Вясна хутка. У “Коленскім” рыхтуюцца грунтоўна

Графікі падрыхтоўкі тэхнікі да палявых работ кіраўніцтва КСУПа “Коленскае” зацвердзіла адразу, як толькі машыны і агрэгаты былі пастаўлены на зімовае захоўванне. Ужо тады мясцовыя спецыялісты вызначыліся з аб’ёмам рамонтных работ, якую колькасць і якіх патрабуецца закупіць запчастак. Цяпер рамонтныя брыгады гаспадаркі прыкладваюць свае намаганні, каб усю тэхніку своечасова паставіць на “лінейку гатоўнасці”.


Асноўны тэхнічны патэнцыял сельгаспрадпрыемства знаходзіцца на машынным двары аграгарадка Кольна. Па словах дырэктара гаспадаркі Валянціна Карпава, рамонтнікі забяспечаны ўсім неабходным для працы. Хаця, што тычыцца яе ўмоў, тут маецца свая спецыфіка. Тыпавых майстэрняў на машынным двары няма, яны знаходзяцца ў прыстасаваных памяшканнях, дзе і працуюць рамонтнікі. Але гэтая акалічнасць ніколькі не ўплывае на якасць работ. Менавіта вышэйназваныя дзве катэгорыі з’яўляюцца асноўнымі пры налічэнні членам рамонтнага звяна заработнай платы. Таму падганяць, так бы мовіць, нікога з іх не патрабуецца.


Падрыхтоўку тэхнікі вядзем не толькі ў кольненскім гаражы, але і на машынным двары грэбянёўскага аддзялення, — распавядае пра арганізацыю работ Валянцін Карпаў. Там таксама працуе звяно рамонтнікаў, таму з зацверджанага графіка не выбіваемся, і ёсць усе падставы, што справімся своечасова.


Рамантуюць тэхніку працаўнікі гаспадаркі не толькі на сваёй базе. Скарыстоўваюць для гэтага і магчымасці раённага агратэхсервісу. Туды па разнарадцы пастаўлены збожжаўборачныя камбайны. Есць дамоўленасць з кіраўніцтвам арганізацыі, што ў майстэрнях агратэхсервіса спецыялісты гаспадаркі правядуць падрыхтоўку да палявых работ і энерганасычаных трактароў, іншых складаных агрэгатаў і машын.


У КСУПе “Коленскае”, увогуле, надаецца вялікае значэнне і праяўляецца належны клопат пра стан свайго тэхнічнага парку. Дзякуючы гэтаму ён пастаянна знаходзіцца не толькі ў добрым стане, але і абнаўляецца. Напрыклад, на тэхнічнае пераўзбраенне толькі за мінулы год сельгаспрадпрыемствам выдаткавана больш трох мільярдаў рублёў. Асноўная доля гэтых грашовых сродкаў кіраўніцтвам накіравана на набыццё новых машын і агрэгатаў. Амаль перад самым новым годам на машынным двары КСУПа з’явіліся новы энерганасычаны трактар “Беларус” і аўтамабіль МАЗ. Вынік такой дзейнасці, што гаспадарка з усімі палявымі работамі спраўляецца ўласнымі сіламі. Валянцін Мікалаевіч не сумняваецца, што і ў гэтым годзе таксама будуць набывацца новыя сучасныя машыны і агрэгаты. Па словах кіраўніка, усё гэта дасць магчымасць своечасова вырашаць пастаўленыя перад калектывам вытворчыя задачы падчас важных сельскагаспадарчых кампаній. Хаця на дварэ яшчэ стаяць траскучыя маразы і ляжаць гурбы снегу, час, калі патрэбна выходзіць на палеткі, чакаць сябе доўга не прымусіць. У “Коленскім” па традыцыі заўсёды пачынаюць палявыя работы першымі ў раёне і даволі зладжана. Каб гэтак жа было і сёлета, у майстэрнях сельгаспрадпрыемства зараз рыхтуюцца даволі грунтоўна.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.