Чарнушка – тройчы маці

Жывёлаводаў КСУПа “Чырвоны Бор” здзівіла сваёй пладавітасцю карова па мянушцы Чарнушка. Днямі яна прынесла адразу траіх цялят.


— Адбылася гэтая падзея ў абедзены час, — расказвае загадчык фермы “Пляцоўка” Таццяна Макарэвіч. — Першыя дзве цёлачкі з’явіліся на свет хутка, а вось за трэцюю прыйшлося пахвалявацца і дапамагаць рагулі з апошнім ацёлам. Але ўсё абышлося добра, цяляткі здаровыя, а Чарнушка цяпер любіміца ўсёй нашай фермы.


Па словах спецыяліста, цяпер карове выдзяляецца ў рацыён дадатковая порцыя канцэнтратаў, каб яна ўзнавіла свае сілы, а яе патомства размясцілі ў асобных хлеўчуках. Догляд за цялушачкамі і іх маці ажыццяўляе даярка Наталля Майшук, у групе якой і стаіць карова. Аператар машыннага даення таксама рада за сваю гадаванку. Таму зараз стараецца добра яе раздаіць, а таксама выгадаваць цялят, каб перадаць іх у групу вырошчвання ўкормленымі і здаровымі.


— Цяляткі вельмі маленькія, таму стараюся іх не перакарміць, — расказвае Наталля. – Малачком выпайваю па тры разы ў дзень, дома заварваю ім чай, адчуваюць сябе гадаванцы вельмі добра, як і сама карова. Яна мае рахманы характар, і малакааддача ад яе нядрэнная. Мянушку пакуль атрымала толькі адна нованароджаная— чырвоную па масці назвалі Краснуха.


У яе групу Чарнушка папала нядаўна, гэта яе не першы расцёл, але тройню ніколі не прыносіла. Тое, што гэта надзвычай рэдкі выпадак, пацвердзіла і заатэхнік-селекцыянер райплемстанцыі Валянціна Азаранка:


— Ацёл двух цялят надараецца даволі часта: нядаўна такая з’ява адбылася на ферме КСУПа “Бялёў” двойчы, некалькі выпадкаў зарэгістравана летась у КСУПе “Дзякавічы”. Але спрагназаваць множны прыплод нельга. Хаця ёсць верагоднасць, што ў такога патомства праз пакаленні можа праявіцца гэтая адметнасць.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.