У канструктыўным рэчышчы

Неаднаразова ў раёнку прыходзілі лісты ад жыхаркі вёскі Перароў Е. Забеліч. У іх жанчына даволі часта распавядае пра карысныя справы, што робяць людзі населенага пункта па яго добраўпарадкаванню, па развіццю культурнага жыцця і іншых сфер жыццядзейнасці. Не прыпомню ніводнага ліста, каб у ім не была адзначана дзейнасць мясцовай улады, яе арганізацыйная і накіроўваючая роля. Таму і спраў добрых сумеснымі намаганнямі зроблена вельмі шмат. Напрыклад, намнога палепшыўся стан могілак у Перарове. Зроблена гэта падчас шматлікіх суботнікаў, якія арганізоўваліся сельвыканкамам. Ім жа часткова была набыта і жалезабетонная агароджа. Што не хапіла, дапамаглі людзі. Давераныя асобы сельвыканкама абышлі кожны падворак і сабралі неабходную суму грошай на агароджу. Увогуле, рабоце па добраўпарадкаванню на тэрыторыі Савета апошнім часам надаецца вялікая ўвага. Як вынік такой працы ў трох вёсках — Перарове, Перароўскім Млынку, Хлупіне — устаноўлена больш чатырох кіламетраў новых агароджаў на вуліцах. На многіх з іх праведзена падсыпка і рамонт, на адной нават асфальт удалося пакласці цэлы кіламетр. Бясспрэчна, што пры пастаянным недахопе сродкаў гэта значны поспех. У вёсках сельсавета з’явілася і шмат малых архітэктурных форм, клумбаў з кветкамі. І тут роля сельвыканкама відавочная. Як зазначыла яго кіраўнік Ганна Вашкова, рашэннем сельсавета за ўсімі арганізацыямі і ўстановамі ў населеных пунктах замацаваны пэўныя тэрыторыі. Працоўныя калектывы на іх і падтрымліваюць парадак, узводзяць архітэктурныя формы.


— Сельсавет дапамагае, калі патрабуецца вырашыць нейкае значнае пытанне. Напрыклад, падвезці нейкі матэрыял, або спілаваць аварыйнае дрэва, — гаворыць Ганна Рыгораўна.— Самае галоўнае, што ніхто не адмаўляецца. Многа папрацавалі работнікі лясніцтва, якія прыбіралі паваленыя дрэвы. Надзейны кантакт маецца са школамі, культурнымі ўстановамі і іншымі.


Добраўпарадкаванне — не адзіны від дзейнасці мясцовага сельвыканкама. Пастаянна ў Савет з рознымі пытаннямі і праблемамі прыходзяць людзі. І ім стараюцца дапамагчы: пракансультуюць, выдадуць даведкі, зробяць запыт у вышэйстаячыя органы і арганізацыі і гэтак далей. Галоўнае, што ніводная праблема, узнятая насельніцтвам, не застаецца па-за ўвагай.


— Магчыма не ўсё ўдаецца вырашыць, бо некаторыя людзі патрабуюць зрабіць тое,што не стасуецца з рэаліямі часу, нашымі магчымасцямі, — гаворыць старшыня сельсавета. — Напрыклад, просяць пракласці грэблю праз вадаём да магазіна. Ведаем гэтую праблему, толькі як вырашыць, калі няма сродкаў. Прымаем захады, каб іх знайсці, але ці атрымаецца, не ведаю.


Так, прыходзіцца сельвыканкаму сутыкацца і з такімі спажывецкімі праявамі нашага жыцця. Але, як кажуць, усім цяжка дагадзіць, колькі ні старайся. Большасць жыхароў давярае мясцовай уладзе. Толькі за мінулы год да яе прадстаўнікоў на прыём прыйшло прыкладна 70 чалавек. А калі яшчэ прыплюсаваць тых, хто прыходзіў у Савет за даведкамі, а іх выдадзена больш 600, то практычна кожны з жыхароў вёсак за год наведаўся ў будынак Савета.


Вырашаць праблемы людзей, забяспечваць належны ўзровень іх жыццядзейнасці сельвыканкаму дапамагаюць дэпутаты, а таксама тэрытарыяльныя грамадскія фарміраванні самакіравання. Даволі цяжка ўявіць культурнае жыццё — у населеных пунктах Савета без актыўнага ўдзелу ў ім мясцовай пярвічкі грамадскага аб’яднання “Саюз жанчын Беларусі”. Жанчыны, якія ў яе ўваходзяць, штогод праводзяць мноства разнастайных мерапрыемстваў. Актыўна яны нясуць не толькі культуру ў масы, але і змагаюцца з заганамі вясковага жыцця. Пад іх пільным наглядам знаходзяцца сем’і, што вядуць антыграмадскі лад жыцця. Не бяздзейнічае і ветэранская пярвічка, і давераныя асобы сельвыканкама.


Структура органаў мясцовага самакіравання — гэта даволі складаны механізм. І яго зладжаная работа залежыць ад той пазіцыі, ад той дзейнасці, што праводзіцца сельскім выканаўчым камітэтам. Калі ён у авангардзе ўсіх спраў, то і вынікаў станоўчых маецца дастаткова. І насельніцтва гэта заўважае, робіць так, каб усё ішло ў патрэбным рэчышчы. У Перароўскім сельскім Савеце так і адбываецца, бо пазіцыя сельвыканкама і яго грамадскіх структур усім зразумелая: жыць лепей.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.