Наш край нам адраджаць!

6 сакавіка ў Жыткавіцкім гарадскім цэнтры культуры адбылося раённае свята — падводзіліся вынікі працы за мінулы год. Свята, якое дае яшчэ адзін пазыў дамагчыся лепшых вынікаў, каб прыгажэй і мацней была наша беларуская зямля, каб у кожнай хаце быў дастатак і дабрабыт. І невыпадкова на сцэне, у эпіцэнтры падзей былі лепшыя працаўнікі, лепшыя вытворчыя калектывы.


Людзі працы! Як сціпла яны падымаюцца на сцэну за заслужанай узнагародай! У вачах, у тварах чытаеш адначасова і радасць, адчуваеш велізарнае хваляванне — лепш працаваць не пакладваючы рук, чым пад сотнямі вачэй адзін раз падняцца на сцэну! Прыродная наша палеская сціпласць… Але цёплыя погляды, віншаванні, адчуванне невыпадковасці падзеі здымаюць напружанне і ствараюць у чалавека святочнае пачуццё.


Не магло не ўзнікнуць пачуцця гонару за свой рэгіён ад агледзінаў таго, што было прадстаўлена ў рэкрэацыі і на другім паверсе цэнтра культуры — прадукцыі, якая вырабляецца ў раёне, самыя сапраўдныя творы мастацтва, творы умелых людзей — усё гэта пераконвала, што мы можам добра працаваць і тварыць.


Вынікі 2009 года былі ў цэнтры ўвагі ў пачатку мерапрыемства, на якім прысутнічалі каля трохсот чалавек, — гэта лепшыя працаўнікі прадпрыемстваў і ўстаноў, іх кіраўнікі, старшыні прафсаюзных камітэтаў, практычна ў поўным складзе раённы выканаўчы камітэт і прэзідыум раённага Савета дэпутатаў. Прыгожым было адкрыццё злёту перадавікоў: аб яго пачатку “заявілі” юныя барабаншчыцы Жыткавіцкай школы мастацтваў, затым гучаў Гімн нашай краіны.


Ад імя мясцовых органаў улады ўсіх прысутных прывітаў старшыня Жыткавіцкага райвыканкама Мікалай Какора. У сваім выступленні (суправаджалася слайдамі) ён, у прыватнасці, падкрэсліў, што, нягледзячы на складаную эканамічную сітуацыю, дзякуючы агульным намаганням і стараннай працы выкананы шэраг прагнозных паказчыкаў, даведзеных раёну: вытворчасць валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі, інвестыцыі ў асноўны капітал па падведамасных арганізацыях, экспарт паслуг, а таксама ўвод у строй жылля. Забяспечана станоўчая дынаміка па экспарту тавараў, платных і бытавых паслугах насельніцтву. Мікалай Какора адзначыў далей, што прамысловая вытворчасць была і застаецца асновай стабільнага функцыянавання і развіцця Жыткаўшчыны. На жаль, з-за аб’ектыўных прычын назіраецца пэўны спад вытворчасці. Аднак ёсць прадпрыемствы ў раёне, якія нават у гэтых умовах нарошчвалі аб’ёмы: ААТ “Жыткавіцкі торфабрыкетны завод”, “Пратон-М”, “Тураў”, “Сатурн-1”. За 2009 год прадпрыемствамі раёна выраблена тавараў народнага спажывання на суму 67 мільярдаў рублёў, аб’ём экспарту склаў больш 4 мільёнаў долараў ЗША, рознічны тавараабарот — 146 мільярдаў рублёў.


Падкрэсліў кіраўнік раёна высокае майстэрства і прафесіяналізм работнікаў АПК. Нягледзячы на ўмовы надвор’я, тэмп валавай вытворчасці ў грамадскім сектары склаў 121,6%, валавы збор збожжа павялічыўся на 5% і склаў 30,2 тысяч тон зерня. Ураджайнасць вырасла на 2 цэнтнеры з гектара і склала ў сярэднім па раёну 26,7 цэнтнера з гектара. Выкананы задачы па нарыхтоўцы кармоў — 117 працэнтаў да ўзроўню папярэдняга года. Значныя перамогі дасягнуты і ў жывёлагадоўлі: на 514 кг малака надоена больш, чым у 2008 годзе.


Мікалай Какора спыніўся таксама на функцыянаванні і дасягненнях іншых галін эканомікі. У прыватнасці, ён адзначыў, што ў адпаведнасці з пашпартам развіцця ўзведзены аграгарадок Азёрны, на будаўніцтва якога было выдаткавана болей аднаго мільярда рублёў. Здадзена ў эксплуатацыю малочнатаварная ферма на 600 галоў дойнага статка і даільна-малочны блок у КСУП “Чырвоны Бор”. Акрамя гэтага, будаўнікамі раёна ў 2009 годзе ўзведзена больш 13 тысяч квадратных метраў жылля, у тым ліку звыш двух тысяч на вёсцы.


У выступленні старшыні райвыканкама была дадзена высокая ацэнка дзейнасці сістэм аховы здароўя, адукацыі, культуры, спорту, сацыяльнай сферы. Падзякаваўшы за сумленную працу ўсім працоўнікам раёна, М. Какора адзначыў, што нямала трэба будзе зрабіць у бягучым годзе: мабілізаваць сілы і сродкі на выкананне прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна. Ен падкрэсліў, што даведзеныя заданні высокія, але рэальныя і іх неабходна выканаць. Рэалізацыя ж планаў, на думку старшыні райвыканкама, будзе залежыць ад адносін да працы кожнага кіраўніка, кожнага працаўніка. І найперш — ад тых людзей — перадавікоў, якія запрошаны на сёлетняе свята працы і іх творчых магчымасцяў…


Залатым фондам нашага раёна назваў старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Атліванаў лепшых працаўнікоў вытворчых калектываў — ён таксама падзякаваў іх за нястомную працу і патрыятызм. Удзячнасць выказана і ветэранам вытворчасці — гэта прыклад для падражання ўсім маладым, як трэба працаваць, любіць Зямлю.


Старшыня райсавета выказаў словы падзякі кіраўнікам, адзначыў, што ў сённяшняй складанай сітуацыі яны нясуць немалую адказнасць за дзейнасць калектываў, жыццё падначаленых, не лічачыся з напластаваннем фізічных і духоўных нагрузак, якія адбіваюцца на іх.


За агульнымі вынікамі працы ва ўсіх сферах эканомікі заўважна і праца прадстаўнікоў дэпутацкага корпусу, а гэта немалая колькасць радавых працаўнікоў, кіраўнікоў вытворчасці. У Жыткавіцкім раённым Савеце добра працуюць 38 дэпутатаў, у Тураўскім гарадскім — 15, у сельскіх Саветах — 144.


Віктар Атліванаў падзякаваў прысутных за выдатную працу, пажадаў перадавікам далейшых поспехаў.


Духоўнага пачатку ва ўсіх справах пажадаў у сваім пранікнёным выступленні пратаіерэй Генадзь Хаткевіч.


Цудоўныя канцэртныя нумары гучалі са сцэны ў першай частцы свята. Цёплым было выступленне выхаванцаў дзіцячага садка “Буслік” і высокапрафесійным — народнага ансамбля “Сваты”, народнага сямейнага калектыву “Абібок” і інш.


Даволі працяглым па часе, але запамінальным быў блок узнагароджання пераможцаў вытворчасці і сацыяльнай сферы. Пад марш і апладысменты ўдзельнікаў мерапрыемства сцягі вынеслі на сцэну афіцэры раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, раённага аддзела ўнутраных спраў. Было зачытана рашэнне раённага выканаўчага камітэта, сцяганосцы паднеслі сцяг старшыні райвыканкама, які, у сваю чаргу, уручыў яго кіраўнікам: Жыткавіцкага торфабрыкетнага завода, КСУПа “Бялёў”, Ленінскай участковай бальніцы, РУПС, ПМК-76, ААТ “Сатурн-1”, Людзяневіцкага сельскага выканаўчага камітэта. Адбывалася ўзнагароджанне калектываў Ганаровымі кубкамі, дыпломамі, а таксама Ганаровымі граматамі і каштоўнымі падарункамі перадавікоў вытворчасці (у мінулым нумары мы надрукавалі рашэнне райвыканкама і спіс усіх узнагароджаных). Заўважым хіба, што ўзнагароджанне перадавікоў рабілі папераменна в.а. начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання А.М. Наўныка, намеснікі старшыні райвыканкама С.С. Таболіч, В.М. Рагалевіч, У.А. Быстрэнка. Ды і тое, што цырымонія сапраўды была святочнай: узнагароды выносілі прыгожыя дзяўчыны ў бальных і беларускіх строях; выдатнымі былі і канцэртныя нумары.


Але не адбылося без сюрпрызаў для многіх прадпрыемстваў і ўстаноў — на свята завіталі прадстаўнікі мабільнага аператара Life:) Д.Гаеў і У. Харужы. Яны ўручылі падарункі ад мабільнага аператара розным установам і прадпрыемствам. Гэтаксама прыемнасцю сталася віншаванне Мікалая Какоры Святлане Леўкавец, ветэрынарнаму фельчару Жыткавіцкай райветстанцыі і Аляксандру Прыходзька, аператару машыннага даення КСУП “Дзякавічы”, з днём нараджэння.


Старшыня райвыканкама, завяршаючы мерапрыемства, падкрэсліў, што любая справа ўдаецца толькі дзякуючы намаганням тысяч людзей. І калі мы разам будзем імкнуцца працаваць лепей, то і наша жыццё стане іншым. Ен павіншаваў усіх прысутных жанчын, а ў іх асобе ўсіх жанчын раёна з цудоўным вясеннім днём 8 Сакавіка і аб’явіў аб святочным падарунку — выступленні на раённым злёце перадавікоў Дзяржаўнага Акадэмічнага Народнага хору Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам М.П. Дрынеўскага. Працяглымі апладысментамі адорвалі рэспубліканскіх артыстаў удзельнікі свята працы — героі і таленты Зямлі жыткавіцкай. Асабліва, калі гучалі бессмяротныя мелодыі вядомага беларускага кампазітара, нашага земляка Уладзіміра Будніка.


У. МІКАЛАЕЎ. Фота В. КІЖНЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.