Справаздача нібы свята…

Стала ўжо традыцыяй кожны год праводзіць справаздачныя сходы ва ўстановах культуры. Вось і на гэтым тыдні прайшоў справаздачны сход у клубе пасёлка Грэбянёўскі. На сходзе прысутнічалі жыхары населенага пункта, прыехалі метадысты раённага аддзела культуры і раённай бібліятэкі.


Сход адкрыла бібліятэкар Валянціна Рыгораўна Казачук. Яна расказала аб сваёй рабоце за ўвесь год. Актыўны ўдзел у рабоце бібліятэкі прымаюць дарослыя і вучні Грэбенскай школы.


Валянціна Рыгораўна падрыхтавала выставу кніг аб Вялікай Айчыннай вайне. “9 Мая будзем святкаваць 65-ю гадавіну нашай Вялікай Перамогі над фашыстамі, — зазначыла бібліятэкар. — Нам ёсць чым і кім ганарыцца. Наш зямляк Кот Васіль Андрэевіч — Герой Савецкага Саюза. У нашай мясцовасці ёсць яшчэ многа ўдзельнікаў вайны”.


Затым бібліятэкар адказала на пытанні слухачоў.


Са сваёй справаздачай перад прысутнымі выступіла і загадчыца клуба Надзея Іванаўна Буякевіч. Яна зазначыла, што ў клубе зроблены новыя грубкі, адноўлены дах. У сваёй рабоце Надзея Іванаўна абапіраецца на дарослых і вучняў, разам з бібліятэкарам удзельнічаюць у мастацкай самадзейнасці.


У час сходу метадысты з раённага аддзела культуры і бібліятэкі правялі анкетаванне. Прысутныя запоўнілі анкетныя лісты з пытаннямі аб рабоце клуба, бібліятэкі, выказалі пажаданні на будучае.


А напрыканцы адбыўся канцэрт самадзейных артыстаў. Беларускімі народнымі песнямі, песнямі з рэпертуара Надзеі Кадышавай парадавалі слухачоў удзельнікі мастацкай самадзейнасці Любоў Варановіч, загадчыца Грэбенскага клуба, яна ж салістка і кіраўнік гэтага калектыва Марына Варановіч, Надзея Буякевіч, Юля Батура і шасцігадовая Алёна Турмовіч. Акампаніятар Аляксандр Варановіч таксама прыгожа спяваў з дзяўчатамі. Вершы аб Радзіме прачыталі Юля Галавач і Оля Батура. Як хораша гучалі радкі вершаў: “Беларусь — ты самая лепшая, ты — мая Радзіма…”


Канцэрт усім спадабаўся, слухачы прасілі спяваць яшчэ і яшчэ, а некаторыя і танцавалі пад музыку песень.


“Дзякуй вам за такі прыгожы святочны вечар, прыязджайце часцей”, — гаварылі жыхары пасёлка на развітанне.


Н. ЮХНЕВІЧ, п. Грэбянёўскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.