Пра карысць забароны, альбо Вучыцеся піць піва

У рэшце рэшт калі-небудзь трэба было пачынаць. Гутарка ідзе пра забароны. Зірнем вакол шырэй: дэмакратычны свет імі не грэбуе. Наадварот: ужыванне алкаголю і курэнне пад строгім наглядам дзяржавы і грамадства. Вось жывыя прыклады. Міністэрства аховы здароўя Велікабрытаніі прыняло план поўнага выкаранення курэння. У Францыі забарона на курэнне табака ў грамадскіх месцах прынята яшчэ ў 2008 годзе. Дэпутаты Маскоўскай гарадской Думы прапанавалі ўвесці сухі закон па выхадных.


І ў нас з мінулага месяца ўступіў у сілу закон, які прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць за распіццё піва ў грамадскіх месцах. Нарэшце. І паціху адыдзе ў нябыт малюнак, калі цэлае пакаленне глытала гэты “слабаалкагольны напой” на ўсіх лаўках і ва ўсіх гарадскіх дварах, лічачы, што развязнасць паводзін гэта і ёсць свабода. А малодшыя па ўзросту глядзелі на старэйшых і “вучыліся”. Дурная справа, як вядома, няхітрая.


Гэта ўвогуле псіхалагічны феномен. Чаму, скажам, пошласць літаральна ліпне да чалавека, а добрым паводзінам вучацца доўга і марудна? Чаму рух уверх па асваенню ведаў, маральных і этычных забарон праходзіць цяжка і хваравіта, а саслізгванне ўніз — у невуцтва, хамства і ляноту — імгненна і з любой вышыні? Калі невук трапляе ў асяроддзе інтэлектуалаў, ён замыкаецца, не маючы магчымасць падтрымліваць гутарку. Калі ж наадворот інтэлігентны адукаваны чалавек трапляе ў хамаватае асяроддзе, ён хутка пачынае пераймаць яго звычкі і стылістыку…


Канечне, дзе моладзь, студэнты, там і пагулянкі, вечарынкі. Але на ўсё ёсць свой час. А галоўнае – месца. Ніколі яшчэ “сяброўскія выпіўкі” не былі такія бессаромныя, бо не ладзіліся на вачах ва ўсіх прама на вуліцах, у дварах, на дзіцячых пляцоўках, у парках, ля фантанаў, ля рэк і азёр, як у апошнія гады. Пляшкі піва, чыпсы, семкі, брыдкаслоўе. І прыбіральня пад суседнім кустом… Брыдка! Ідзеш летнім вечарам па гораду і баішся вочы падняць, каб не натыкнуцца на гэтую чалавечую памыйку і не запэцкацца.


І што цікава, вырві кожнага паасобку з гэтай кампаніі, дык ён, магчыма, нават эрудыт. А ў масе ды яшчэ з півам у руках… Зграя, даруйце, патрабуе інстынктаў… Канешне, гэта адносіцца далёка не да ўсіх прадстаўнікоў маладога пакалення. Людзі, у прынцыпе, умеюць адэкватна рэагаваць на строгія забароны. Значыць яны,забароны, у канчатковым выніку дзейсныя. І карысныя.


Падкрэслім, што калі мы гаворым пра распіццё піва ў грамадскіх месцах, то маем на ўвазе не пастаянных дарослых выпівох, а менавіта моладзь, будучыню нацыі. А гэта часта маса, якая ў некаторым сэнсе вельмі інфантыльная. І калі масу не вучыць і не тлумачыць ёй, дзе чорнае, а дзе белае, то сама па сабе жалезная рука рынку нікога не выхавае, нікуды не прывядзе. Магчыма, хтосьці скажа, што падыход не дэмакратычны. А мы лічым, што дэмакратычны, бо ў любым грамадстве каштоўнасці павінны ўкараняць тыя, хто мае пра іх уяўленне.


У грамадстве, у асяроддзі моладзі, як і чакалася, разгарнулася дыскусія. Аргументы прыхільнікаў распіцця ў любых месцах першабытныя: і хачу, і буду! Ранейшая вольніца кліча: “Хачу піць піва на свежым паветры ў скверы, на лаўцы, у цішыні, а таксама няспешна прагульваючыся цёплыя летнім вечарам, любуючыся заходам сонца і разважаючы пра вечнае”. Эх, і нагарадзіў… На свежым паветры, з півам, любуючыся прыродай… Як лёгка ўкараняюцца стэрэатыпы! А чаму не з бутэлькай кефіра? Не са слоікам бульёна? Не з пакецікам ражанкі? Чаму кісламалочныя прадукты – смешна і неразумна, а піва – эстэтычна і карысна? Чаму свежаму паветру патрэбны абавязкова нясвежыя мазгі, лёгкі перагар і тупая ікота? А таму, што малюнак “з півам” сфармаваўся 20-гадовай рэкламай і непрыкметна ўстроены ў свядомасць як узор для пераймання.


Такім чынам, першы крок зроблены. І вучыцеся піць піва. У сталовай, бары, рэстаране. Дома, у харошай размове. Перад экранам тэлевізара – халодненькае, пеннае. З рыбкай, на якую багаты нашы магазіны і вадаёмы. І прыемнага вам апетыту!


С. ВІЛЬЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.