Надзейны памочнік сельсавета

У будынку паштовага аддзялення вёскі Хлупін заўсёды шматлюдна. Прыходзяць сюды мясцовыя жыхары не толькі за тым, каб атрымаць паслугі, што аказваюцца гэтай установай, але і за дапамогай пры вырашэнні сваіх надзённых пытанняў. I яе яны атрымліваюць, бо загадчыца аддзялення Ніна Точка, не толькі паштовы работнік, але яшчэ з’яўляецца і даверанай асобай, дэпутатам Перароўскага сельскага Савета.


— Гэта вельмі актыўная жанчына, па сутнасці галоўны памочнік мясцовай улады ў гэтым населеным пункце, — характарызуе Ніну Арсенцьеўну сакратар сельсавета Ганна Пашук. Даверанай асобай сельсавета Ніна Точка стала гады тры назад. Прапанавалі гэтую грамадскую пасаду ёй прадстаўнікі сельвыканкама. Усё ж Хлупін ад Перарова, дзе знаходзіцца Савет, аддалены на кіламетраў дзесяць і болей, і не кожны дзень туды могуць трапіць старшыня і сакратар. У людзей жа пытанні маюцца штодня і ім таксама дабрацца да сельсавета не заўсёды выпадае. Так Ніна Арсенцьеўна і стала грамадскім прадстаўніком сельвыканкама ў Хлупіне.


— Галоўнае для гэтай дзейнасці, гэта калі цябе паважаюць людзі, — гаворыць жанчына, — ды і ты іх павінен паважаць, тады наладжваецца цеснае супрацоўніцтва і ўзаемапаразуменне з людзьмі, што дазваляе вырашаць многія справы.


Так, для працы даверанай асобы гэтыя якасці вельмі важныя. Бо давераная асоба — гэта не толькі надзейны памочнік мясцовай улады, але яшчэ і праваднік дзяржаўнай палітыкі ў сваім населеным пункце. Напрыклад, мінулы год быў аб’яўлены Годам роднай зямлі. I Ніна Арсенцьеўна прыклала нямала намаганняў, каб вяскоўцы добра пашчыравалі па навядзенню парадку ў сваёй вёсцы. Яна арганізавала людзей на суботнік па ўборцы могілак. Вялікі яе ўклад і ў тое, што значна больш парадку стала ля падворкаў вяскоўцаў. Не аднойчы ёй даводзілася, так бы мовіць, узнімаць людзей на гэтую карысную справу, некага і пасароміць за беспарадак ля свайго двара. Канешне ж, былі і такія, хто не жадаў выконваць законнае патрабаванне прадстаўніка вясковай улады, тады прасіла ў яе дапамогі “прызваць да парадку”. Разам з кіраўніцтвам сельсавета і даводзілі справу да лагічнага завяршэння. Не будзем адмаўляць, што сумеснымі намаганнямі людзей і сельвыканкама за апошні год намнога папрыгажэла на вясковых вуліцах населеных пунктаў Савета.


Восень мінулага года была не вельмі шчодрай на ўраджай бульбы. Людзі непакоіліся, дзе набыць клубняў на зіму, людзі пажылыя. Звярнуліся за дапамогай да Ніны Арсенцьеўны. I не прагадалі. Жанчына не пакінула безуважнай гэтую просьбу людзей. Адправіла ў Тураў на ўласным аўтатранспарце свайго мужа, і ён прывёз старым людзям бульбу. Усе засталіся вельмі задаволенымі, што пра іх праявілі такі клопат. Дарэчы, падключае Ніна Точка свайго мужа да грамадскай дзейнасці часта. Не раз па яе просьбе яму прыйшлося дастаўляць старых на прыём да ўрача, ездзіць па іншых справах. Многа дапамагае давераная асоба старым і пры афармленні неабходных даведак і дакументаў, якія патрэбна людзям прадставіць у Савет, ва ўстановы.


Веліч чалавека бачна па яго справах. Тое, што Ніна Точка робіць і на асноўным месцы працы, і на грамадскай пасадзе, прыносіць карысць людзям, з якімі яна жыве поруч вось ужо некалькі дзесяткаў гадоў. I што жыхары звяртаюцца да яе за дапамогай, сведчыць аб значным аўтарытэце гэтай жанчыны, самых лепшых якасцях яе характару.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.