Як пражылі год: у працоўных калектывах

Адышоўшы год аграрыі раёна ў цэлым завяршылі паспяхова. Галоўным дасягненнем можна лічыць тое, што сельгасвытворцы, нягледзячы на крызісныя з’явы ў эканоміцы, змаглі выканаць заданне па тэмпу роста вытворчасці валавой прадукцыі на 108 працэнтаў. Станоўча на гэтым адбілася дзейнасць грамадскага сектара сельгасвытворчасці. Тут тэмп росту забяспечаны на 121,3 працэнта пры заданні 115 працэнтаў. Працаўнікі кожнага сельгаспрадпрыемства ўнеслі ў агульную справу свой уклад. Нехта меньшы, іншыя большы. Але важна не гэта. Важней, што ў кожным калектыве сельгаспрадпрыемства за прайшоўшы год было шмат значных падзей і дасягненняў, якія ў сукупнасці і далі станоўчы вынік.


Важкі колас


Сёлета ўрачыстае шэсце на раёным свяце “Дажынкі” адкрывалі прадстаўнікі камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Людзяневічы”. Гэты гонар працаўнікам гаспадаркі аказаны невыпадкова. Яны сталі прызёрамі раённага працоўнага саперніцтва на жніве. Мясцовыя хлебаробы добра пастараліся ў гэтым годзе, каб вырасціць багаты ўраджай хлеба. Тэмп росту валавога збору зерня да сярэдняга ўзроўню папярэдніх трох гадоў склаў 167 працэнтаў, выхад зерня з аднаго бала-гектара — 103 кілаграмы. Гаспадарка выканала план паставак зерня ў лік дзяржзаказу на 189 працэнтаў. Лепшыя вынікі на гэтым жніве паказалі камбайнеры Валерый Савіцкі і Мікалай Кулакевіч, вадзіцель Алег Шырай. Кожны працаўнік, спецыяліст унёс свой уклад у агульны гаспадарчы каравай. У многім гэтаму спрыяла і паляпшэнне матэрыяльнай базы, і закуп сучаснай тэхнікі, і старанне работнікаў гаспадаркі. Ужо гэтай восенню закладзена грунтоўная аснова для будучага ўраджаю. Усе маюць спадзяванне, што збор зерня будзе яшчэ большым. Для гэтага маюцца нядрэнныя перспектывы, а таксама неабходныя плошчы. Восенню да КСУПа “Людзяневічы” ў выніку рэарганізацыі далучаны КСУП “Ленінскае”. Менавіта за кошт інтэнсіфікацыі на прыдбаных у працэсе рэфармавання палетках і будзе дасягацца запланаваны вынік па нарошчванню аб’ёмаў збажыны.


Малочны прырост


КСУП “Бялёў” з’яўляецца бясспрэчным лідэрам па надою малака ў раёне. Па канцу года мясцовыя жывёлаводы практычна наблізіліся да пяцітоннага надою ад адной каровы. Прычым, прыбаўка забяспечана ў параўнанні з папярэднім годам больш чым на пяцьсот кілаграмаў. Тэмп росту вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі забяспечаны на 112,1 працэнта. Дасягненне бялёўскіх аператараў машыннага даення — гэта плён мэтанакіраванай працы за некалькі апошніх гадоў.


На малочнатаварным комплексе “Возера”, а менавіта тут утрымліваецца ўвесь дойны статак гаспадаркі, пастаянна ідзе абнаўленне. За невялікі перыяд тут з’явілася і новае халадзільнае абсталяванне, і на даенне ў малакаправод перайшлі, і кармленне жывёлы пачалі весці механізавана, і парадак належны навялі, і многае іншае. Паляпшэнне вытворчых працэсаў, а таксама трывалая кармавая база і прынеслі станоўчы вынік. Напрыклад, лепшы аператар машыннага даення сельгаспрадпрыемства Антаніна Віткоўская за мінулы год пераўзышла паказчык па надою малака ў пяць тысяч кілаграмаў ад адной каровы. Зазначым, у раёне не так і шмат аператараў машыннага даення, хто мае такое працоўнае дасягненне. Дарэчы, і аператар на адкорме маладняку Алена Таненя таксама можа ганарыцца вынікамі сваёй працы за мінулы год. Гадаванцы па яе групе прыбаўлялі за суткі больш чым па семьсот грамаў. Стараннасць жывёлаводаў падмацоўваецца матэрыяльнымі стымуламі. Заробкі ў КСУП “Бялёў” самыя высокія сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна. А гэта прамое сведчанне, што ў новым годзе яшчэ больш важкія вытворчыя дасягненні для мясцовых працаўнікоў стануць рэальнасцю.


Сіла ў адзінстве


Найбольш значнай падзеяй для сельгаспрадпрыемства “Коленскае” яго дырэктар Валянцін Карпаў лічыць, што за гэты перыяд удалося знітаваць адзінымі мэтамі працоўны калектыў. Як вядома, да КСУПа ў ходзе рэарганізацыі была далучана суседняя гаспадарка “Грэбянёўскі”. Мінулы год стаў першым, калі два калектывы працавалі як адзінае цэлае. Кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства зрабіла ўсё, каб новыя работнікі змаглі адчуць сябе паўнапраўнымі членамі калектыва, у які ўліліся. І адзін з такіх значных крокаў — аднаўленне і рэканструкцыя фермы ў вёсцы Рудня. Гэта дало магчымасць не толькі нарошчваць вытворчасць, але і даць працу тым работнікам, якія працавалі ў КСУПе “Грэбянёўскае”. Стварылі на гэтым структурным падраздзяленні не толькі добрыя ўмовы для працы, але і паклапаціліся пра бытавыя. Па словах Валянціна Карпава, год быў паспяховым па многіх пазіцыях, асабліва ў плане мадэрнізацыі вытворчасці. Гэтая праца дазволіла дабіцца тых вынікаў, якія маюцца цяпер на вытворчасці. Яны ж не самыя горшыя ў параўнанні з іншымі сельгасвытворцамі, таму КСУП “Коленскае” займае лідзіруючыя пазіцыі па вытворчасці прадукцыі ў раёне.


Раённы гігант сельгасвытворчасці


У працэсе рэарганізацыі такім стаў КСУП “Агра-Прыпяць” у мінулым годзе. Пад сваёй назвай гаспадарка аб’яднала практычна ўсіх сельгасвытворцаў Тураўшчыны.


Працэс рэфармавання ніколькі не паўплываў на выкананне тых задач, што стаялі перад працаўнікамі гэтага сельгаспрадпрыемства. Хутчэй, наадварот, прыдаў новы імпульс для работы. Пры заданні тэмпаў росту вытворчасці валавай прадукцыі 120 працэнтаў, яно выканана на 128 працэнтаў. Нямала працоўных дасягненняў дабіліся хлебаробы і жывёлаводы гэтай гаспадаркі. Чатыры камбайнавыя экіпажы намалацілі на сёлетнім жніве больш чым па тысячы тон зерня. Пераможцамі раённага спаборніцтва сярод вадзіцеляў на гэтым жніве таксама сталі працаўнікі сельгаспрадпрыемства. Чарговы раённы рэкорд па надою малака ад адной каровы паставіў аператар машыннага даення Мікалай Якубоўскі з чэрніцкай фермы. Неблагія поспехі маюць працаўнікі КСУПа і па вырошчванню агародніны. Нарошчвае сельгаспрадпрыемства і свой матэрыяльна-тэхнічны патэнцыял, вядзе рэканструкцыю і будаўніцтва новых аб’ектаў. Чарговая рэарганізацыя сельгаспрадпрыемства ў акцыянернае таварыства ставіць перад працаўнікамі яшчэ больш значныя задачы. Гэта далейшы рост усіх паказчыкаў. Ужо цяпер КСУП “Агра-Прыпяць” па той долі ў агульнай колькасці прадукцыі, якая тут вырошчваецца і вырабляецца, можна назваць гігантам сельгасвытворчасці раёна.


Для плённай працы


Падзеяй года для КСУПа “Чырвоны Бор” стала ўвядзенне ў эксплуатацыю новага сучаснага малочнатаварнага комплекса. На гэтым вытворчым аб’екце створаны ўсе ўмовы для плённай працы. Практычна асноўныя працэсы механізаваны, камп’ютарная сістэма дазваляе кантраляваць працэс даення. Нядрэнна папрацавалі мясцовыя працаўнікі і на нарыхтоўцы кармоў, што спрыяе рабоце жывёлаводаў у гэты час. Вызначыўся стараннасцю і працавітасцю падчас гэтай кампаніі механізатар Андрэй Сініла. Вадзіцель Віталь Акунец стаў пераможцам раённага спаборніцтва на адвозцы зерня сярод маладых вадзіцеляў. У сельгаспрадпрыемстве за апошні час многа зроблена, каб дабівацца высокіх вытворчых паказчыкаў. Скарыстаць гэтыя магчымасці на поўную моц — і ёсць асноўная задача для работнікаў і спецыялістаў гаспадаркі.


Год юбілеяў


Заатэхніка яшчэ называюць тэхнолагам ферм. Вось ужо некалькі дзесяцігоддзяў гэтую пасаду ў КСУПе “Марохараўскі” займае Тамара Макарэвіч. У мінулым годзе яна адзначыла свой пяцідзесяціпяцігадовы юбілей. Вобразна кажучы, пара і аб адпачынку заслужаным падумаць. Але не такі характар у Тамары Іванаўны. Як і ў маладосці, яна актыўна развівае асноўную галіну гаспадаркі. І поспехі на гэтай ніве маюцца адчувальныя. Гаспадарка паспяхова займаецца вытворчасцю малака і мяса. За год надоена на мясцовых фермах больш трох з паловай тысяч тон малака. Адчувальная прыбаўка і па вытворчасці мяса. Уласнымі сіламі на ферме “Марохарава” праведзена рэканструкцыя памяшкання, дзе размясцілася дзвесце галоў дойнага статка, што дазваляе жывёлаводам працаваць з “плюсам”. У цеснай повязі з заатэхнікам працуе і галоўны ветэрынарны ўрач гаспадаркі Ніна Макарэвіч. Яна таксама адзначыла ў мінулым годзе свой пяцідзесяцігадовы юбілей. Столькі ж споўнілася і Алене Ахрамовіч. Менавіта стараннасць гэтых жанчын і іншых працаўнікоў і рухае наперад вытворчасць гаспадаркі.


Аснова поспехаў


Пошук, ініцыятыва, эканамічны разлік — гэта аснова поспехаў калектыву сялянскай гаспадаркі Міхаіла Шруба. Шмат іх было і ў мінулым годзе. Збор агародніны і бульбы склаў адпаведна 3814 і 2232 тоны. Прыкладна на сорак працэнтаў павялічаны аб’ёмы рэалізацыі прадукцыі, што ва ўмовах крызісу таксама нядрэннае дасягненне. Павялічыліся і заробкі працаўнікоў, іх сярэдняя велічыня па гаспадарцы дасягнула мільёна рублёў. Значныя вытворчыя здабыткі звязаны са свінагадоўляй. За прайшоўшы год свінагадоўчы комплекс выйшаў на праектную магутнасць прыкладна ў тысячу тон па вырошчванню свіней. Тут забяспечаны адны з самых высокіх сярэднясутачных прываг гадаванцаў сярод свінагадоўчых комплексаў па краіне. Яны склалі 780 грамаў. Новая прадукцыя знайшла свайго спажыўца. Найперш, у нашым раёне. Рэалізацыя мяса свіней ідзе як праз уласныя гандлёвыя кропкі, так і па заяўках арганізацый. Пакупнікі ацанілі смакавыя якасці мясной прадукцыі, што вырабляецца ў перапрацоўчым цэху сялянскай гаспадаркі. Уведзена ў эксплуатацыю гаспадаркай і кафэ “Будзьмо” ў горадзе Тураве. Новыя поспехі дазваляюць упэўнена глядзець у будучае.


Вера, падмацаваная стараннем


На трыста тон зерня больш атрымалі ў прайшоўшым годзе працаўнікі КСУПа “Дзякавічы”. Валавы намалот яго склаў 1165 тон. Паспяхова спрацавалі і бульбаводы гаспадаркі, якія падвоілі валавы збор клубняў. Нарасціла гаспадарка і вытворчасць малака і мяса. У цэлым для не вельмі моцнага сельгаспрадпрыемства год выдаўся не з горшых. Пабольшала ў мясцовым гаражы новай тэхнікі. Праведзена ўласнымі сіламі і рэканструкцыя памяшкання на ферме, дзе цяпер утрымліваецца больш за сто галоў маладнячку. Галоўнае, што мясцовыя працаўнікі не страцілі веры ў свае сілы, што і яны могуць мець нядрэнныя вынікі. Вера ж, падмацаваная стараннем, дазволіць мець яшчэ лепшыя паказчыкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.