Прадпрыемства: час патрабуе стратэгіі. Правільнай

Дзень кіраўніка як форма ўзаемадзеяння паміж органамі раённай улады і кіраўніцтвам прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, саветам наймальнікаў заўсёды праходзіць у значнай ступені нетрадыцыйна і з карысцю для ўсіх зацікаўленых бакоў: ёсць магчымасць зрабіць своеасаблівыя агледзіны падчас наведвання не толькі вытворчых баз, але і месца працы кіраўніка, спецыялістаў, парадавацца за іх поспехі, нешта “запазычыць” для сябе, і адначасова пашырыць свае веды па актуальных пытаннях, з вырашэннем якіх кіраўнікі сустракаюцца даволі часта.


Чарговы Дзень кіраўніка ў мінулы панядзелак стартаваў на вытворчай базе АТУП-16 з наведваннем дзвюх дыягнастычных станцый. Калег сустракаў Віктар Бугук, дырэктар аўтапрадпрыемства, які распавёў аб дзейнасці ўзначальваемага ім калектыву. Пахваліцца кіраўніку было чым: у аўтапарку сапраўды апошнім часам адбыліся карэнныя пераўтварэнні. Найперш, яны датычыліся аднаўлення тэхнічных сродкаў амаль на 100%, што дало магчымасць стварыць бяспечныя ўмовы перавозкі пасажыраў, забяспечыць значна большую ўтульнасць і якасць паслуг.


Прадпрыемства магутна “завалодала” ў рэгіёне такой нішай, як дыягностыка ўсіх відаў аўтамабіляў, абсталявала належным чынам месцы яе правядзення, і атрымлівае адпаведныя дывідэнды ад гэтай патрэбнай справы. Калі дыягнастычная станцыя легкавых аўтамабіляў фізічных і юрыдычных асоб “кідае свой позірк” у плане абслугоўвання толькі ў межах раёна, то праводзіць дыягностыку МАЗаў сюды дабіраюцца з суседніх раёнаў. І, зразумела ж, што такі падыход — стратэгія кіраўніцтва аўтапрадпрыемства на далейшае развіццё і захаванне калектыву, павелічэнне яго творчага патэнцыялу — своечасовы і правільны. Зразумела, што і з эстэтыкай як на тэрыторыі прадпрыемства, так і ў офісных памяшканнях, дзе створаны выдатныя ўмовы для працы спецыялістаў, тут усё ў парадку. Шмат каму з кіраўнікоў не шкодзіла б пераняць такі вопыт.


Увогуле, апошнія словы хацелася паўтараць зноў і зноў, калі кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў наведвалі ААТ “Сатурн-1”. Бадай, ніводнае з прадпрыемстваў раёна не працуе ва ўмовах крызісных з’яў так, як гэтая прыватная структура. 13 з паловай мільярдаў — такі фінансавы вынік па вырабленай прадукцыі атрымалі сатурнаўцы на чале з Міхаілам Саскевічам, дзякуючы аднойчы правільна выбранай стратэгіі развіцця. Не дапускаючы нават думкі і магчымасці вырабу няякаснай прадукцыі, акцыянернае таварыства трывала займела сярод партнёраў такіх гігантаў-заказчыкаў як Беларуская чыгунка, Беларуськалій і Мінскі метрапалітэн. Прадпрыемства развіваецца шпаркімі тэмпамі, створаны выдатныя ўмовы працы і адпачынку, будуецца новы цэх і набываецца высокатэхнічнае абсталяванне. А пачуўшы ад кіраўніка “Сатурна” лічбы па заробку, а сярэдняя зарплата тут складае амаль два мільёны рублёў, многія з прысутных толькі ўздыхнулі…


Выдатнае ўражанне пакінулі яшчэ дзве структуры — раённы вузел электрычнай сувязі і філіял Белпошты. Як звонку, так і знутры тут наведзены парадак, сучаснае афармленне залаў для абслугоўвання кліентаў, у выдатным стане — офісныя памяшканні. Асабліва прыемна было запрасіць да сябе кіраўнікоў раёна — Наталлі Туравец, дырэктару РВЭС. Дзякуючы фінансавай падтрымцы абласной структуры ўкладзены немалыя сродкі ў рэканструкцыю і рамонт офісных памяшканняў вузла сувязі. Пастараліся і два працоўныя калектывы: чысціня і парадак наведзены на тэрыторыі. Зразумела, не сорамна было прыняць калег і начальніку РВПС Ягору Шабаеву. Ім, кіраўнікам, сапраўды шмат чаму можна павучыцца ў наведаных прадпрыемствах і структурах, асабліва ў плане рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў.


У зале пасяджэнняў райвыканкама адбылася другая, пленарная частка Дня кіраўніка. Яна насіла больш вучэбна-канстатуючы характар. Падрабязна, на канкрэтных прыкладах вяла размову аб эканоміі імпартуемых энергарэсурсаў, выкарыстанні новых відаў паліва і другасных энергарэсурсаў з пазіцыі максімальна магчымых з пункта гледжання эканамічнай мэтазгоднасці аб’ёмаў начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Аліна Чорная. У сваю чаргу начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Міхаіл Зубко правёў аналіз выканання заданняў па энергазберажэнню ў розных галінах эканомікі раёна і агучыў шэраг недахопаў, над якімі патрэбна яшчэ нямала папрацаваць. Выступленне кіраўніка энерганагляду Сяргея Чорнага датычылася рацыянальнага выкарыстання цеплавой энергіі: акцэнты былі расстаўлены на значнае скарачэнне страт энергарэсурсаў і на магчымых мерапрыемствах, якія варта праводзіць, каб гэта адбылося на справе.


Не меншай увагай кіраўнікоў завалодалі начальнік упраўлення працы, занятасці і сацыяльнай абароны насельніцтва Наталля Макарэвіч і начальнік міжраённай інспекцыі па ахове працы Анатоль Якімовіч. У арганізацыях нашага раёна назіраецца значны рост траўматызму, у тым ліку са смяротным зыходам (з цяжкім — у ААТ “Жыткавічлес”, са смяротным — у ДЛГУ “Жыткавіцкі лясгас”). Акрамя гэтага, у суб’ектах гаспадарання зафіксавана 8 выпадкаў вытворчага траўматызму, якія не аднесены да разраду цяжкіх. Выступоўцы акцэнтавалі ўвагу на захаванні нормаў аховы працы, прафілактычнай рабоце.


Падвёў вынікі Дня кіраўніка старшыня райвыканкама Мікалай Какора. Ен станоўча ацаніў намаганні кіраўніцтва і працоўных калектываў АТУП-16, ААТ “Сатурн-1”, раённага вузла электрасувязі і філіяла Белпошты па стварэнню належных умоў працы для сваіх працаўнікоў і заклікаў не спыняцца на дасягнутым. Кіраўнік раёна закрануў і іншыя актуальныя пытанні, у тым ліку якія датычыліся тэмы праведзенага Дня кіраўніка “Рацыянальнае выкарыстанне рэсурсаў — патрабаванне часу”. Мікалай Какора падкрэсліў, што правільна выбраная стратэгія развіцця любога прадпрыемства — аснова поспеху пры належнай арганізацыі працы калектыва, яго матэрыяльнага і духоўнага дабрабыту.


Было вырашана, што чарговы Дзень кіраўніка будзе праведзены ў першым квартале наступнага года. Дзяліцца набыткамі і вопытам будуць такія раённыя структуры, як “Агратэхсервіс”, “Жыткавічыхімсервіс” і “Жыткавіцкі камунальнік”.


У рабоце Дня кіраўніка браў удзел старшыня райсавета дэпутатаў В. Атліванаў.


У. ГАЎРЫЛОВІЧ, “НП”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.