Месца сустрэчы – вясковы клуб

У тым, што іх жыццё-“быццё”, клопаты і надзеі не забыліся і не забываюцца, жыхароў вёскі Чэрнічы яшчэ раз пераканала нядаўняя сустрэча ў мясцовым клубе з “агітцягніком” райвыканкама.


Старшыня Азяранскага сельсавета Сяргей Аксёнчык, пасля першых прывітальных слоў прадставіў кіраўніка прыезжай групы намесніка старшыні Жыткавіцкага райвыканкама Валерыя Рагалевіча, які ў сваю чаргу назваў прысутным членаў групы і запрошаных прадстаўнікоў розных раённых служб.


Пасля кароткага выступлення Валерыя Маркавіча пра задачы ў новым годзе, які аб’яўлены годам якасці ў нашай рэспубліцы, і пра тыя сацыяльна-эканамічныя задачы, што стаяць сёлета перад Жыткаўшчынай, людзям была прадастаўлена магчымасць задаваць хвалюючыя іх пытанні. Што ж цікавіць, непакоіць вяскоўцаў? Гэта стан, добраўпарадкаванне мясцовых дарог, адлоў і адстрэл бадзяжных сабак. Шмат пытанняў прагучала на сельскагаспадарчую тэматыку: апрацоўка бульбяных палеткаў, выдзяленне сенакосаў, выпіска зерня, другіх відаў фуражу, кошт усіх гэтых паслуг.


Не адмоўчваліся людзі і пры сустрэчы ў клубе суседняй вёскі Пагост. Адна з самых набалелых тут тэм — гэта нізкі тэмпературны рэжым у памяшканні фельчарска-акушэрскага пункта. Як і ў Чэрнічах, гучалі тут таксама пытанні пра вырошчванне бульбы, догляд кармавых буракоў на грамадскіх палетках. У сваіх выступленнях вясковы люд таксама ўзнімаў пытанні магчымай вясновай паводкі і рыбалоўства, руху грамадскага аўтамабільнага транспарту і санітарыі.


На адныя пытанні адказы былі дадзены адразу, другія знаходзяцца ў стадыі прапрацоўкі, але ўсе яны занатаваныя і ўзяты пад кантроль.


А пасля сустрэч ў абодвух клубах мясцовыя работнікі культуры далі для вяскоўцаў канцэрты.


С. КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.