Папярэдзіць, значыць перамагчы

Яшчэ на некалькі незаконных “ кропак”, дзе вёўся гандаль спіртным дамашняга вырабу, паменьшала ў нашым раёне падчас правядзення прафілактычных мерапрыемстваў супрацоўнікамі міліцыі.


Выходзячы з падворка адной з жыхарак Людзяневіч, мужчына думаў, як цудоўна і весела ён правядзе чарговы вечар. Для такіх мар была сур’ёзная падстава, якая заключалася ў двух з паловай літрах самагонкі, якія мужык прыдбаў у гаспадыні дома. Бутэлькі сваім цяжарам прыемна адцягвалі кішэні вопраткі, надавалі настрою. “Выпіць ёсць, а нагода для гэтага заўсёды знойдзецца, так і сябрукі з сяброўкамі таксама. Чаго яшчэ патрэбна для цудоўнага правядзення вольнага часу”, — меркаваў мужчына. Ен, так бы мовіць, не ішоў, быццам ляцеў на крылах, у прадчуванні хуткай выпіўкі. “Пачакайце, калі ласка, — за спіной пачуўся нечый голас. — Міліцыя!” Апошняе слова імгненна апусціла мужчыну на грэшную зямлю. Не засталося і следу ад “святочнага” настрою. Чалавек зразумеў адразу, што з набытымі бутэлькамі на “кропцы” прыйдзецца расстацца. Супрацоўнікі міліцыі хутка выявілі і жанчыну, якая прадала самагонку.


У падобнай сітуацыі ў гэтыя студзеньскія дні аказаўся і адзін з жыхароў Бялёва, які таксама набыў літр самагонкі ў сваёй аднавяскоўкі. А вось у вёсцы Грэбень міліцыянеры выявілі грамадзянку, якая вечарам перапрадавала па вышэйшай цане віно, купленае папярэдне ў краме. Відаць, не ведалі гэтыя людзі, што супрацоўнікі райаддзела, пачынаючы з сярэдзіны студзеня, больш актыўна пачалі весці змаганне з грамадзянамі, якія займаюцца незаконным продажам спіртных напояў дамашняга вырабу.


— Комплекс прафілактычных мерапрыемстваў, які праведзены ўсімі службамі райаддзела на працягу дзесяці дзён, з 18 па 28 студзеня, паказаў, што праблема з незаконнай рэалізацыяй спіртнога стаіць вельмі востра, нягледзячы на пастаянную работу супрацоўнікаў міліцыі па выкараненню гэтай заганы, — гаворыць Рыгор Дрэмакоў, начальнік аддзела прафілактыкі, аховы правапарадку і спецыяльнай міліцыі Жыткавіцкага РАУС. — Падчас апошніх прафілактычных мерапрыемстваў было канфіскавана 1251 літр самагона і брагі, знішчаны адзін самагонны апарат і адзін міні-завод для вытворчасці самагонкі. Каля апошняга канфіскавалі самую вялікую колькасць брагі — 360 літраў. На жаль, не давялося пагутарыць міліцыянерам з уладальнікам гэтай гаспадаркі. Адчуўшы небяспеку, ён проста “зматаў вуды”. Але чатыром чалавекам кары пазбегнуць не ўдалося, яны прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.


Прыведзеныя факты Рыгорам Леанідавічам яскрава сведчаць, наколькі глыбока пусціла ў нашым асяроддзі такая загана, як незаконны гандаль спіртным дамашняга вырабу. Свайго росквіту яна дасягнула ў гады гарбачоўскай антыалкагольнай кампаніі, калі, так называемыя ў народзе “кропкі” з’яўляліся ў населеных пунктах, нібы грыбы пасля дажджу. Для гандляроў самагонам тады быў сапраўдны рай: грошы цяклі ў іх кішэні ракой. Самагонныя апараты працавалі практычна бесперапынна, бо жадаючых выпіць ніколькі не ўбаўлялася. Тым больш што гналі не толькі на продаж, але і для асабістага карыстання. Таму бізнес быў практычна легальным, з-за недасканаласці заканадаўства. Некаторыя нават не абцяжарвалі сябе, каб выгнаць самагонкі, проста куплялі віно і гарэлку ў магазіне, а ноччу перапрадавалі.


Праваахоўным органам не адзін год прыходзіцца змагацца з нелегальным бізнесам нашых грамадзян. Толькі закон рынку: ”Ёсць попыт, ёсць і прапанова” нават ім не ўдаецца перамагчы. Хаця ёсць вельмі станоўчы вынік у гэтым змаганні з самагоншчыкамі — свядомасць людзей ужо не тая, што ў дзевяностыя. Як зазначыў Рыгор Леанідавіч, нярэдкія выпадкі, калі людзі самі паведамляюць міліцыянерам, дзе ў іх населеным пункце прадаюць незаконна спіртное. Падчас правядзення апошніх прафілактычных мерапрыемстваў такіх сігналаў паступіла ў райаддзел семнаццаць, чатыры з якіх пацвердзіліся. А гэта вельмі добры знак, што з беззаконнем гандляроў спіртным сталі змагацца і людзі. Сумеснымі ж намаганнямі заўсёды лягчэй вырашыць праблему, якой бы складанай яна не была.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.