Дыхайце праз маску!

Напярэдадні велікодных свят, а менавіта ў мінулую пятніцу, прачнуўся ад едкага паху дыму ў спальным пакоі. Галава проста раскалвалася. Першая рэакцыя: не дай бог пажар! Шок. Аднак, абышоўшы хутка ўсю кватэру, не знайшоў крыніцы гэтага паху. Зірнуў за вакно: малочны світанак паглядаў на мяне адтуль. Але то быў, як дыхнуў вецер, не туман, а звычайны едкі дым, які запаланіў усю прастору над шматпавярховым домам. Мільганула думка, што недзе неразумны чалавек паліць сухую траву. А колькі ж мы пісалі ў газеце, што гэта шкодна і для прыроды, і для чалавека…


Прыйшлося перабрацца спаць у залу — там было зачынена ўсю ноч акно і дым не змог прабрацца ў кватэру. Сяк-так дачакаўся раніцы і з “разбітай” галавой накіраваўся на працу. Зразумела, работнік з мяне быў кепскі ў такі дзень. А пад вечар, вяртаючыся дадому, яшчэ на падыходзе да мікрараёна Азёрны, вецер прыгнаў зноў той самы едкі пах дыму. Гэта нейкае наканаванне, падумалася тады. І раптам у вочы кінуўся страшны малюнак, які раскрыў прычыну дымавой напасці ў шматпавярховым мікрараёне: гэта ж дыміцца так, расцілаючы па зямлі клубы дыму, парнік прыватнага гаспадара! Рука пацягнулася за фотакамерай, каб націснуць на яго кнопку…


Ну і што, скажа чытач, з таго, што цябе атруцілі дымам? А сапраўды — што? Што з таго, што дыхаюць гэтым нашы дзеці, што задыхаюцца хворыя на астму мужчыны і жанчыны? Што ўсё гэта адбываецца, лічы, побач са шматпавярховай забудовай мікрараёна Азёрны, самага прыгожага ў горадзе?


Думаем, што мець маленькі Асвенцым пад бокам ніжэй нашай чалавечай годнасці. Прадпрымальніцтва — прадпрымальніцтвам, і гэта добра, што людзі займаюцца агародніцтвам, але ж не такой горкай цаной. Магчыма, ім можна займацца толькі, калі сапраўды пацяплее і ад сонечнага цяпла пад плёнкай будзе расці, прыбываць ураджай. Толькі ж цяпер — як людзям жыць побач?


Няўжо не разумеюць адпаведныя службы, якія адказваюць за экалогію і наша з вамі здароўе, што дазваляць будаваць парнікі ў шматпавярховай забудове — злачынства? Калі не разумеюць, то мы спецыяльна друкуем гэты здымак як фотадоказ і спадзяемся атрымаць поўнавартасны адказ ад гэтых структур: як такія выкіды ў паветра ўздзейнічаюць на наша здароўе, ці дазволена займацца такой дзейнасцю ў густанаселеным мікрараёне, дзе жыве і гадуе дзяцей некалькі тысяч чалавек.


Друкуючы гэтае фотаабвінавачванне, мы адначасова звяртаемся і да чытачоў-гараджан: а вам падабаецца жыць у дымавой завесе? Напішыце, патэлефануўце нам.


У. ГАЎРЫЛОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.