А ты салдат…

Напачатку гэтага тыдня дванаццаць юнакоў з нашага раёна былі накіраваны ў вайсковыя часці. Першая каманда прызыўнікоў будзе праходзіць службу ў танкавым злучэнні. Усяго ж падчас гэтай прызыўной кампаніі ў розныя роды войскаў будуць накіраваны прыкладна паўсотні юнакоў з нашага рэгіёна.


Адпраўка на службу для работнікаў ваеннага камісарыята — кампанія вельмі адказная, ды і клопатная. Таму і нагадвае райваенкамат растрывожаны вулей. Асабліва перад яго дзвярыма шматлюдна, бо па традыцыі прызыўнікоў прыходзіць правесці мноства сяброў і родных. Безумоўна, што пасля развітальных вечарын многія госці яшчэ знаходзяцца пад уздзеяннем застолля. Таму на першым плане для спецыялістаў ваенкамата — забяспечыць належны парадак. Гэтаму садзейнічае і спецыяльны нарад работнікаў міліцыі.


Забеспячэнне парадку — толькі частка клопатаў перад пасадкай прызыўнікоў у аўтобус. Яшчэ супрацоўнікам камісарыята патрэбна правесці неабходны інструктаж з будучымі салдатамі, даць ім параду, перагледзець дакументы і многае іншае. Ды і апошні медагляд — справа абавязковая. Усё ж армія патрабуе здаровага папаўнення.


“Здравія жадаем, таварыш падпалкоўнік”, — дружна падскокваюць хлопцы са сваіх месцаў, вітаючы ваеннага камісара. Даць наказ хлопцам, папярэдзіць іх ад неабдуманых учынкаў для Мікалая Барысавіча Акунца з’яўляецца традыцыяй. І найпершае, што ён гаворыць хлопцам, каб па прыбыцці ў часць яны адразу напісалі бацькам, паведамілі ў лісце аб сваім здароўі , калі будзе прысяга, а самае галоўнае, не наракалі, што цяжка ў арміі. Служба ва ўсе часы была справай нялёгкай, але ганаровым абавязкам. Канешне, на першых парах скажацца развітанне з родным домам, блізкімі і сябрамі. Але гэта толькі на першым часе. Далей пад уздзеяннем армейскіх будняў гэты смутак стане не такім цяжкім. Хаця для многіх хлопцаў развітанне з домам будзе не так ціснуць псіхалагічна. Яны вучыліся у цывільных навучальных установах, нехта і папрацаваць паспеў. Нездарма ж яны папаўняюць танкавыя злучэнні, бо маюць адпаведныя спецыяльнасці.


Канешне, кожнага хлопца турбуе, як яму ўдасца ўліцца ў новы калектыў, заваяваць там належны аўтарытэт. Хваляванне чытаецца ў іх паводзінах. Нехта многа жартуе, іншы, засяроджана моўчкі думае. Але духам прызыўнікі не падаюць.


У арміі ў іх усё наперадзе. Тут, у двары райваенкамата, яна для іх і пачынаецца. Тут не просяць ветліва “Прайдзіце, калі ласка, на пастраенне, а ўжо аддаюць суровую вайсковую каманду: “ У калону па два станавіся!” Хаця вось рукой падаць прыветна махаюць табе бацькі, завуць сябрукі, але каманда камандзіра перасільвае, каб пабегчы да іх і яшчэ раз абняцца. Ты ўжо салдат.


У аўтобус складзены рэчы. Перад пасадкай ваенны камісар дазваляе яшчэ раз удыхнуць цяпло цывільнага жыцця і па-добраму развітацца са сваімі роднымі. Каманда на пасадку, і хлопцы імкліва займаюць свае месцы ў аўтобусе. Некалькі гадзін у дарозе і яны стануць сапраўднымі абаронцамі Айчыны.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.