Як “набраць вышыню” маладому спецыялісту?

У раёне добрай традыцыяй стала арганізоўваць сустрэчы з маладымі спецыялістамі, якія прыбылі на Жыткаўшчыну пасля заканчэння вышэйшых і сярэдніх спецыяльных вучэбных устаноў. І гэта не выпадкова, паколькі кіраўніцтва раёна надае вялікае значэнне прафесійнаму станаўленню і духоўнаму развіццю маладых людзей. Цёплай, шчырай, пазнавальнай і карыснай атрымалася такая чарговая сустрэча, на якую былі запрошаны 150 юнакоў і дзяўчат.


Аддзел па справах моладзі райвыканкама арганізаваў іх сустрэчу з прадстаўнікамі мясцовай улады, кіраўнікамі ўстаноў і грамадскіх арганізацый. Моладзі было цікава пазнаёміцца з кіраўнікамі раёна, а кіраўнікоў не менш цікавіла новае папаўненне: пра што думаюць маладыя спецыялісты, з якімі праблемамі сутыкнуліся, зрабіўшы свае першыя крокі ў прафесіі.


Прысутных прывітаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Какора, які распавёў удзельнікам сустрэчы аб спецыфіцы раёна, яго геаграфічнай, культурна-гістарычнай значнасці, аб тым, як замацоўваліся маладыя кадры ў папярэднія гады, больш падрабязна спыніўся на аграрным сектары эканомікі, забяспечанасці жыллём, у тым ліку маладых спецыялістаў і маладых сем’яў, аб перспектывах іх службовага росту.


— На вас, — адзначыў ён, — мы ўскладваем вялікія спадзяванні і імкнемся дапамагаць станаўленню. 12 маладым спецыялістам, што прыбылі на працу ў сельгаспрадпрыемствы сёлета, выдзелена ведамаснае жыллё. У гэтым годзе 70 маладых сем’яў атрымалі льготныя крэдыты на будаўніцтва ўласнага жылля на суму каля чатырох мільярдаў рублёў, на працягу года 25 маладых сем’яў атрымалі фінансавую падтрымку дзяржавы для пагашэння не льготных крэдытаў на будаўніцтва ці набыццё жылля… Жыткаўшчына — добры плацдарм для паспяховай кар’еры. Мы будзем уважліва сачыць за вашымі поспехамі, стараннем, працавітасцю. Самых таленавітых, якія валодаюць лідэрскімі якасцямі, будзем вылучаць на кіруючыя пасады. Наватарскія прапановы, перспектыўныя ідэі будуць намі толькі прывітацца і заахвочвацца, адзначыў старшыня райвыканкама.


Аб рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў раёне ў бягучым годзе падрабязна распавёў начальнік аддзела па працы з моладдзю Дзяніс Гаўрылаў. Былі агучаны многія цікавыя прыклады як паспяховай працы, так і ўдзелу моладзі ў грамадскім жыцці раёна. Таксама прагучалі вынікі праведзенага анкетавання сярод маладых спецыялістаў, якім прапаноўвалася адказаць на шэраг пытанняў: як іх сустрэлі ў працоўным калектыве, як уладкавалі сваё жыццё і арганізавалі адпачынак, да якой дзейнасці праяўляюць цікаўнасць, ці плануюць застацца назаўсёды на Жыткаўшчыне. Вынікі анкетавання засведчылі нярадасны факт: моладзь не праяўляе асаблівай цікавасці да грамадскай дзейнасці. Аднак створаны нядаўна савет маладых спецыялістаў, па словах Д.Гаўрылава, будзе ў бліжэйшай перспектыве рэалізоўваць нямала ініцыятыў і стаўленне маладых людзей павінна змяніцца да лепшага. Ен заклікаў маладых спецыялістаў удзельнічаць у маладзёжных мерапрыемствах, стаць іх арганізатарамі на месцах. Тады жыццё будзе цікавым і поўным.


Для маладога чалавека вельмі важна вырашыць жыллёвую праблему, стварыць сям’ю, набыць усё неабходнае для нармальнага жыцця ў бытавым плане. Растлумачыць, як вырашыць многія пытанні ў межах дзеючага заканадаўства дапамаглі адказныя спецыялісты.Так, пытанні жыллёвага будаўніцтва, а гэта першапачатковая патрэба чалавека, асвятліла Валянціна Яцкевіч, галоўны спецыяліст аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама. Аб прававым статусе маладых спецыялістаў расказала старшы памочнік пракурора раёна Святлана Баранава. Аб фізкультурна-аздараўленчым і спартыўным руху вёў размову начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама Уладзімір Саўчыц.


Ад маладых спецыялістаў выступіла галоўны эканаміст КСУП “Коленскае” Аксана Тарасевіч:


— Я радая, што патрапіла на працу ў моцны, добразычлівы калектыў. З дзяцінства я люблю зямлю, вёску. Бо сама вясковая, з Рыдчы, што ў нашым раёне. Напачатку патрапіла ў КСУП “Ленінскі”, але праз тры месяцы гаспадарка была расфарміравана. Мяне пераразмеркавалі на працу ў КСУП “Коленскае”. Здаецца, тут увесь калектыў быў гатовы мне дапамагчы. Добрыя стасункі склаліся з кіраўніком Валянцінам Карпавым, які дапамог з пераездам, жыллём. Усё гэта палягчае першыя крокі ў прафесіі. Задаволена і заробкам, умовамі працы. Спадзяюся, што гэтае месца працы стане пастаянным…


Добра працуе дазнавацель аддзела дазнання папярэдняга расследавання РАУС, малады спецыяліст 2008 года, Уладзімір Герасіменка. А пачынаў у мінулым годзе ён участковым інспектарам. Кар’ерны рост, па яго словах, адбыўся дзякуючы падтрымцы ўсяго калектыву аддзела ўнутраных спраў…


Адказваючы на пытанні прадстаўнікоў вертыкалі ўлады аб першых уражаннях аб працоўным месцы, горадзе, раёне, маладыя людзі сыходзіліся ў меркаванні, што жыткаўчане (у шырокім сэнсе — усе жыхары раёна) ветліва прымаюць новых спецыялістаў у свае калектывы, дапамагаюць парадай, добрым словам і пэўнымі справамі.


Маладыя спецыялісты праявілі зайздросную актыўнасць і пры правядзенні другой часткі сустрэчы. Яны мелі магчымасць задаць праблемныя пытанні, адрасаваныя як раённаму кіраўніцтву, так і спецыялістам службаў. Тэмы выплаты пад’ёмных і даплат, забеспячэння маладых настаўнікаў жыллём у аграгарадках, у горадзе, напаўненне праграмы дзеянняў па паляпшэнню працы з маладымі спецыялістамі канкрэтыкай, пераразмеркаванне ў сувязі са змяненнем сямейнага становішча, адсутнасць дастатковага вулічнага асвятлення і неабходнасць ямачнага рамонту ў раёне Бярэжжа райцэнтра — з’явіліся непасрэдным сведчаннем таго, што некаторыя дзяўчыны і юнакі збіраюцца працаваць і жыць у раёне пасля двух гадоў адпрацоўкі. А гэта вельмі важна для раёна і яго развіцця.


У завяршэнне мерапрыемства Мікалай Какора праінфармаваў аб сітуацыі, якая склалася сёлета з напаўненнем і выкананнем раённага бюджэту, пажадаў усім поспехаў і адзначыў, што маладыя спецыялісты могуць звяртацца ў раённы выканаўчы камітэт па ўсіх праблемах і цяжкасцях, якія ўзнікаюць як у пытаннях жыццёвых, так і працоўных.


Як мне падалося, маладыя спецыялісты зразумелі, што іх чакалі ў раёне, што ім рады і гатовы зрабіць усё, каб яны тут замацаваліся, адбыліся як прафесіяналы ў сваёй справе, стварылі сем’і, пабудавалі жыллё, увогуле, пусцілі глыбокія карані. Гэта — галоўнае. Невыпадкова ж выразы “Сардэчна запрашаем у раён!” і “Жыткаўшчына – добры плацдарм для паспяховай працы” — гучалі неаднаразова на гэтым мерапрыемстве ў раённым Доме культуры.


Дасье “НП”


У 2007-2008 гадах у раён прыбылі 306 маладых спецыялістаў. Праз два гады ў раёне засталіся 165 чалавек (52%), астатнія пераехалі ў іншыя месцы. З 59 маладых спецыялістаў, якія працавалі ў гэты перыяд у АПК, 33 (56%) засталіся працаваць у сельскай гаспадарцы.


Дасье “НП”


Свае першыя крокі маладыя людзі робяць ва ўстановах адукацыі і аховы здароўя, у сельгаспрадпрыемствах і прамысловым комплексе, на аб’ектах гандлю, і ў шматлікіх іншых галінах. Усяго ў 2009 годзе ў раён прыехалі 152 маладыя спецыялісты. З іх: 115 чалавек – выпуснікі вышэйшых і сярэдне-спецыяльных навучальных устаноў, астатнія закончылі прафтэхвучылішчы. У бюджэтнай сферы задзейнічана 62 спецыялісты, у сельгаспрадпрыемствы размеркавана 25.


У. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.