Як кінуць піць?

Яшчэ са старадаўніх, нават райскіх часоў у чалавека асаблівыя адносіны са змеем. Вазьміце ў рукі Стары і Новы Запаветы. Менавіта змей спакусіў Еву пакаштаваць яблычка з забароненага дрэва ў Эдэме. І пайшло-паехала пасля гэтага… Найперш з’явілася каралева граху — ганарыстасць. За ёю — ілжывасць, злосць, зайздрасць, пагарда, помслівасць, здрада…


Сучасны “зялёны змей” – гэта гарэлка, віно, самагонка… Ен, “зялёны змей”, нічым не горшы за свайго райскага папярэдніка. Бліскуча робіць сваю д’ябальскую справу з незапамятных часоў да нашых дзён. Робіць ва ўсіх краінах свету. Ператварае ў бамжа некалі прыстойнага чалавека, робіць з колішняга бязвіннага немаўляці злодзея і забойцу, з добрага сем’яніна – адзінокага недарэку. Не будзем пералічваць усе беды, бясконцае гора і бязвыхаднасць, што нясе з сабой самы пракляты напой, вынайдзены чалавекам (а мо і не чалавекам?), які ў розных мадыфікацыях і прапорцыях утрымлівае алкаголь. Вядома кожнаму: ён косіць сотні, тысячы, мільёны людзей, незалежна ад веравызнання, нацыянальнасці, адукацыі, полу, узросту. Прычым апошняя прыкмета – узрост – для алкаголіка мае абмежаваную планку ў часе, бо рэдкія з іх дацягваюць да 60-ці…


Самае цікавае, што ні адзін алкаголік не прызнае сябе ім. “Ды я проста аматар выпіць і ўсё,” – кажа ён. Ці адмахваецца: “Ну, учора крыху перабраў, не разлічыў сілы, сябра сустрэў (быў на вяселлі, пахаванні і г.д.)”. Усюды адно – спосаб апраўдаць свой загул, выпіўку без берагоў і сумныя наступствы нейкімі вонкавымі прычынамі. У медыцыне побач з паняццем “алкагалізм” ёсць яго слоўны замяняльнік “алкагольная залежнасць”. І шмат людзей вакол нас падпадаюць пад гэтую катэгорыю. На жаль, большасць пасля шчырага перажывання роспачных і нават адчайных хвілін у першы перыяд свайго алкагольнага шляху (звычайна ў маладосці) паступова прывыкае да свайго новага “статусу”, прыстасоўваецца жыць з гэтай хібай і можа ўпарта не заўважаць яе, пакуль, як кажуць, смажаны певень не дзеўбане…


Аднак калі вас пасля шматлікіх вымоў усё ж звальняюць з працы ці ставяць наконт таго пытанне рубам, калі жонка сыходзіць ад вас да маці ці родзічаў, а любімае дзіцятка шэптам просіць: “Татка, не пі”, — то вы ўсё ж пачынаеце шукаць меры. Звяртаецеся да урача-нарколага і ўпершыню прымаеце цвёрдае рашэнне. “Вось вылечуся і больш не буду”. Вам, канешне, прапануюць розныя методыкі лячэння, спосабы не піць год, два, тры… ці нават усё жыццё. Тут і кадзіроўкі “ў Сайкова”, “у Шушкевіч”. Тут “падшыўкі”: унутрывенная, эспераль і г.д. За паслугі, вядома, трэба плаціць. Але зробленыя ўпершыню кадзіроўкі і “падшыўкі” маюць часовы эфект: на год, а то і на два чалавек цверазее. Тут спрацоўвае найперш пачуццё страху – бо вы ведаеце: калі пасля “падшыўкі” хоць злёгку гульнуць, то можа і параліч разбіць, можа спыніцца сэрца, а то і наогул можна памерці. Пры кадзіроўцы вашы мазгі робяцца не зусім вашымі і ўжо не вы самі, а “код” кіруе вашымі паводзінамі, якія нагадваюць паводзіны зомбі. Надыходзіць так званая “сухая цвярозасць”, калі чалавек не п’е, але не можа па-ранейшаму — поўна і радасна — адчуваць прыгажосць жыцця. Бывае, кожны дзень ён толькі і адлічвае, колькі ж яшчэ засталося часу да канца тэрміну ўстрымання. І як толькі мінае гэты абрыдлы тэрмін, небарака літаральна зрываецца з ланцуга і ўваходзіць у страшэнны запой…


Наступная кадзіроўка альбо “падшыўка” часта заканчваецца нашмат хутчэй запланаванага тэрміну. Ужо праз месяца два, а то і праз тыдзень ахвяра алкаголю зноў каля піўной. Есць такія, што гэтых кадзіровак і “падшывак” налічваюць у сваёй біяграфіі дзясяткі. Цяжкія запоі з кожным годам пачашчаюцца, хвароба прагрэсіруе і ў рэшцы рэшт чалавек гіне. Прычым знешне выглядае, быццам памёр чалавек ад раптоўнай ці хранічнай хваробы, напрыклад, ад інфаркту, інсульту, ацёку лёгкага, іншыя паміраюць ад няшчасных выпадкаў: трапіў пад аўтобус, пад аўтамашыну, няўдала ўпаў, парэзалі ў бойцы ці пабілі, замерз ці ўтапіўся і г.д. На кожную згаданую пазіцыю і шмат нязгаданых, ёсць канкрэтныя імёны. Гэта імёны і прозвішчы многіх звычайных, як нам падавалася, нармальных людзей, якіх мы сустракалі раней. Сярод іх і многія знакамітасці: пісьменнікі, паэты, мастакі, акцёры, навукоўцы, музыканты. Сапраўдная ж прычына іх заўчаснай смерці на 100 працэнтаў адна: алкаголь ці, дакладней, алкагалізм. Хоць гэта і не запісана ў медыцынскіх даведках.


Ці пілі калісь нашы бацькі, дзяды, прадзеды? Я б адказаў так: яны не пілі, а зрэдку выпівалі. Па вялікіх, у асноўным царкоўных святах ды калі-нікалі з родзічам ці суседам, калі добрая працоўная справа была зроблена. Не да п’янак было тады вясковаму чалавеку. Работы хапала. Ды і сем’і былі вялікія, шчыраваць даводзілася ад зары да зары.


А што зараз? Наша нацыя не проста співаецца, яна дэградуе. І гэта бомба-трагедыя для народа, краіны, небяспека для яе будучыні. Есць людзі, праўда, якія паціху п’юць усё жыццё. Дакладней выпіваюць у меру. Па святах, часам пасля работы. Іх я не асуджаю і п’яніцамі не лічу. У кадзіроўкі розныя не веру, лічу, што адзіная і самая моцная кадзіроўка –- гэта ўласная сіла волі. Адзіная ўмова кінуць піць –- гэта жаданне кінуць піць. Так, аднаму гэта зрабіць ой як нялёгка. І тут на дапамогу павінны прыйсці, канечне ж, добрыя, шчырыя родзічы, царква, вера ў Бога і высакародная мэта: дзеля чаго ж я жыву на зямлі. Усё павінна грунтавацца на духоўнай праграме. Тады жыццё набывае зусім новыя колеры, напаўняецца новымі якасцямі, якіх не было раней, у нядаўняй “імгле”. Алкагольнае забыццё ім робіцца проста не патрэбна.


У сувязі з вышэйузнятай злабадзёнай тэмай раю ўсім пачытаць кнігі “Чалавек сярод людзей”, “У палоне ілюзій” рыцара цвярозасці, акадэміка медыцыны Фёдара Углова, які пражыў звыш 90 гадоў. Вось які наказ пакінуў ён нашчадкам–славянам: “Думаю, што з вышыні сваіх гадоў, жыццёвага вопыту маю права даць некаторыя парады, патрабаванні да чалавека для доўгага яго жыцця. Што чалавеку трэба?


Першае. Трэба паставіць у жыцці высокую мэту. Яе для мяне ўстанавіла маці. Яна казала: “Старайся рабіць людзям дабро. Зрабі і забудзь. Яно заўсёды вернецца”. Я нёс людзям дабро. І я яго атрымліваў усюды, куды мяне лёс ні закідваў.


Жыць для задавальнення? Гэта страшная мэта. Гэта эгаізм. Гэта спалучана з ахвярамі. Заўсёды хочацца мець яшчэ больш машын, забаў на канарскіх астравах і гэтак далей.


І веруйце яшчэ ў жыцці. Наша праваслаўная рэлігія – рэлігія дабра.


Другое. Не рабіце сабе зла. Алкаголь, тытунь скарачаюць чалавечае жыццё. Каралеўская асацыяцыя ўрачоў Англіі ўстанавіла, што смяротнасць у курыльшчыкаў у 63 разы вышэй. Калі курыць у сям’і адзін чалавек – хварэюць дзеці на 27 працэнтаў, двое – на 90 працэнтаў, трое – усе 100. А кожная трэцяя смерць – па віне алкаголю. Я ж свае здороўе зрабіў сам. Трымаю стабільна на адным узроўні сваю вагу. З дзяцінства палюбіў гімнастыку, купаюся з ранняй вясны да позняй восені, выціраюся снегам. Не карыстаюся ніколі ліфтам.


Трэцяе. “Выходзь з-за стала крыху галодным “, – раіла мне маці. Захоўваю і гэтае яе пажаданне. І ў ЗША страхавыя кампаніі бяруць дадатковую плату, пачынаючы з лішніх 10 кілаграмаў вагі. Днём не сплю.


Чацвёртае. Рабіць фізічную работу. Я пастаянна працую. Раблю і шмат хатняй работы.


Пятае. Майце задавальненне ад зносін з сябрамі, аднадумцамі. Люблю кампаніі. Люблю спяваць народныя песні, танцаваць. Бо песня будаваць і жыць дапамагае не толькі Дунаеўскаму”.


Так, зрабіць рашаючы крок у сваім жыцці нікому не позна. Давайце ўспомнім словы Іаана Златавуста: “Усё няшчасце заключаецца не ў тым, што ты ўпаў, але што ўпаўшы, не ўстаеш; і не ў тым, што саграшыў, але ў тым, што ўпарцішся ў граху”.


Іван СТАРАДУБ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.