Добрай раніцы,дворнік!

Адразу агаваруся: у наш час іх дворнікамі называюць па звычцы, для большай зручнасці і паразумення. Бо як нам уяўляецца ранейшы, скажам, дарэвалюцыйны дворнік? Чытаем такі сказ: “На вуліцах высіліся цэлыя гурбы снегу, барадатыя дворнікі ў аўчынных кажухах і валёнках шырокімі драўлянымі лапатамі рассоўвалі іх з сярэдзіны вуліцы”. Так, дворнік у першую чаргу быў фігурай каларытнай. Да таго ж гэта быў паўнапраўны гаспадар двара, які меў ключы як ад падвалаў, так і ад гарышчаў, ад так званага чорнага, запаснога ўваходу.


Час змяніўся і змяніліся дворнікі. Зараз гэта ў асноўным жынчыны. У камунальным унітарным прадпрыемстве “Жыткавіцкі камунальнік” людзей гэтай заўсёды патрэбнай прафесіі чатыры дзесяткі чалавек. Дванаццаць з іх падначалены майстру па саначыстцы і азеляненню Вользе Бойка.І па штатнаму раскладу кожны з іх значыцца як прыбіральшчык тэрыторыі. Да таго ж пяць іх у Тураве і тры ў пасёлку Чырвонае.


А вось тыя, што працуюць у мікрараёнах ля пад’ездаў, — рабочыя па комплекснай уборцы і ўтрыманні домаўладанняў. Іх у нашым раёне на пачатак новага года было дваццаць чатыры.


Больш за ўсіх пра дворнікаў, з поўнай на тое кампетэнцыяй можа, канечне ж, расказаць майстар Вольга Бойка, да якой нам і параіў звярнуцца дырэктар КУП “Жыткавіцкі камунальнік” Алег Савосценка.


— Не сакрэт, што пра дворнікаў бытуюць розныя думкі, — гаворыць Вольга Міхайлаўна, — маўляў, і выпіць любяць, і “салёнае” слоўца ўжыць у час размовы. Што ж, былі такія выпадкі, магчыма, ёсць яшчэ дзе. Але мы ў брыгадзе пастараліся ў свой час пазбавіцца ад такіх вось, з дазволу сказаць, “алканаўтаў”, узмацнілі працоўную дысцыпліну і адказнасць за даручаны ўчастак работы. У нас працуе іх дванаццаць чалавек — дзевяць жынчын і тры мужчыны. З мінулай восені перайшлі на здзельную аплату працы, на заробкі нашым работнікам крыўдаваць не прыходзіцца. Хаця і выконваюць яны штодня значныя аб’ёмы работ. Трэба ўтрымліваць у чысціні цэнтральную плошчу райцэнтра, вуліцы Чкалава, Карла Маркса, Энгельса. Сацыялістычную, Кацубінскага, Матаха, Школьную. Нагрузкі на кожную рабочую значна ўзрастаюць летам, бо трэба яшчэ высаджваць дрэўцы, разбіваць клумбы, паліваць кветкі. У гэтым можа пераканацца кожны прахожы, хто крочыць улетку, скажам, па вуліцы Сацыялістычнай. З надыходам вясны ліквідуем несанкцыянаваныя звалкі. У мае абавязкі таксама ўваходзіць адказнасць за вывазку смецця ў прыватным сектары, адлоў бадзяжных сабак, за работу гарадской лазні.


Пра Вольгу Міхайлаўну Бойка з поўным на тое правам можна сказаць: чалавек на сваім месцы. Энергічная, патрабавальная, працалюбівая. У яе ўсё, як кажуць, гарыць у руках, за што ні возьмецца гэтая здольная работніца. На ўсё хапае часу: як арганізаваць і кантраляваць работу па санітарнай ачыстцы і азеляненню горада Жыткавічы, так і немалую ўласную гаспадарку трымаць у пасёлку Чырвоная Зорка. “Ведаеце, калі бываю ў другіх гарадах, то ў першую чаргу звяртаю ўвагу на стан вуліц і двароў, на клумбы і алеі, — прызнаецца гэтая занепакоеная сваімі клопатамі жанчына, — параўноўваю іхнія парадкі з нашымі. Прыглядаюся да новай зручнай камунгасаўскай тэхнікі і розных прыстасаванняў. Мару на летні перыяд са спецыяльна навучаных людзей стварыць брыгаду па скошванні травы, што надасць гэтым работам большую манёўранасць і аддачу. Не перашкодзіла б нам таксама набыць невялікі манеўраны трактар, які з дапамогай розных прычапных агрэгатаў можа выконваць самы шырокі комплекс работ”.


Яна разам са сваімі падначаленымі шчыра радуецца, калі становіцца чыстым і прыгожым наш райцэнтр, калі ў яго абліччы з’яўляецца больш зеляніны, больш кветак і алей. І не можа, канечне ж, змірыцца з нізкай культурай многіх нашых людзей. Як дастукацца да сумлення і душы кожнага? У нашай краіне і горадзе кожная работа павінна быць у пашане. І дворніка, прыбіральшчыцы — у першую чаргу.


— Мне асабіста мая работа падабаецца і за дваццаць пяць гадоў працы тут не было нават думкі перайсці на іншую, — шчыра прызнаецца ў час нашай ранішняй гутаркі перад пачаткам чарговага рабочага дня адна са старэйшых і самых вопытных работніц камунальнай гаспадаркі Лідзія Канапацкая.


Яе думкі падзяляюць больш маладзейшыя работнікі і работніцы Уладзімір Ткачоў, Наталля Фадзеева, Вольга Дарагун і іншыя. Не адзін год на сумленне адпрацавала на гэтай нялёгкай службе і Валянціна Жогаль — сапраўдны майстар-кветкавод, у якога ёсць чаму павучыцца маладзейшым.


Так, на дворніка не вучаць ні ў адной навучальнай установе. Ім становяцца. Пасля первічнага інструктажу аб ахове працы табе выдадуць чырвоную камізэльку, каб здалёку было відаць аўтамабілістам, веласіпедыстам і падарожнікам, і калі ласка — работа на свежым паветры, у людзей навідавоку. А колькі прыладаў працы ў дворніка — пазайздросціць можна: зімой гэта рыдлёўкі снегавыя і штыкавыя, мятла, венік бярозавы, вядро з шуфлікам, у якое набіраюць спецыялізаваную сумесь з так узванага “трохвугольніка”. А ўлетку да тваіх паслуг яшчэ і шуфель, граблі, вёдры, лейкі, шпагат, апырсквальнікі, палівачныя шлангі і г.д. А вы ведаеце, што летнім днём кожны дворнік “змятае” па два і больш венікаў. І ў выхадныя дні яны таксама дзяжураць, ачышчаюць кантэйнеры ад смецця. У выхадныя і святочныя дні працаваць прыходзіцца і ў час снегападаў і галалёду. Болей цяжкія ўчасткі і нагрузкі, паводле слоў Вольгі Бойка, прыпадаюць на плечы мужчын. Гэта, акрамя іншага, пагрузка пяску, касьба травы, абрэзка суччаў, рамонт дэфармаваных урнаў і многае другое.


Небывала халодная і снежная зіма стала сапраўдным выпрабаваннем для ўсіх нас, а для дворнікаў — у першую чаргу. Па цёплых кватэрах і бытоўках яны не адседжваюцца, работы штодня хапае. І работа гэтая заўсёды ў людзей навідавоку, таму яны часта — і заслужана, і незаслужана — трапляюць пад агонь суцэльнай крытыкі. Бо работу дворнікаў, як і ўсёй камунальнай службы, часта не крытыкуе толькі самы лянівы чалавек. Мне ж асабіста вельмі імпануюць тыя даверлівыя і разам з тым дзелавіта-патрабавальныя адносіны, што склаліся, напрыклад, у мікрараёне Азёрны райцэнтра паміж майстрам Таццянай Гарыст і яе падначаленымі. І шкада, што часта работа дворнікаў проста марнуецца, зводзіцца да нуля. Вось канкрэтны малюнак, сведкам якога стаў у той дзень, калі пішуцца гэтыя радкі. Не паспелі прыбіральшчыцы па-гаспадарску ачысціць тратуары ад снегу, як следам прайшла дарожная тэхніка і звярнула тоўшчу снегу з праезжай часткі на гэтыя самыя чыстыя тратуары. Бедныя дворнікі амаль у роспачы. За галаву хапаюцца: якое галавацяпства. Альбо амаль такая ж карціна ля тутэйшага магазіна “Паўднёвы”. Снег ссунулі на сцежкі, па якіх ходзяць пакупнікі, і апошнім даводзіцца скакаць праз гурбы, быццам зайцам. Дык каму патрэбны вось такія непаразуменні? Трэба паважаць працу дворнікаў, бо яны робяць чорную работу, каб наша жыццё было светлым.


С. КУЛАКЕВІЧ. Фота В. КІЖНЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.