Для ўсіх нас працуе лясгас

Лясныя абшары, упрыгожаныя блакітнымі карункамі рэк і азёр, — такой паўстае тэрыторыя Жыткавіцкага лясгаса. Лес шчодра адорвае чалавека ўзамен на штодзённы клопат пра памнажэнне яго зялёнага багацця. І за гэтай спадчыннай прыгажосцю нельга не бачыць штодзённую адказную і няпростую работу шматлікага калектыву дзяржаўнай лесагаспадарчай установы “Жыткавіцкі лясгас”.


Лясгасаўская сядзіба, дзе дамінуе прыгожы сучасны адміністрацыйны будынак, адметная ў райцэнтры, хаця і знаходзіцца неяк наводшыбе. Хаця, з другога боку, гэта ўпаўне правільна і зусім апраўдана: бліжэй да яго – свайго зялёнага царства… Уваходзім сюды і яшчэ на парозе гэтага галоўнага штаба лесаводаў раёна адчуваецца гаспадарлівая, клапатлівая рука, якая ўмее ствараць прыгажосць. Дарэчы, і адміністрацыйныя будынкі 11 лясніцтваў таксама падаюць узор сучаснага ландшафтна-афармляльніцкага густу, яны сталі ўтульнымі куточкамі прыроды ў сваіх вёсках. Тут добра ведаюць, што гэта развітваюцца па розуму, а знаёмяцца — па вопратцы… Жарты жартамі, а для гонару работнікаў нашай лясной гаспадаркі варта зазначыць, што і вопратка, і рэальнае напаўненне яе прадуктыўнымі задумамі, ідэямі, іх увасабленне тут узаемазвязаныя.


У Год роднай зямлі тут у першую чаргу значную ўвагу надалі пасадцы лесу, заклікалі далучыцца да гэтай высакароднай справы ўсе школьныя лясніцтвы, грамадскасць. У выніку карпатлівай працы вясной і восенню лесаўзнаўленчыя работы былі праведзены на 300-гектарнай плошчы, а сяўба і пасадка новых зялёных насаджэнняў – на 250 гектарах. Дарэчы, саджанцы і сеянцы бяруцца з уласных гадавальнікаў, пад кожны з якіх у лясніцтве адведзена па 10-15 сотак дагледжанай палянкі. Гэта выключна эканомна, зручна, па-гаспадарску, бо не трэба марнаваць час і паліва ў пошуках насеннага матэрыялу ў іншых лясгасах. Да таго ж заўсёды можна прасачыць, як растуць, цягнуцца да сонейка твае гадаванцы, прызначаныя для высадкі на плошчах лесаўзнаўлення.


Калі браць вынікі работы калектыва за 11 месяцаў мінулага года, то догляд у маладняках быў праведзены на плошчы 472 гектары. На высечках было нарыхтавана 37,7 тысячы кубаметраў ліквіднай драўніны, у тым ліку 17,3 тысячы кубічных метраў дзелавой.


Усе можа лес: напаіць з рэчкі ці крыштальнай крынічкі, накарміць ягадамі, грыбамі, арэхамі, схаваць, сагрэць, парадаваць спевамі птушак, прыгожымі мясцінамі. Вось толькі сам сябе абараніць не можа. І перш за ўсё ад пажараў і браканьерства, галоўнымі “носьбітамі” якіх быў і застаецца чалавек. Летась на тэрыторыі лясгаса мелі месца 14 выпадкаў пажараў. Самае вялікае ўзгаранне ахапіла плошчу ў 5 гектараў, а ў цэлым “чырвоны певень” пакінуў гарэльнікі на плошчы, што перавышае 10 гектараў.


У цэлым за студзень-лістапад 2009 года лясгасам было прыцягнута інвестыцый у асноўны капітал на развіццё вытворчасці на 5 мільярдаў 296 мільёнаў рублёў. Гэтая немалая сума фінансавых сродкаў вылілася ў лініі лесапілення, сартыроўкі, сушыльны комплекс італьянскай вытворчасці. Да таго ж набылі акорачны станок, два аўтамабілі МАЗ, пагрузачна-тралёвачную машыну, чатырохбаковы станок, драбільную ўстаноўку, заклалі падмурак двухкватэрнага дома для маладых сямей работнікаў гаспадаркі.


Побач з лесаўзнаўленчай стабільна, упэўнена развівалася і вытворчая дзейнасць. У дзеючых цэнах было выраблена прадукцыі на 4 мільярды 520 мільёнаў рублёў, а ў супаставімых цэнах – на 4 мільярды 250 мільёнаў рублёў, што склала 118,9 працэнта да 11 месяцаў 2008 года. За гэты адрэзак часу было вывезена 38738 кубічных метраў драўніны, выпушчана 7734 кубічныя метры піламатэрыялаў, альбо 131,4 працэнта да адпаведнага перыяду папярэдняга года. У такія краіны далёкага замежжа як Нідэрланды і Бельгія, Швецыя і Германія, Польшча і Літва пастаўлена лесапрадукцыі на экспарт на 886 тысяч долараў ЗША.


Напрыканцы вясны 2008 года ў лясгасе, які стаў наватарам у гэтай справе ў нашай рэспубліцы, была наладжана вытворчасць драўляных гранул-палетаў. За 11 месяцаў 2009 года іх было выпушчана 2617 тон. Гранулы карыстаюцца вялікім попытам у спажыўцоў за мяжой, рэнтабельнасць іх рэалізацыі дасягнула 16,9 працэнта.


Жывы, энергічны струмень у вытворчы працэс лясгаса ўнеслі як выпуск новай прадукцыі — палетаў, так і дзейнасць новых італьянскіх ліній па лесапіленню і сартыроўцы. Дастаткова сказаць, што мясцовы цэх па перапрацоўцы драўніны і раней у Гомельскім аб’яднанні на працягу трох гадоў у працоўным саперніцтве займаў сярод аналагічных вытворчых падраздзяленняў першае, другое і трэцяе месца, а ў мінулым годзе за ўсе тры кварталы быў лідэрам і назаўсёды пакінуў у сябе пераходны сцяг.


Усё, што выходзіць са станкоў, выстаўляецца на продаж: як на экспарт, так і на ўнутраны рынак. Да месца заўважыць у сувязі з гэтым, што наш раён карыстаецца рэпутацыяй прывабнага дачнага месца, тут шмат запаведных мясцін, прыгожых куточкаў. Таму многія купляюць старыя сялянскія хаты, адбудоўваюць іх пад лецішча, другое жыллё. Вось чаму піласартымент лясгаса запатрабаваны таксама і для гэтых мэтаў .


Адным з немалаважных накірункаў дзейнасці лесагаспадарчай установы ў мінулым годзе было развіццё паляўнічай гаспадаркі, захаванасць як расліннага, так і жыллёвага свету. Своеасаблівым штабам усіх гэтых работ стаў цэнтр рыбалоўства, палявання і развіцця экатурызму на возеры Белае. На вядзенне паляўнічай гаспадаркі было выдзелена 53,4 мільёны рублёў. Праводзіўся комплекс біятэхнічных мерапрыемстваў: высеяны кармавыя культуры на 5 гектарах палёў, абсталяваны кармушкі, павеці, завезены саланцы. На возеры Белае ў мінулым годзе адпачывала звыш 600 жадаючых з самых розных рэгіёнаў рэспублікі, а таксама з суседніх краін, за паслугі было выручана 72,2 мільёна рублёў даходаў.


— Нягледзячы на крызісныя з’явы, мы для работнікаў захавалі ўсе льготы, зацверджаныя ў калектыўным дагаворы, які быў прыняты ў сакавіку 2009 года, —расказала намеснік дырэктара па ідэялагічнай рабоце Надзея Шабаева. — Гэта своечасовая выдача спецвопраткі, бяспечныя ўмовы працы, бытоўкі, пакоі прыёму ежы, трэнажорная зала, тэніс, більярд. Мы ўпэўнены: створым належныя ўмовы працы і адпачынку — будзе і поспех. Мы ставім задачу, каб кожнае структурнае падраздзяленне працавала вынікова, каб захаваць калектыў, які налічвае звыш 400 чалавек. Прычым, калі не лічыць сезонных рабочых, ён ў нас стабільны. Зарплата таксама нядрэнная.


Не без уліку гэтых абставін уладкавацца на працу ў лясгас жадалі б многія. Аднак ляснікі, іншыя спецыялісты патрэбны не толькі ў горадзе, а часцей у іншых месцах раёна, у лясніцтвах. З мясцовых прэтэндэнтаў іх і трэба набіраць. Таму лясгас і за свой кошт рыхтуе кадры патрэбнага профілю. Вось і зараз па накіраванню ў Беларускім тэхналагічным універсітэце і Бранскай акадэміі (Расія) вучацца 3 дзяўчынкі.


Стымулам для працоўнай актыўнасці людзям выступае спаборніцтва сярод лясніцтваў, майстэрскіх участкаў, леснікоў, вадзіцеляў, трактарыстаў. Пераможцы адзначаюцца маральна і матэрыяльна. Па выніках апошніх гадоў у спаборніцтве сярод лясніцтваў верхнія радкі займаюць Мілевіцкае, Жыткавіцкае, Беразняцкае лясніцтвы.


Аповед пра наш лясгас быў бы няпоўным, калі б мы не падкрэслілі такую акалічнасць: яго кіраўніцтва і ўвесь калектыў сапраўды жывуць творчым пошукам, даследніцтвам, эксперыментарствам. На базе гаспадаркі праходзіць нямала семінараў па обмене вопытам, прыезджыя чэрпаюць тут нямала ідэй для рэалізацыі іх у сябе з мэтай павышэння эфектыўнасці вытворча-гаспадарчай дзейнасці.


С. КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.