ды і падраслі яны значна. Ажыццяўляліся выплаты ў поўным аб’ёме і пераможцам працоўных спаборніцтваў, умовы якіх таксама актыўна распрацоўваліся прафкамам.


Адзін з галоўных напрамкаў дзейнасці прафсаюза гаспадаркі — забеспячэнне бяспечных умоў працы і належных бытавых умоў. У гэтым плане праведзена атэстацыя рабочых месцаў, працаўнікі забяспечваліся спецвопраткай, аднавілі сваю дзейнасць і бытавыя пакоі на шэрагу вытворчых аб’ектаў, работнікі забяспечваліся падчас сельгаскампаній гарачым харчаваннем, арганізаваны падвоз да месца працы і да дому, і многае іншае. Аказвала сельгаспрадпрыемства дзейсную дапамогу сваім працаўнікам і па пасадцы, апрацоўцы і ўборцы участкаў, па нарыхтоўцы кармоў ўласнай жывёле. Хаця, як зазначалася Раісай Мікалаеўнай, па гэтаму напрамку яшчэ зроблена не ўсё, у прыватнасці, патрэбна палепшыць бытавыя ўмовы на руднянскай малочнатаварнай і таварнай ферме “Кольна” і іншае. Сумесна з адміністрацыяй прафкам праяўляў клопат і пра паляпшэнне жыллёвых умоў працаўнікоў. Многія з іх атрымалі новыя дыхтоўныя дамы і кватэры. Прафсаюзны камітэт нямала прыкладваў намаганняў па наладжванню культурна-масавай работы. Праводзіліся святочныя агеньчыкі, ушаноўваліся ветэраны, ладзіліся канцэрты на вытворчых участках і іншыя мерапрыемствы.


Не абышла ў сваім выступленні старшыня прафкама і хвалюючыя пытанні. У прыватнасці, ніхто з працаўнікоў не жадае аздараўлівацца, хаця прафкам на гэтыя мэты аказвае матэрыяльную падтрымку. Ды і па ажыўленню спартыўнага жыцця сярод працаўнікоў гаспадаркі таксама патрэбна яшчэ папрацаваць. Як паказала апошняя спартакіяда, дзе выступала каманда сельгаспрадпрыемства, ахвотнікаў займацца спортам маецца ў калектыве нямала.


Партнёрскія адносіны паміж прафкамам і адміністрацыяй будаваліся на аснове прынятага калектыўнага дагавора, палажэнні якога пастаянна ўдасканальваліся і кантраляваліся. Дарэчы, гэты дакумент спрыяе і выпрацоўцы сумесных дзеянняў па паляпшэнню працоўнай дысцыпліны і выкараненню заган у калектыве.


Справаздача прафсаюзнага лідара выклікала шмат станоўчых эмоцый у прысутных дэлегатаў. Таму абмеркаванне яе было ўсебаковым і шырокім. Выступоўцы Валянцін Карпаў, Васіль Пяшэвіч, Міхаіл Кісялёў, іншыя члены арганізацыі, Сяргей Месніковіч найперш засяродзілі ўвагу на той значымай ролі прафсаюза, якую ён адыгрывае ў розных сферах дзейнасці, адзначылі паспяховую работу прафкама, даўшы ёй толькі станоўчыя адзнакі.


На канферэнцыі яе ўдзельнікі заслухалі і справаздачу рэвізійнай камісіі.


Арганізавана прайшлі і выбары новага складу прафсаюзнага камітэта і яго старшыні. Адзінадушна працаўнікі сельгаспрадпрыемства аказалі свой давер Раісе Мікалаеўне Петрушкевіч. Старшынёй рэвізійнай камісіі абраны Васіль Пяшэвіч.


Відавочна, што давер мясцовыя працаўнікі аказалі годным і ініцыятыўным людзям, якія сваёй працай будуць і надалей стаяць на абароне іх правоў і інтарэсаў.


Завяршылася прафсаюзная справаздачная канферэнцыя працаўнікоў КСУПа “Коленскае” невялікім канцэртам артыстаў народнага ансамбля народнай песні “Сваты”, дарэчы, па ініцыятыве прафкама.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.