За імі – будучыня завода

У сёмым цэху Жыткавіцкага маторабудаўнічага завода панавала рабочая, дзелавая атмасфера, калі мы наведаліся туды разам з намеснікам дырэктара па эканоміцы і па арганізацыі ідэалагічнай работы Канстанцінам Савасценя. Работу наладчыкаў і станочнікаў, якія завіхаліся ля сваіх металаапрацоўчых агрэгатаў, кантраляваў намеснік начальніка цэха Анатоль Гарбарукаў, за плячыма якога немалы вопыт працы на мясцовым прадпрыемстве. Пасля нашай просьбы пазнаёміць бліжэй з прадстаўніком маладзёжнага пакалення, так бы мовіць, “станоўчым героем”, Анатоль Анатольевіч пасля маленькага роздуму падвёў нас да агрэгата, за ім упэўнена шчыраваў высокі, шырокі ў плячах юнак. Паспяваў ён працаваць адразу на трох станках.


Далейшае наша знаёмства прадоўжылася ў службовым кабінеце, бо мясцовы, гулкі ў час напружанай работы цэх не для інтэрв’ю, а для высокапрадукцыйнай працы. Токару Сяргею Некрашэвічу ўсяго дваццаць пяць гадоў. Родам ён з горада Мікашэвічы, дзе і закончыў сярэднюю школу, пасля чаго вучыўся ў Лунінецкім ПТВ-146 на токара-універсала. Таму яму разам з іншымі далі штуршок у новае дарослае жыццё, прафесійны падмурак. Навучанне ў прафтэхустанове ён не разглядаў у якасці запаснога аэрадрома на той выпадак, калі не пашанцуе пры паступленні на больш высокую ступень навучання, на самай справе хацеў атрымаць рабочую прафесію па душы, каб затым яму скарылася патрэбная вышыня.


І вось з 2004 года Сяргей Дзмітрыевіч па накіраванні працуе на Жыткавіцкім маторабудаўнічым. Усё больш блізкім становіцца завод і для яго жонкі Ірыны Уладзіміраўны, якая працуе тут шліфавальшчыцай. У 2005 годзе яны пабраліся шлюбам, у сям’і зараз падрастае іх агульная радасць — дачушка Вераніка. Жывуць у заводскім інтэрнаце ў Жыткавічах.


— У гэтыя выхадныя мы перасяляемся, — сказаў у час нашай размовы Сяргей. Але, як высветлілася, перасяленне адбудзецца толькі ў межах інтэрната, а пра ўласную кватэру яны пакуль што светла мараць. Ды не бяда, маладосць — цудоўная пара. Жыццё імкліва размалёўвае кожны новы дзень яркімі фарбамі. Прыносіць новыя падзеі. У лютым на заводзе значна ўзраслі заказы ад спажыўцоў, можна папрацаваць і ў выхадныя дні. За якія заробак падвойваецца. А для тых, што жывуць у згодзе, не баяцца працаваць і ўмеюць чакаць лепшую будучыню, — мары заўсёды збываюцца.


С.ВІЛЬЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.