Інтэрнат у падарунак

Напярэдадні Новага года будаўнікі ПМК-76 зрабілі цудоўны падарунак прафесійнаму тэхнічнаму вучылішчу №182. Навучэнцам установы здадзены пасля рэканструкцыі будынак інтэрната. Як зазначыў дырэктар вучылішча Уладзімір Друк, гэта будзе адзін з лепшых інтэрнатаў, што маюць пры прафтэхвучылішчах вобласці. Такая ацэнка новаму аб’екту кіраўніком навучальнай установы дадзена невыпадкова. Тут створаны ўсе ўмовы для камфортнага пражывання выхаванцаў.


Аднаго погляду на знешні выгляд будынка інтэрната ўжо дастаткова, каб ацаніць старанні будаўнікоў. Хаця і пачалі яны працаваць на гэтым аб’екце толькі летам, але паспелі за такі кароткі перыяд ператварыць непрыгляднае памяшканне даўно пакінутай казармы ў прыгожы сучасны будынак. Шатровы дах, новыя вокны і дзверы, прыведзеныя ў парадак сцены і іншае — усё сведчыла, што дзяржаўнымі грашамі, на рэканструкцыю выдаткавана больш мільярда рублёў, распарадзіліся па-гаспадарску.


На высокім узроўні праведзены і ўнутраныя будаўнічыя работы.


Цяпер выхаванцы вучылішча заняты прыемнымі клопатамі. Яны ўстанаўліваюць у пакоях новую мэблю і іншае неабходнае абсталяванне. Аб яго набыцці кіраўніцтва навучальнай установы паклапацілася зараней. Купілі не толькі ложкі, сталы, шафы, але і тэлевізары, пральныя машыны, кухонныя пліты — усе, што спатрэбіцца для жыцця навучэнцам.


— Акрамя жылых пакояў у інтэрнаце прадугледжаны і душавыя, пральня з сушылкай, пакой адпачынку, кухні, — расказвае Уладзімір Іосіфавіч пра ўмовы ў новым інтэрнаце. — Дарэчы для нашай установы неабходнасць у такім аб’екце наспела даўно. І вельмі добра, што гэта адбылося. Яшчэ адным “плюсам” новага інтэрната кіраўніцтва вучылішча лічыць і тое, што ён знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад вучэбнага корпуса. А гэта станоўча скажацца і на вучэбнай і выхаваўчай дзейнасці.


З увядзеннем у строй новага інтэрната ў вучылішчы не завершыцца аднаўленне і ўмацаванне матэрыяльнай базы. Плануецца, што і сталовая будзе, і яшчэ адзін інтэрнат для навучэнцаў. Аб’екты былой вайсковай часці, для рэканструкцыі на гэтыя мэты ёсць. Есць спадзяванне, што у новым годзе на іх закіпяць будаўнічыя работы.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.