Загадкі і адгадкі Жыткаўшчыны

Беларускую вусную народную творчасць складаюць розныя жанры. З самых адметных і папулярных жанраў з’яўляюцца загадкі і адгадкі на іх. Яны даўней былі шырока распаўсюджаны на Беларусі, у тым ліку і на Жыткаўшчыне, бытуюць і цяпер. У сельскай мясцовасці загадкі адгадвалі падчас вячорак (вечарынак), свят, жывых гутарак. Загадкі загадвалі адзін аднаму не толькі дарослыя, але і дзеці.


Беларускіх загадак вельмі багата, яны розныя па зместу і па тэматыцы. У артыкуле прыведзены прыклады загадак і адгадак, якія чула і запісала аўтар, знаходзячыся ў экспедыцыі на Жыткаўшчыне. Але ж заўважу, што многія з іх бытавалі ці бытуюць у наш час і ў іншых рэгіёнах нашай краіны.


У шматлікіх загадках адлюстраваны розныя з’явы прыроды, асяроддзя, у якім жывуць людзі, расліны і жывёльны свет, прыкметы надвор’я. Нельга тут не прывесці для прыкладу вось гэтыя загадкі і адгадкі: “Як гукнеш, так і адгукнецца” (рэха), “Стаіць у лазе на адной назе” (грыб), “Не агонь, а пячэцца” (крапіва), “Што ўецца па дрэве?” (хмель), “Рук многа, а нага адна” (дрэва), “Скацерць (абрус) бела ўвесь свет адзела” (снег), “Без агню, а свеціцца” (сонца), “Без рук, а малюе” (мароз), “Без зубоў, а кусае” (мароз), “Без рук, без ног, а вароты адчыняе” (вецер), “Хоць і без крылаў, а лятаць умее” (вецер), “Стукае і грукае, але яго не бачна”(гром), “Нас корміць, а сама есці не просіць” (зямля), “Як ляціць вые, а як сядзе рые” (жук), “Без рук, без станка, а кросны ткаць умее” (павук), “Цэлы дзень лятае, усім надаядае” (муха), “Пад які куст садзіцца заяц, калі ідзе дождж” (пад мокры), “Днем адпачывае,а ў начы лятае” (сава), “Ад чаго плыве качка?” (ад берага), “Хто двойчы на свет нараджаецца?” (птушка), “Не кравец, а з іголкамі ходзіць” (вожык), “Пад ёлкамі ляжыць клубок з іголкамі” (вожык), “І сваё дзіця накарміла, і чужых дзяцей напаіла” (карова), “Не хворая, а крэхча” (свіння), “Ляжыць пад ганкам, хвост абаранкам” (сабака), “Ляжыць вусаты, а ўстане гарбаты” (кот), “Усіх у пару будзіць, хоць гадзінніка не носіць” (певень)…


Многія загадкі і адгадкі прысвечаны чалавеку, яго знешняму выгляду: “Поўны падпечак белых авечак” (зубы ў роце), “Адзін гаворыць, два глядзяць і два слухаюць” (язык, вочы, вушы), “Без агню, а варыць” (страўнік) і г.д.


У загадках і адгадках адлюстраваны гаспадарчы вопыт, праца людзей, іх быт (умовы жыцця, ежа, вопратка, хатнія рэчы і абсталяванне), прылады працы, прадметы быту, транспартныя сродкі, шляхі зносін: “Хата рагата, вакон багата, а як улезеш, не вылезеш” (рыбацкая сетка), “Ляжыць на ложку, задраўшы ножку” (прасніца), “Маленькі, гарбаценькі, а ўсе жыта зжаў” (серп), “Усё поле ў дзірках” (рэшата), “Чым больш верціцца, тым больш таўсцее” (верацяно з ніткамі), “Вадкае, але не вада, белае, але не снег” (малако), “Абліжы і зноў у рот улажы” (лыжка), “Белы, як снег, салодкі, як мёд” (цукар), “Каля ямы ўсе з кіямі” (людзі з лыжкамі каля міскі), “Без рота, а зубы маюць” (граблі), “Бягуць у лясы, задраўшы насы” (сані), “Сагнута ў дугу, летам на лугу, а зімой на кругу” (каса), “Адзін на аднаго глядзяць, але ніколі не сыйдуцца” (столь і падлога), “У хаце стаіць дзед гарбаты” (печ), “Стаіць ваўчок, гарэлы бачок” (засланка ў печы), “Маці таўстуха, дачка краснуха, а сын перабор, выскачыў на двор” (печ, агонь, дым), “Не брэша, не кусае, а ў хату не пускае” (замок), “Ні свет, ні зара пайшоў гнуты са двара” (каромысел), “Сам драўляны, а галава жалезная” (малаток), “Шатаўся, матаўся, пад ганкам схаваўся” (венік), “Не жывыя, а пішчаць” (вароты), “Румяны Піліп, да палкі прыліп” (яблык), “У сярэдзіне белая, а зверху чырвоная” (цыбуля), “Ні вакон, ні дзвярэй — поўна хата людзей” (гарбуз), “Ляжыць на градцы зялёны і гладкі” (гурок), “Цякла, цякла, ды схавалася пад шкло” (рака пад лёдам зімою), “Кабылка бяжыць, а аглоблі ляжаць” (рака і яе берагі), “Ем я вугаль, п’ю ваду, цягну абоз на сто калёс” (паравоз) і інш.


Шмат загадак і адгадак прысвечана культуры, атрыбутам музыкі, фізкультуры і спорту, царкве, турызму, педагогіцы: “Белае поле, чорнае насенне, хто яго сее, той разумее” (кніга), “Які бацька кожны дзень дзяцей пералічвае” (настаўнік), “Што ўсім на свеце патрэбна?” (назва), “Сам пусты, дроб выбівае, людзей збірае” (барабан), “Як ляжыць — маўчыць, а як возьмеш у рукі — заплача” (скрыпка), “Яго б’юць, а ён не плача” (мячык), “Што без слёз плача?” (скрыпка), “Людзей гукаюць, а самі ў царкву не заглядаюць” (званы), “Чаму купляюць адзенне?” (яго задарма не даюць)…


З прыведзеных вышэй прыкладаў бачна, што загадкі і адгадкі ўяўляюць сабой цікавы жанр беларускай вуснай народнай творчасці. У іх увасоблена вялікая мудрасць нашага народа, яго веды і знаходлівасць.


Ганна ДУЛЕБА, этнограф.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.