Хрышчэнская вада дапаможа!

19 студзеня — Вадохрышча – апошняе свята каляднага цыкла: “Святое Хрышчэнне — і Калядам прашчэнне”. Згодна з “Паэзіяй беларускага земляробчага календара” А.С. Ліса, у гэты дзень, калі, згодна з праваслаўным календаром, святкавалася хрышчэнне Іісуса Хрыста, асвячалася вада.


Народ верыў у цудадзейную сілу такой вады і выкарыстоўваў пры розных бытавых выпадках і здарэннях: яе давалі піць хвораму, ёю апырсквалі новую хату перад тым, як засяліцца, і вуллі, каб лепш вяліся пчолы; хрышчэнскай вадой асвячалі поле перад сяўбою і труну, перш чым пакласці туды нябожчыка. Дзе-нідзе ў гэты дзень дазвалялася выконваць некаторыя сялянскія работы, забароненыя на працягу ўсіх Каляд. Напрыклад, жанчыны маглі ўжо часаць да гладкасці лён, для таго каб і цяляты вадзіліся гладкія. На Вадохрышча прыпадалі вялікія маразы, пасля якіх зіма паступова пачынала паварочваць на лета. У народзе казалі: “Трэшчы не трэшчы, прайшлі Вадохрышчы — не к Ражству, а к Пятру”, маўляў, большых маразоў ужо не будзе. Вадохрышча было днём, па якім арыентаваліся ў вызначэнні будучага надвор’я (“На Вадохрышча вельмі сцюдзёна — у жніво вельмі горача”), спрабавалі прадказаць і якасць будучага ўраджаю (“На Вадохрышча дзень цёплы — будзе хлеб цёмны”).


Ул. інф.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.