Жыццё людзей – імпульс для дзейнасці мясцовай улады

Мноства карысных спраў на тэрыторыі Людзяневіцкага сельсавета праведзена па ініцыятыве мясцовай улады. Як зазначыў старшыня Савета Юрый Волчык, многае ўдалося вырашыць паспяхова, дзякуючы сумеснай працы выканкама сельсавета, арганізацый і насельніцтва. Тэрыторыя Людзяневіцкага сельсавета немаленькая. Адных толькі населеных пунктаў на ёй налічваецца трынаццаць, дзе пражывае 2355 чалавек. Асноўнае, над чым працавалі і Савет дэпутатаў, і выканаўчы камітэт, — гэта эканамічнае і сацыяльнае развіццё тэрыторыі Савета. Найперш, былі прыняты ўсе неабходныя меры для таго, каб насельніцтва аддаленых вёсак былога Браніслаўскага сельсавета маглі своечасова атрымліваць неабходную дапамогу ў вырашэнні сваіх праблем. Таму ў кожным населеным пункце старшынёй і сакратаром выканаўчага камітэта праводзіліся прыёмы вяскоўцаў, на якіх даваліся кансультацыі і тлумачэнні па ўзнікшых пытаннях, выдаваліся неабходныя даведкі і дакументы.


Дзейнасць сельскага Савета дэпутатаў, выканаўчага камітэта была накіравана і на паляпшэнне таго ўзроўню жыццядзейнасці насельніцтва, які быў дасягнуты за апошнія гады. Дзякуючы чаму населеныя пункты намнога пераўтварыліся і папрыгажэлі. У 2006 годзе вёска Людзяневічы атрымала статус аграгарадка. Шмат было зроблена ў гэтым населеным пункце і для яго жыхароў. Работы па добраўпарадкаванню аб’ектаў сацыяльнай сферы працягваюцца і зараз. І не толькі дзяржава пастаралася палепшыць выгляд населенага пункта, але і яго жыхары прыклалі для гэтага намаганні. За ўласныя сродкі яны ўстанаўліваюць новыя агароджы, малыя архітэктурныя формы, высаджваюць кветкі, падтрымліваюць ля сваіх сядзіб парадак. Як вынік такой працы — падворкі грамадзян сельсавета прызнаюцца лепшымі ў раённых конкурсах. Так, сядзібы загадчыка структурнага падраздзялення “Людзяневіцкая амбулаторыя агульнай практыкі” Эдуарда Кацубы і яго жонкі Святланы з Людзяневіч і Васіля і Таццяны Рудніцкіх з вёскі Вільча занялі першае месца ў спаборніцтве на лепшы маладзёжны падворак раёна. Па выніках 2008 года лепшай сядзібай раёна прызнана сядзіба Уладзіміра і Алены Піскун з Дзедаўкі. Шмат сіл і старання прыкладзена гэтымі людзьмі на добраўпарадкаванне сваіх двароў, навядзення там прыгажосці. Што радуе, такіх гаспадароў становіцца ў сельсавеце ўсё болей. Прыгажосцю і непаўторнасцю вызначаюцца сядзібы У. Клімовіча, М. Лісовіча, В. Шчура, Г. Шарабурака, М. Асіпенка, У.Пупенкі, Е. Цырыбка з аграгарадка Людзяневічы, А. Прылуцкай, Л. Бароўскай, І. Семянюк з Дзедаўкі, А. Касцюка, Н. Баран з Беразіны.


Накіроўваць дзейнасць людзей органам мясцовай улады актыўна дапамагаюць давераныя асобы сельскага Савета дэпутатаў, якія маюцца ў кожным населеным пункце. Актыўным памочнікам і абаронцам, што адстойвае інтарэсы свайго населенага пункта, з’яўляецца давераная асоба з вёскі Беразіна Аляксандр Касцюк. Ен своечасова інфармуе насельніцтва аб неабходнасці навядзення парадку ля сваіх падворкаў. Па яго ініцыятыве ўстаноўлены ўяздны знак з назвай населенага пункта. На вясковай вуліцы ўсё больш устанаўліваецца новых агароджаў, малых архітэктурных форм, добраўпарадкуецца тэрыторыя ля бібліятэкі-клуба.


Давераная асоба па вёсцы Дзедаўка Валянціна Шырай змагла сабраць людзей на суботнік па ўборцы мясцовых могілак. Арганізавала жанчына і збор дабраахвотных узносаў з людзей і з дапамогай выканкама ўстаноўлена 800 метраў агароджы ў населеным пункце. Таксама гэтай даверанай асобай сабраны грошы і на новую жалезабетонную агароджу на могілкі. Яе ўстаноўлена 90 метраў. Увогуле, Дзедаўка за апошні час значна папрыгажэла. Тут усё больш становіцца непаўторных добраўпарадкаваных сядзіб, людзі пачалі выносіць свае архітэктурныя формы з двароў на вуліцы. І гэта правільна, неабходна, каб прыгажосцю любаваліся не толькі самі гаспадары, але і праязджаючыя людзі. Падцягнуліся ў гэтым населеным пункце ў плане добраўпарадкавання і аб’екты сацыяльнага прызначэння. Прыкладам для пераймання па стварэнню прыгожага з’яўляецца і тэрыторыя Браніслаўскага ВВК “Базавая школа-дзіцячы сад”, Людзяневіцкай амбулаторыі, Людзяневіцкай агульнаадукацыйнай школы, дзіцячага садзіка і іншыя. Выканаўчы камітэт чакае істотных змен у гэтай дзейнасці і ад аб’ектаў гандлю. Хочацца, каб на тэрыторыі і ля іх красаваліся кветкі і малыя архітэктурныя формы. Гэта павевы нашага часу.


Шэфскую дапамогу па добраўпарадкаванню выканаўчаму камітэту аказалі і гарадскія арганізацыі, якія замацаваны за Саветам рашэннем Жыткавіцкага райвыканкама. Так, ПМК- 76 вырабілі і даставілі металічныя вароты, якія ўстанавілі на могілках вёскі Дзедаўка. Калектывы АСП “Каапгандаль”, “Гасгандаль”, “Прадгандаль” Жыткавіцкага райпа, установы “Жыткавіцкі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” набылі фарбу і ўласнымі сіламі пафарбавалі агароджу ў гэтым населеным пункце. На жаль, не ўсе арганізацыі аказалі пасільную падтрымку сельскаму выканкаму. Напрыклад, адмовілі ў дапамозе ААТ “Пратон-М”, чыгуначная станцыя Жыткавічы.


Сельскім Саветам дэпутатаў вялікая ўвага надаецца выкананню Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 лютага 2006 года №70. На цяперашні час на тэрыторыі сельсавета засталося 22 пустуючыя дамы, па якіх не вызначыліся спадчыннікі. На 330 домаўладанняў грамадзяне напісалі заявы і ажыццяўляюць догляд за будынкамі, і выкарыстоўваюць іх месяц для пражывання. На працягу трох гадоў сіламі саміх грамадзян, выканаўчага камітэта, КСУПа “Людзяневічы” на тэрыторыі сельсавета знесена 115 непрыдатных для жылля дамоў. За апошні год такіх знесена 47. Нямала папрацавалі ў гэтым плане рабочыя сельвыканкама В.Лагун і П. Шчур. На месцы знесеных домаўладанняў будуюцца новыя дамы, або па жаданню людзей участкі выдзяляюцца пад агароды. Гэта таксама станоўча адбіваецца на знешнім выглядзе вёсак. Канечне, ёсць пэўныя праблемы. У прыватнасці, прыбіраць фундаменты цяжка. Зрабіць гэта без сродкаў складана. У лістападзе бягучага года сельскаму выканаўчаму камітэту было выдзелена 10,4 мільёна рублёў, якія былі накіраваны на знос падмуркаў. За гэтыя сродкі тэхнікай КСУПа “Людзяневічы” прыбрана 40 падмуркаў у вёсках Савета. Яшчэ патрэбна выканаць гэтую работу на 60 падмурках. У Савеце спадзяюцца, што фінансаванне гэтай дзейнасці будзе працягнута.


Насельніцтва сельсавета актыўна прадае лішкі малака дзяржаве. У прыватнасці, гэта жыхары Людзяневіч, Доўгай Дубровы, Сялко, Дзедаўкі. Напрыклад, у Доўгай Дуброве пражываюць адны пенсіянеры, аднак яны на сваіх падворках утрымліваюць 12 кароў. Людзі гэтай вёскі прадалі дзяржаве з пачатку года больш за 21 тону малака, або па 1760,3 кілаграмы ў разліку на адну карову. Работа па закупу малака ў насельніцтва наладзілася пасля таго, як за гэтую справу ўзяўся прадпрымальнік Васіль Баліч. За год ні разу не было збояў у закупачнай дзейнасці, хаця ў прадпрымальніка было нямала праблем і з той жа тэхнікай. Але малако збіраецца ва ўсіх вёсках, нават у Загацці, дзе на падворках маецца толькі дзве каровы. Выканкам аказваў дапамогу прадпрымальніку ў арганізацыі вызначэння якасці закупляемага малака, разлікаў з малаказдатчыкамі за здадзеную прадукцыю. За гэты год прадпрымальнікам закуплена ў насельніцтва больш 320 тон малака.


Работа Людзяневіцкага сельскага Савета дэпутатаў, выканаўчага камітэта ўсебаковая, і няма такой галіны, за якую б яны не адказвалі. Праўду кажуць, што да ўсяго ёсць справа сельвыканкаму. Дастаткова сказаць, што на тэрыторыі сельсавета выконваюцца сацыяльныя стандарты, кантралюецца работа аб’ектаў гандлю і аховы здароўя, культуры, вулічнага асвятлення. Зладжаная ж работа ўсіх без выключэння кіраўнікоў арганізацый і ўстаноў, якія маюцца на тэрыторыі сельсавета, спрыяе далейшаму паляпшэнню жыццядзейнасці людзей.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.