Улада мясцовая, справы – дзяржаўныя

На працягу 2009 года Людзяневіцкі сельскі Савет дэпутатаў, выканаўчы камітэт працавалі згодна плана эканамічнага і сацыяльнага развіцця мясцовай тэрыторыі.


— Мы прынялі ўсе неабходныя меры, каб насельніцтва, асабліва аддаленых вёсак былога Браніслаўскага сельсавета, як мага меней адчула пераменаў, звязаных з ліквідацыяй Савета, — расказвае старшыня Людзяневіцкага сельсавета Юрый Волчык. –- Не радзей аднаго раза ў месяц, згодна графіка, у кожным населеным пункце ўсяго сельсавета праводзіцца прыём грамадзян старшынёй і сакратаром выканаўчага камітэта з выдачай неабходных даведак, дакументаў, рэгістрацыі, кансультацый і гэтак далей. Наша работа накіравана ў першую чаргу на падтрыманне і паляпшэнне таго ўзроўню жыццядзейнасці насельніцтва, якога мы дасягнулі ў апошні час. І сёння з упэўненасцю можна сказаць, што нашы населеныя пункты набылі новае, маладое аблічча.


У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №21 ад 12. 01. 2007 года “Аб павышэнні ролі органаў мясцовага кіравання і самакіравання ў рашэнні пытанняў жыццязабеспячэння насельніцтва” была праведзена інвентарызацыя сістэмы водазабеспячэння і перададзена спецыялізаванай арганізацыі КУП “Жыткавіцкі камунальнік”. Таксама праведзена інвентарызацыя ўсіх дарог сельскіх населеных пунктаў. Цэнтральныя дарогі да населеных пунктаў абслугоўваюцца ДЭУ-111, астатнія вуліцы перададзены на баланс КУП “Жыткавіцкі камунальнік”.


Работа мясцовага сельсавета з кожным годам усё больш удасканальваецца, становіцца больш аператыўнай і дзейснай. Зараз ён забяспечаны аўтамабілем, аснашчаны трыма камп’ютарамі, двума ксераксамі, факсімільнымі апаратамі. Устаноўлены і функцыяніруюць праграмы ЗАГС, пагаспадарчы, пашпартны ўлік, эталон, персаніфікаваны і ўлік ваеннаабавязаных, праграма па апрацоўцы пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях. Створана інфармацыйная база даных аб насельніцтве Савета, якая перыядычна абнаўляецца. На адміністрацыйным памяшканні заменены дах, падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя і ёсць спадзяванні, што на працягу года будзе праведзены капітальны рамонт усяго будынка.


З мэтай інфармацыйнага забеспячэння насельніцтва каля адміністрацыйнага будынка, у фае выканкама, а таксама ва ўсіх населеных пунктах маюцца стэнды, на якіх размешчана ўся неабходная інфармацыя для грамадзян, у тым ліку і пра дзяржаўныя сацыяльныя стандарты ў дачыненні да кожнага населенага пункта. А каб стварыць нармальныя ўмовы для работы па добраўпарадкаванню населеных пунктаў, рашэннем выканкама замацаваны адказныя работнікі з ліку членаў выканаўчага камітэта, кіраўнікоў за кожным населеным пунктам і вуліцамі цэнтральнай вёскі Людзяневічы. Распрацаваны і зацверджаны правілы добраўпарадкавання і ўтрымання тэрыторый населеных пунктаў сельсавета. Штогод у студзені на пасяджэнні выканкама зацвярджаюцца мерапрыемствы па санітарнай ачыстцы і добраўпарадкаванню вёсак.


У 2006 годзе вёска Людзяневічы набыла статус аграгарадка. Шмат запатрабуецца газетнай плошчы, каб пералічыць усё тое, што было зроблена для населенага пункта і перш за ўсё для людзей, якія тут жывуць. А работы па прывядзенні аб’ектаў сацкультбыту ў належны стан працягваюцца ўвесь час. І вялікі дзякуй трэба сказаць людзям, якія за асабістыя сродкі абуладкоўваюць свае сядзібы, устанаўліваюць сучасныя жалезабетонныя агароджы, “чаруюць” над малымі архітэктурнымі формамі, высаджваюць кветкі. І, як вынік, многія падворкі грамадзян прызнаюцца лепшымі. Так, першае месца ў раённым спаборніцтве на лепшы маладзёжны падворак занялі сядзібы загадчыка структурнага падрадзялення “Людзяневіцкая амбулаторыя агульнай практыкі” Эдуарда Кацубы і фельчара гэтай установы Святланы Кацуба, прыёмнай сям’і Васіля і Таццяны Рудніцкіх з вёскі Вільча. У раённым спаборніцтве па выніках 2008 года лепшым прызнаны падворак Уладзіміра Піскуна і Алены Піскун з вёскі Дзедаўка. Толькі можна ўявіць, колькі сіл, цярпення і энтузіязму гэтыя людзі прыклалі, каб добраўпарадкаваць, упрыгожыць свае двары! І такіх падворкаў на тэрыторыі сельсавета становіцца ўсё болей, яны маюцца ў кожным населеным пункце.


У каардынацыі дзейнасці людзей органам улады адчувальную дапамогу аказваюць давераныя асобы сельскага Савета дэпутатаў, якія ёсць у кожным населеным пункце.


— Актыўным памочнікам і барацьбітом, які адстойвае інтарэсы свайго населенага пункта, з’яўляецца давераная асоба па вёсцы Беразіна Аляксандр Касцюк, — з цеплынёй у голасе гаворыць Юрый Аляксандравіч. – А давераная асоба па вёсцы Дзедаўка Валянціна Шырай змагла арганізаваць людзей на правядзенне суботніка па ўборцы грамадзянскіх могілак у сваім населеным пункце, арганізавала збор добраахвотных узносаў з грамадзян і з дапамогай выканкама на адной з вуліц паставілі 800 пагонных метраў агароджы. Валянціна Васільеўна сабрала таксама звыш 2 мільёнаў рублёў і ў кастрычніку 2009 года было ўстаноўлена 90 пагонных метраў бетоннай агароджы на грамадзянскіх могілках вёскі Дзедаўка. І ў цэлым гэты населены пункт, вобразна кажучы, нарадзіўся па-новаму. Усё болей тут з’яўляецца прыгожых сядзіб, людзі нават пачалі “выносіць” малыя архітэктурныя формы на вуліцы. І гэта правільна, бо трэба, каб прыгажосцю любаваліся не толькі самі жыхары, але і праезджыя грамадзяне, падарожнікі. Да таго ж у гэтай вёсцы і ўсе сацыяльныя аб’екты служаць узорам для пераймання. Амаль у ідэальным стане пастаянна ўтрымліваецца тэрыторыя ФАПа. А як змяніўся ў лепшы бок вясковы клуб! Прыкладам для пераймання з’яўляюцца таксама прылягаючыя тэрыторыі Браніслаўскага навучальна-педагагічнага комплекса дзіцячы сад-базавая школа, Людзяневіцкая сярэдняя агульнаадукацыйная школы, мясцовага дзіцячага садка і інш. Наш выканаўчы камітэт чакае істотных перамен і ад аб’ектаў гандлю. Мы хочам, каб і яны на тэрыторыі сельсавета ішлі ў нагу з часам, каб ля ўсіх магазінаў былі кветкі, малыя архітэктурныя формы.


Варта адзначыць, што пасільную шэфскую дапамогу выканкаму аказалі арганізацыі горада, замацаваныя рашэннем райвыканкама. Так, ПМК-76 вырабіла і даставіла металічныя дзверы, якія былі ўстаноўлены на грамадзянскіх могілках вёскі Дзедаўка. Структурныя падрадзяленні Жыткавіцкага райпа і ўстанова “Жыткавіцкі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” прадаставілі фарбу, якой пафарбавалі агароджу ў вёсцы Дзедаўка. А вось ААТ “Пратон” і чыгуначная станцыя Жыткавічы ад аказання шэфскай дапамогі выканаўчаму камітэту адмовілі.


Сельскім Саветам вялікая ўвага надаецца выкананню Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 лютага 2006 года №70 “Аб мерах па ўпарадкаванню ўліку і скарачэнню колькасці пустуючых і старых дамоў з гаспадарчымі і іншымі пабудовамі ў сельскай мясцовасці”. У прыватнасці, на тэрыторыі сельсавета зараз засталося 22 пустуючыя дамы, з якімі не вызначыліся нашчадкі. На 330 домаўладанняў грамадзяне напісалі заявы, гэтыя людзі даглядаюць іх, выкарыстоўваюць не менш аднаго месяца ў год для пражывання. На працягу трох гадоў сіламі саміх грамадзян, выканаўчага камітэта, КСУП “Людзяневічы” на тэрыторыі сельсавета было знесена 115 старых домаўладанняў, у тым ліку на працягу 2009 года –- 47. І асаблівая заслуга ў гэтым рабочых сельвыканкама В. Лагуна і Н. Шчура. А на месцы знесеных домаўладанняў узводзяцца новыя дамы альбо па жаданню грамадзян зямельныя ўчасткі выдзяляюцца ім для агародніцтва. Праблемным, праўда, застаецца пытанне ўборкі фундаментаў ад знесеных дамоў. Іх бех грашовых сродкаў, як драўляныя дамы, не прыбярэш. У лістападзе 2009 года сельскаму выканаўчаму камітэту было выдзелена 10,4 мільёна рублёў для іх уборкі, гэта дазволіла тэхнікай КСУП “Людзяневічы” прыбраць 40 падмуркаў у населеных пунктах сельсавета. Але застаецца яшчэ звыш 60 і выканкам, натуральна, спадзяецца на далейшае фінансаванне гэтага віду работ.


Нельга абысці маўчаннем і такую важную справу як актыўны ўдзел насельніцтва ў продажы лішкаў малака дзяржаве. І ў першую чаргу гэта жыхары вёсак Доўгая Дуброва, Людзяневічы, Дзедаўка, Сялко. Вось толькі адзін красамоўны прыклад. У вёсцы Доўгая Дуброва пражываюць амаль адны пенсіянеры. Аднак яны ўтрымліваюць 12 кароў, па стану на 17 снежня 2009 года прадалі дзяржаве 21124 кілаграмы малака, або па 1760 кілаграмаў яго ў разліку на кожную карову. А ўвогуле работа па закупу малака ў насельніцтва наладзілася пасля таго, як з пачатку 2009 года ёй пачаў займацца індывідуальны прадпрымальнік Васіль Баліч. Як адзначылі ў выканкаме, на працягу года не было ніводнага збою ў зборы гэтай каштоўнай прадукцыі, хаця ёсць праблемы з тэхнікай. Малако закупляецца ва ўсіх населеных пунктах, дзе гэтага жадаюць людзі, у тым ліку і ў вёсцы Загацце, дзе ў наяўнасці толькі дзве каровы. Нельга не адзначыць і наступны станоўчы факт. Мясцовы выканаўчы камітэт аказвае дапамогу ў праверцы яскаці малака і здатчыкам праводзіцца разлік за малако з улікам утрымання тлустасці ў ім. У выніку такіх старанняў на працягу 2009 года індывідуальны прадпрымальнік закупіў у насельніцтва 318 тон малака, або па 1382,7 кілаграма яго ад кожнай каровы. А гэта на 100 тон больш, чым за папярэдні 2008 год.


Работа па заяўнічаму прынцыпу «Адно акно» праводзіцца тут згодна адпаведнага Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Па прынцыпу “Адно акно” летась было выдадзена 344 даведкі супраць 221 у 2008 годзе, выканана 25 запытаў супраць 27 у 2008 годзе.


На працягу 2009 года ў сельвыканкам з пісьмовымі заявамі звярнулася 183 чалавекі, з вуснымі –- 37, у 2008 годзе адпаведна 213 і 47. Таксама на працягу года выдадзена 1304 рознага роду даведкі супраць 1524 у 2008 годзе, а даведак на рэалізацыю сельскагаспадарчай прадукцыі было выдадзена 125 супраць 116 у 2008 годзе. Зарэгістравана актаў грамадзянскага стану: нараджэнняў –- 26 супраць 19 –- у 2008 годзе, 8 шлюбаў супраць 5, смярцей –- 46 супраць 49, устаноўлена 3 бацькоўствы супраць 2 у 2008 годзе.


З так званымі цяжкімі сем’ямі, дзецьмі і падлеткамі праводзіцца цесная работа сумесна з раённай камісіяй па справах непаўналетніх і са школамі на тэрыторыі сельсавета. На ўліку –- шэсць такіх сем’яў, да бацькоў вернута пяцёра дзяцей.


У сельвыканкаме зарэгістраваны ветэранская арганізацыя, жансавет, камісія па рабоце з моладдзю. Усе грамадскія фарміраванні вядуць сваю работу ў цесным кантакце як між сабой, так і з раённымі структурамі. У цэлым жа падвёўшы агульную рысу пад работай Людзяневіцкага сельсавета, яго дэпутатаў і давераных асоб, прыходзіш да высновы, што тут сапраўды пацвярджаецца вядомы лозунг-дэвіз: улада для людзей, а не людзі для ўлады.


С. ВЕЧАРОВЫ. Фота В. КІЖНЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.