Гарадскімі маршрутамі

Умела, спрытна развярнуўшыся сярод лужын і пачарнелых гурбаў снегу, —вялікі жоўты аўтобус своечасова, згодна графіка руху, спыніўся на прыпынку. Таўканіна, гармідар, вясёлыя воклікі і жарты. Дачакаўшыся, пакуль чалавечае мора ўтаймуецца ў салоне, вадзіцель зачыніў дзверы і плаўна зрушыў з месца.


Гэтаю парою, перад рабочым ранкам, Аляксандр Кацубінскі ўдвайне ўважлівы і насцярожаны за рулем. Бо дарослыя спяшаюцца на работу, дзеці ў школу, на вуліцах райцэнтра значна ўзрастае інтэнсіўнасць руху як дзяржаўнага, так і ўласнага транспарту. І, на вялікі жаль, не ўсе захоўваюць правілы дарожнага руху, не ўсе пераходзяць вуліцу ў вызначаных для гэтага месцах. У аўтобусе самы каштоўны ў свеце груз — людзі. І ён у гэты час у адказе за здароўе і жыццё кожнага. Таму вока ды вока трэба…


Пасля заканчэння 8 класаў Жыткавіцкай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы №1 пытанне, кім быць, перад юнаком не стаяла. Бо шафёрскай справе аддалі ўсяго сябе як яго бацька, так і брат. Закончыў Жыткавіцкае ПТВ-45, служыў у арміі, працаваў вадзіцелем у Мазыры, затым, вярнуўшыся зноў у Жыткавічы, у ДБПМК-53, у раённым вузле паштовай сувязі. І вось ужо пяты год круціць абаранку ў філіяле №16 адкрытага акцыянернага таварыства “Гомельаблаўтатранс” Аляксандр Сяргеевіч — вадзіцель гарадскога аўтобуса, працуе на напружаных маршрутах райцэнтра з паловы сёмай гадзіны да пачатку дваццатай. А ў нядзелю дастаўляе пасажыраў па прыгарадных маршрутах. Своечасовасць, дакладнасць, ветлівасць, прафесіяналізм — вось тыя якасці, дзякуючы якім ён пачэсна выконвае свае абавязкі і карыстаецца павагай сярод сваіх таварышаў па рабоце і ў кіраўніцтва філіяла. Таму ён і быў удастоены гонару прадстаўляць калектыў жыткавіцкіх аўтамабілістаў на раённай нарадзе перадавікоў народнагаспадарчага комплексу.


С. ВІЛЬЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.