На творчым узлёце

Нягледзячы на свой параўнальна невялікі жыццёвы і працоўны вопыт, маладой настаўніцы гімназіі Вользе Гурскай пашчасціла пабываць як у многіх мясцінах роднай Беларусі, так і па-за яе межамі, і ў першую чаргу ў Германіі, бо звязала яна свой лёс з вывучэннем і выкладаннем нямецкай мовы.


Яе карані, як і карані яе бацькоў, тут — у Жыткавічах. Сем класаў закончыла ў сярэдняй агульнаадукацыйнай школе №1 райцэнтра, а затым завяршыла сваю школьную вучобу ў новым трохпавярховым будынку, што ветліва расчыніў дзверы для дзяцей у 1991 годзе ў сярэдняй школе №3.


У школе перш за ўсё падабаліся нямецкая мова, гісторыя і геаграфія. Трывалыя веды ды фартуна ёй спрыялі, і адразу пасля школы яна становіцца студэнткай Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, вучыцца на гісторыка-юрыдычным факультэце па спецыяльнасці гісторыя і нямецкая мова. Настойлівасці, цярпенню і вялікаму жаданню дзяўчыны вучыцца і шмат ведаць можна толькі па-добраму пазайздросціць: калі школу яна закончыла з сярэбраным медалём, то ўніверсітэт з чырвоным дыпломам.


Свой першы ўрок Вольга дала ў школе, адкуль і пайшла ў самастойнае жыццё, — №3 горада Жыткавічы. Працавала тут настаўніцай пяць гадоў, год выкладала гісторыю, а чатыры — нямецкую мову. А затым два з палавінай гады настаўнічала ў Калінкавічах.


— Але сэрцу не загадаеш і мяне зноўку пацягнула на радзіму, — прызнаецца Вольга Сяргееўна. — Вось і працую з мінулага года, калі адкрылася гімназія, настаўніцай нямецкай мовы. Згодна стаўкі ў меня тут 18 гадзін у тыдзень, да таго ж вяду два факультатывы: “Краіназнаўства” ў 11 класе і “Асновы перавода” ў дзевятым. Есць і трэці платны факультатыў.


Нездарма кажуць, што працяг настаўнікаў — у іх вучнях, і той сапраўдны педагог, выхаванец якога пойдзе далей яго. У гэтым сэнсе Вользе Гурскай ужо ёсць чым і кім ганарыцца. Так, у 2005 годзе яе школьніца-выхаванка атрымала на рэспубліканскай алімпіядзе дыплом 3 ступені. А прызнаннем заслуг Вольгі Сяргееўны стала ўзнагароджанне яе пасведчаннем аб прэміі за подпісам губернатара Гомельскай вобласці. У мінулым годзе яе вучаніца 11 класа Юлія Шугля заняла першае месца ў раённай алімпіядзе па нямецкай мове, а на абласной атрымала дыплом 3 ступені.


Энтузіяст сваёй справы Вольга Гурская з тых людзей, пра якіх паэт ад іх імя сказаў: “Не буду я стаяць на раздарожжы, вачыма сумнымі глядзець удалечынь…” Яна — заўсёды ў пошуку, у творчым неспакоі, у рабоце над удасканаленнем сябе і сваіх вучняў. У мінулым годзе, напрыклад, прыняла актыўны ўдзел у конкурсе, які праводзіць інстытут Гётэ ў Германіі і адзін са шматлікіх філіялаў якога знаходзіцца ў Мінску. У бягучым годзе з 8 па 28 лістапада ў Германіі яе ветліва прымалі прадстаўнікі федэральнай зямлі Нордрайн-Вестфален. Ішоў актыўны абмен думкамі, вопытам, Вольга Сяргееўна бліжэй знаёмілася з сістэмай нямецкай асветы, давала ўрокі знаёмства з нашай культурай. Мэта — наладзіць больш цесныя стасункі паміж дзвюма гімназіямі. Між іншым, вось ужо дзевяць гадоў запар яна суправаджае нашых дзяцей на адпачынак у Германію. У сваім творчым імкненні Вольга Сяргееўна Гурская нагадвае сабой няўрымслівы паруснік, які настойліва імчыць да акрэсленай мэты па пругкіх хвалях. Дык няхай у яго ветразі дзьмуць толькі спадарожныя ветры.


С. КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.