Сход засведчыў: ёсць порах у парахаўніцах

Што і казаць, дружна, арганізавана сабраліся пажылыя людзі Турава на свой ветэранскі справаздачны сход: у актавай зале мясцовага гарадскога Савета да 11 гадзін амаль усе месцы былі ўжо заняты. З аднаго боку яно быццам не павінна было здзівіць: тутэйшая ветэранская арганізацыя — адна з самых вялікіх на Жыткаўшчыне. Але ж улічваючы марознае надвор’е і нялёгкі стан дарог, як тым, што прыйшлі на “тураўскае веча” з кіёчкамі, так і тым бабулям і дзядулям, што пакуль яшчэ абыходзяцца без іх, варта з удзячнасцю сказаць: малайцы, заслужаная гвардыя, так трымаць і надалей. Значыцца, нераўнадушныя вы да таго, якім жыццём жыве ваш абвеяны легендамі сівой даўніны і разам з тым сучасны горад.


Вынікі работы савета ветэранскай арганізацыі за 2009 год падвёў яго старшыня Рыгор Бастун. Цяпер тут налічваецца 846 чалавек, у тым ліку 12 удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. У гарадской ветэранскай арганізацыі працуюць дзве цэхавыя і адна пярвічная арганізацыі ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Тураў”, якая рашэннем раёнага прэзідыума савета ветэранаў была пераўтворана з цэхавай у пярвічную.


У сваёй рабоце ветэранская арганізацыя кіруецца статусам Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў і Законам Рэспублікі Беларусь “Аб ветэранах”. Створаны і працуюць камісіі па сацыяльна-бытавому становішчу ветэранаў, па духоўна-патрыятычнаму выхаванню моладзі, па ўтрыманні ў парадку помнікаў баявой славы.


За справаздачны перыяд было праведзена шэсць пасяджэнняў савета ветэранскай арганізацыі, на якіх абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з сацыяльнай абаронай, бытавымі ўмовамі пражывання, медыцынскім абслугоўваннем ветэранаў (пенсіянераў), работы з моладдзю, абмяркоўваўся і зацвярджаўся план работы ветэранскай арганізацыі. Усе ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, вязні фашысцкіх лагераў, працаўнікі тыла, сем’і загінуўшых былі абследаваны сумесна з раённым тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнай дапамогі насельніцтва. Высвятляліся ўмовы жыцця людзей і прымаліся меры па іх паляпшэнню. А сацыяльная падтрымка ветэранаў ажыццяўляецца шляхам аказання ім адраснай дапамогі. Адзінокім і адзінока пражываючым ветэранам, якія страцілі здольнасць да самаабслугоўвання, дапамога аказваецца сястрынскім аддзяленнем бальніцы, дзе пражывае 40 ветэранаў вайны і працы. Усе ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны абследаваны і знаходзяцца пад кантролем участковага ўрача.


Як адзначыў у сваім справаздачным дакладзе Рыгор Аляксандравіч, некаторыя пенсіянеры абслугоўваюцца сацыяльнымі работнікамі на даму, за што прадстаўнікам цэнтра вялікі дзякуй за сапраўдны клопат аб гэтых людзях.


Савет ветэранаў актыўна ўзаемадзейнічае з кіраўніцтвам і прафсаюзнымі арганізацыямі прадпрыемстваў, устаноў Турава і знаходзіць з іх боку паразуменне праблем пенсіянераў. У калектыўныя дагаворы прадпрыемстваў і ўстаноў уключаны пункты па аказанню дапамогі ветэранам, што пайшлі на заслужаны адпачынак з той ці іншай арганізацыі. У святочныя дні тут віншуюць сваіх ветэранаў. Усе ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны замацаваны за прыватнымі гандлёвымі кропкамі, гаспадары якіх знаходзяць магчымасць уручыць ім падарункі.


Да таго ж члены савета ветэранскай арганізацыі — частыя госці ў дашкольных і школьных установах, клубах і бібліятэках. Сумесна з работнікамі культуры і асветы праводзяцца розныя сустрэчы, гутаркі, урокі мужнасці. Разнастайна і цікава праходзяць святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, Дню Перамогі, Дню незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Дню пажылых людзей, Дню маці і г.д.


Мясцовыя ветэраны — актыўныя ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці. Сапраўдным гонарам з’яўляецца ансамбль ветэранаў “Залаты ўзрост”, якому сёлета споўніцца 10 гадоў. Плённа працуе ветэранскі клуб “Забава”, у якім рэгулярна праводзяцца культурна-масавыя мерапрыемствы для пенсіянераў.


Сёлета будзе праводзіцца шмат значных мерапрыемстваў, сярод якіх выбары ў мясцовыя саветы, 65-я гадавіна перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, пленум грамадскага аб’яднання ветэранаў вобласці на базе Тураўскай гарадской ветэранскай арганізацыі, агляд пярвічных ветэранскіх арганізацый. І ўсе яны патрабуюць ад савета ветэранаў яшчэ больш актывізаваць сваю работу.


У спрэчках па дакладу слова ў ліку першых было прадстаўлена паважанаму ў акрузе чалавеку, ветэрану Вялікай Айчыннай вайны і працы Аляксандру Блоцкаму. Ен, у прыватнасці, спыніўся на пытаннях выхавання падрастаючага пакалення, больш цеснай сувязі з усімі групамі насельніцтва, паколькі расце злачыннасць сярод моладзі, непаўналетніх. Што ж, Аляксандру Еўстаф’евічу, як кажуць, і карты ў рукі. Па-першае, за яго плячыма багаты жыццёвы вопыт, па-другое, у гарадской ветэранскай арганізацыі ён з’яўляецца старшынёй камісіі па рабоце з моладдзю.


Свае крытычныя заўвагі выказала ў час спрэчак старшыня пярвічнай арганізацыі адкрытага акцыянернага таварыства “Тураў” Аляксандра Дземянкова. У калектыве перапрацоўшчыкаў шмат людзей пажылога ўзросту, толькі яны разрозненыя, прадстаўленыя самі сабе. Не збіраюць іх, як раней, разам напярэдадні тых ці іншых важных падзей, святаў, лічаць, відаць, што для гэтага патрэбная лішняя капейчына… Крытыкавала Аляксандра Міхайлаўна нізкую культуру людзей, і ў першую чаргу моладзі, у гандлёвых кропках, гарадскую антысанітарыю, цікавілася далейшым лёсам памяшканняў былога гаспадарча-разліковага ўчастка і лазні.


Слушным было выступленне сакратара гарадской ветэранскай арганізацыі Людмілы Гваздзюкевіч. Яна гаварыла пра саюз слова і справы, пра каэфіцыент карыснага дзеяння нашых сустрэч, сходаў і абяцанняў. У свой час запэўнілі, напрыклад, што не меней аднаго разу ў месяц у Тураве людзей будуць прымаць акуліст і неўрапатолаг, але па сённяшні дзень абяцанкі застаюцца цацанкамі. Правялі газавікі паліва на адну з вуліц, раскапалі дарогу і пакінулі ўсё як ёсць. І ніхто з іх за гэта спытаць не можа па ўсёй строгасці закона. Гаварыла Людміла Рыгораўна і пра дарагавізну гародніны ў мясцовым гандлі, пра чэрствыя адносіны да многіх людзей у горадзе з канкрэтнымі іх прозвішчамі.


Змястоўным і прынцыповым было выступленне на сходзе паважанага, вядомага на Жыткаўшчыне чалавека ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, былога медыцынскага работніка Ганны Бяляй. Агульны сэнс яе прамовы зводзіўся да таго, што агромністы патэнцыял умудроных вопытам, ветэранаў можна і трэба выкарыстаць на больш поўную моц. Есць тут яшчэ немалыя рэзервы. Трэба часцей збірацца разам, даваць усім больш канкрэтных даручэнняў і заслухоўваць справаздачы аб іх выкананні. Сама Ганна Іванаўна, нягледзячы на свой паважаны ўзрост, падае ў гэтай справе добры прыклад, бываючы пастаяннай і жаданай госцяю ў Тураўскай сярэдняй школе №1. Некалі, як добра помніць жанчына, у Тураве было 400 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, а цяпер засталося 12. Але чаму, акрамя іх, не запрашаць на сустрэчы са школьнікамі, акрамя франтавікоў і партызанаў, шматдзетных маці, заслужаных работнікаў сельскай гаспадаркі, настаўнікаў-наватараў, увогуле людзей цікавага лёсу, у якіх сапраўды ёсць чаму павучыцца?..


Пытанняў было шмат. А яно і не дзіўна, бо ў Тураве адну траціну часткі насельніцтва складаюць пенсіянеры. І на ўсе пытанні даў адказы ў сваім выступленні старшыня Тураўскага гарсавета Ігар Міцюрыч. А ў завяршэнне сваёй прамовы ён падзяліўся з прысутнымі перспектывамі развіцця горада Турава, якія, скажам без перабольшвання, прыемна, радасна здзіўляюць і настройваюць на самы аптымістычны лад.


У рабоце схода прыняла ўдзел і выступіла перад яго дэлегатамі і запрошанымі дырэктар раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай дапамогі насельніцтва Таццяна Казлова.


У састаў савета гарадской арганізацыі ўведзены Васіль Жылан — былы начальнік ДЭУ-111. Дыпломы і званне “ганаровы ветэран” атрымалі Ганна Іванаўна Бяляй і Аляксандр Еўстафьевіч Блоцкі.


Агульную рысу пад справаздачным сходам падвёў старшыня Тураўскай гарадской ветэранскай арганізацыі Рыгор Бастун.


А ў заключэнне добры настрой усім падарыў сваімі песнямі і частушкамі ансамбль ветэранаў “Залаты ўзрост”.


С. КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.