На шалях дабрыні і прыгажосці

Рычоўскі сельсавет па колькасці населеных пунктаў — адзін з найбольшых на Жыткаўшчыне: сюды ўваходзіць 7 вёсак. І жыццё ў гэтай своеасаблівай “дзяржаўнай сям’і” цэментуецца на мясцовым самакіраванні: работніках Савета, адзінаццаці дэпутатах ды сямі давераных асобах.


— У снежні, напярэдадні святаў, звычайна прынята падсумоўваць вынікі работы за год, — гаворыць старшыня сельсавета Уладзімір Атаманчук. — Настройвае на далейшыя перамены да лепшага тое, што мы дабіліся прыкметных станоўчых зрухаў у добраўпарадкаванні: у гэтую работу з большай актыўнасцю ўключыліся калектывы школ, клубаў, фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Лашчаць вока мясцовых і заезджых людзей новыя архітэктурныя формы. Здолелі мы разварушыць, пазбавіцца раўнадушша і гаспадароў многіх прыватных падворкаў. З большым імпэтам узяліся за знос пустуючых падмуркаў дамоў, і кампанію гэтую будзем працягваць і надалей. А цяпер вось — у пераднавагодніх клопатах. Працуем у цесным кантакце з участковымі і пажарнымі. Складзены графікі дзяжурстваў. Узятыя пад пільны кантроль пытанні тэхнікі бяспекі, забароны прымянення піратэхнічных прыстасаванняў.


Усё вырашаюць самі вяскоўцы, кіраўнікі мясцовых працоўных калектываў, дэпутаты і давераныя асобы. І калі гаворка заходзіць пра найбольш прадпрымальных і ініцыятыўных, а дакладней тых, да каго больш горнуцца людзі, давяраюць ім сваё набалелае, кроўнае і вераць, што гэты чалавек сапраўды табе дапаможа, успрыме тваю трывогу і бяду як сваю, то Уладзімір Атаманчук у ліку першых называе дэпутата па Сямурадскай выбарчай акрузе №7 Таццяну Бабарыка.


Вось ужо два дзесяткі гадоў працуе гэтая паважаная жанчына загадчыцай фельчарска-акушэрскага пункта ў вёсцы Старажоўцы. Яна абслугоўвае і жыхароў вёсак Сямурадцы і Хачэнь. Акрамя неадкладнай медыцынскай дапамогі, яна робіць пацыентам аздараўленчыя працэдуры, выконвае прадпісанні і прызначэнні ўрача, праводзіць вялікую прафілактычную і санітарна-асветніцкую работу сярод вясковых жыхароў. Людзі ўдзячны ёй за чулае сэрца, за адкрытасць душы, за высокі прафесіяналізм, за тое, што яна нікога не пакіне ў бядзе і заўсёды прыйдзе на дапамогу.


Дэпутат 25-га склікання Таццяна Бабарыка заўсёды стараецца з поўнай адказнасцю вырашаць усе жыццёвыя пытанні, з якімі да яе звяртаюцца землякі. А галоўныя наказы выбрашчыкаў два: дапамагчы зрабіць ямачны рамонт дарогі на вуліцы Школьная ў вёсцы Старажоўцы і ўзвесці мост цераз рэчку Сцвіга.


Масты, што і казаць, гэта “ахілесава пятка” мясцовага сельскага Савета. У ранейшыя часы іх было аж чатыры, а цяпер застаўся толькі адзін ля вёскі Бярэжцы. Вось і плануецца ў перспектыве зрабіць бетонны мост цераз Сцвігу ці, хутчэй за ўсё, два драўляныя. А пакуль што лясныя ўгоддзі, ворыва і сенакосы адрэзаныя ад вясковых падворкаў, ад мясцовага сельгаспрадпрыемства, знаходзяцца ў зарэчнай зоне. І дэпутат Таццяна Бабарыка разам з другімі калегамі і мясцовым кіраўніцтвам думае над паспяховым вырашэннем гэтай надзвычай вострай і злабадзённай праблемы.


А яшчэ ў гэтай працавітай, добразычлівай жанчыны ёсць занятак па душы. У свабодную часіну яна любіць вышываць “крыжыкам” іконы, пейзажы, нацюрморты. І ніводнай сваёй работы не прадала. Дорыць сябрам, родзічам ад чыстага сэрца. А на кожную працу часам ідзе тры, чатыры месяцы. Адну з яе ікон дачка перадала нават у Кіева-Пячэрскую лаўру. “Няхай яна дапамагае людзям выздараўліваць”, — пажадала Таццяна Фёдараўна Бабарыка.


С. ВІЛЬЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.