Жытло без кніжкі – што цела без душы

Колькі ў нашым раёне бібліятэк і кніжак? Ці застаецца ранейшай цяга людзей да гэтых устаноў культуры? Адказы на гэтыя і другія пытанні дае дырэктар цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Людміла КРОНДА.


— Зараз у нашым раёне працуе 52 бібліятэкі, у тым ліку ў вёсках — 45. Агульны фонд налічвае 416975 экземпляраў кніжак, у мінулым годзе прыбаўка да наяўных склала 8.209, у бібліятэку, якая працуе на палову стаўкі, іх паступіла 10-20 экземпляраў, а на поўную — 30-70. На набыццё новых кніг у 2009 годзе было выдзелена 18,5 мільёна рублёў, што на 51,4 мільёна меней, чым у папярэднім годзе.


З 75 бібліятэчных работнікаў 61 мае спецыяльную адукацыю. У тым ліку 12 працэнтаў — вышэйшую. Летась прытоку маладых спецыялістаў не было. Ахоп бібліятэчным абслугоўваннем у горадзе склаў 58 працэнтаў, у сельскай мясцовасці — 61 працэнт. Сярод дзяцей у мінулым годзе было зафіксавана 6768 чытачоў, што на 31 больш 2008 года. На 487 разоў павялічылася і гадавое наведванне чытачамі. Словам, месца мела наступная тэндэнцыя: чытачы сталі больш наведваць бібліятэкі раёна, але не заўсёды знаходзяць тут патрэбную літаратуру ў сувязі са слабым камплектаваннем фондаў.


— Людміла Міхайлаўна, а над якімі праграмамі, акрамя непасрэднай кнігавыдачы, працавалі вашы работніцы ў мінулым годзе?


— Адной з іх была раённая праграма “Моладзь”, разлічаная на 2006-2010 гады. Агульнавядома, што бібліятэкі як культурна–асветніцкія ўстановы, выконваюць выхаваўчую функцыю, узнімаюць у сваёй дзейнасці сучасныя праблемы культурнага і духоўнага выхавання моладзі. Аналіз жа чытацкіх фармуляраў засведчыў, што моладзь чытае класіку, цікавіцца рэлігіяй, гісторыяй, псіхалогіяй. У вясковых бібліятэках для задавальнення запытаў моладзі выкарыстоўваецца картатэка газетна-часопісных артыкулаў, дзе выдзелены найбольш актуальныя тэмы: “Рэлігія”, “Экалогія”, “Этыкет. Культура. Паводзіны”, “Наркаманія”, “Табакакурэнне”, “СНІД”, “Алкагалізм” і г.д. Вялікую ролю да чытання аказваюць індывідуальныя гутаркі бібліятэкара з чытачом. Бо, як сведчыць практыка, правільна пабудаваная кніга часам важней і карысней любой дзелавой парады. Да таго ж 2009 год быў адзначаны дзвюма асноўнымі датамі — 20-годдзем вываду нашых войск з Афганістана і 65-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І ў правядзенні гэтых мерапрыемстваў самы актыўны ўдзел прынялі бібліятэкары раёна.


Нямала было зроблена і па прапагандзе здаровага ладу жыцця, частымі гасцямі ў бібліятэках былі работнікі РЦГЭ, сельскіх ФАПаў, якія вялі растлумачальна-прафілактычную работу як сярод чытачоў, так і сярод бібліятэкараў. Даступнымі сродкамі рэалізоўвалася бібліятэкамі і “Нацыянальная праграма дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь на 2007-2010 гады”. У прыватнасці, з чытачамі розных узростаў праводзіліся шматлікія масавыя мерапрыемствы, накіраваныя на ўмацаванне сямейных традыцый, павышэнне статуса сям’і ў жыцці сучаснага грамадства. Так, 15 мая, у Міжнародны дзень сям’і, у ліку іншых мерапрыемстваў у бібліятэках былі наладжаны сустрэча з псіхолагам, вечар сямейнага адпачынку, фальклорная гульня-віктарына, гутарка з бацькамі і г.д.


— Мінулы год, як вядома, прайшоў у нашай рэспубліцы пад знакам роднай зямлі.


— Вось чаму вялікая ўвага была нададзена захаванні прымнажэнню нацыянальных духоўных і культурных здабыткаў, гістарычнай спадчыны і прыродных багаццяў краю, самабытных традыцый, выхаванню моладзі ў духу любові да Айчыны. Быў выпушчаны буклет метадычных рэкамендацый “Зямля бацькоў, мая зямліца, ты мой выток, мая крыніца”. Аддзелам бібліятэчнага маркетынгу быў наладжаны раённы семінар: “Краязнаўчая работа ў ЦБС: працяг традыцый, пошук новых форм і зместу работы”, мелі месца метадычныя дні “Работа бібліятэк па захаванні культурна-гістарычных традыцый краю”, “Краязнаўчая работа як важнейшы элемент грамадзянска-патрыятычнага і духоўна-маральнага выхавання дзяцей”.


На працягу года актыўна вялася работа па стварэнні інфармацыйных матэрыялаў аб родным краі, дзякуючы так званым “летапісам” вёсак. Значны краязнаўчы матэрыял быў сабраны і выстаўлены для агульнага знаёмства ў Людзяневіцкай, Ленінскай, Вятчынскай, Перароўскай, Дзедаўскай, Хваенскай, Тураўскай бібліятэках. Бібліяграфічныя агляды, урокі гісторыі, кніжныя выставы, адкрытыя прагляды літаратуры былі падрыхтаваны і праведзены ва ўсіх сельскіх бібліятэках сістэмы. Нельга не адзначыць, што для вывучэння гісторыі роднага краю ў Тураўскай гарадской бібліятэцы працуе інфармацыйны, духоўны і культурны цэнтр Кірылы Тураўскага, дзе сабрана ўся літаратура краязнаўчага характару. Карыстаецца ён вялікім попытам у моладзі, якая выконвае тут хатнія заданні, піша рэфераты. Падрыхтаваны і праведзены ўрокі краязнаўства, гутаркі пра знакамітых людзей, бібліятэкай выпушчаны буклеты ”Мой Тураў — месца святое”, “Асветнікі зямлі Тураўскай”, брашура “Тураўшчына: гісторыя і сучаснасць”, якія былі раздадзены моладзі пры правядзенні мерапрыемстваў.


Адным з прыярытэтных накірункаў дзейнасці застаецца павышэнне ўзроўню экалагічнага выхавання, экалагічнай культуры. Вялікую дапамогу чытачам аказваюць эколага-краязнаўчыя падборкі: “Нацыянальны парк “Прыпяцкі”, “Водныя рэсурсы Жыткавіцкага раёна”, “Экалогія і здароўе чалавека” і г.д. Для прыцягнення чытачоў пры бібліятэках працуюць аматарскія аб’яднанні экалагічнага накірунку: у Тураве — “Вясёлка”, у Перарове —“Пралеска”, у Хлупіне — “Кропелька” і г.д. Вялікія задачы стаяць перад работнікамі цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы ў новым 2010 годзе. І ў эпіцэнтры іх — падрыхтоўка да 65-й гадавіны Вялікай Перамогі. Інтэрв’ю да друку падрыхтаваў


С. ВЕЧАРОВЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.