Энергетыка Міхаіла Саскевіча: са знакам “станоўча”

Адкрытае акцыянернае таварыства “Сатурн-1” — сучаснае прадпрыемства раёна, якое дынамічна развіваецца і сваёй прадукцыяй годна заяўляе аб сабе ў рынкавых умовах. Настойлівы і мэтанакіраваны кіраўнік і каманда прафесіяналаў смела заяўляюць пра сябе на ўсю краіну… 


Вельмі паважаю людзей справы. Людзей дакладных і абавязковых. Прафесіяналаў — спецыялістаў і кіраўнікоў. Мне прыемна сустракацца, гутарыць з такімі людзьмі. Сам набіраюся ад іх добрай энергетыкі. Што яшчэ для мяне важна, каб гэтыя людзі не былі зашоранымі (зацыкленымі) толькі вытворчымі нейкімі праблемамі, а ўмела раздзялялі паняцці “праца” і “жыццё”. Карацей, былі нармальнымі сучаснымі людзьмі. Відавочна, што пад такую высокую планку не так лёгка падпасці, каб дагадзіць аўтару гэтых радкоў. Але, скажу я вам, такія людзі ёсць. І я пастараюся пра іх распавесці праз сваё бачанне, сваё ўспрыманне гэтых асобаў. Яны, забягаючы наперад, падкрэслю, заслугоўваюць таго.


Повязь з зямлёй


Ці думалі калі ў звычайнай хваенскай сям’і Саскевічаў, што некалі пра іх сына будуць расказваць і па радыё, і па тэлебачанні, пра яго талент арганізатара напішуць шматлікія газеты ў краіне? Канешне ж, не думалі, не загадвалі. Хаця ж спадзяваліся, што ўсе іх трое сыноў стануць годнымі людзьмі. Ведалі Пётр Андрэевіч (працаваў бацька машыністам цеплавоза ў леспрамгасе) і Ганна Міронаўна (маці шчыравала рабочай у леспрамгасаўскай пякарні) адно: не будзе дарэмнай “прышчэпленая” імі простая навука сынам жыць і працаваць сумленна, а ўменне ладзіць з людзьмі, як умелі яны самі, прырасце, укараніцца ў душах дзяцей, а праз іх перадасца ўнукам і праўнукам. Гэта ж вельмі важная якасць чалавечая: ладзіць з людзьмі…


Маці вельмі перажывала, калі яе Міша з сябрамі пачынаў свой гэты незразумелы на той час любому вяскоўцу бізнес. Нават слова самое страшна было прамовіць. Было шмат ад савецкага часу ў тых перажываннях — гэта ж усё новае, можа, і не прыжывецца, ці не лепей было б працаваць на дзяржаўным прадпрыемстве? Але ў думках блаславіла на добрую дарогу. А калі ж хутка іх сын стаў кіраваць людзьмі, і справы на створаным новым прадпрыемстве пайшлі паспяхова, бацькі пагадзіліся, што гэта сапраўды справа яго жыцця. І радаваліся сыноўняму прафесійнаму росту, уменню ладзіць з людзьмі, яго арганізатарскім здольнасцям. Было ж чаму ганарыцца.


Бацькоў Міхаіла Саскевіча ўжо даўно няма на свеце… Толькі душа мужчыны імкнецца ў родны Хваенск, дзе закапана яго пупавіна. Там цяпер — магілы родных. Кожная паездка ў родны куток — нібы бясслоўная споведзь, як духоўная справаздача: як ладзяцца справы ў сям’і і на працы, як пражыты яшчэ адзін год…


Вось і днямі, на Радаўніцу, ён быў на могілках. А вяртаючыся, чуў добрыя словы ўдзячнасці ад вяскоўцаў — за дапамогу, за падтрымку ў гэты цяжкі час. У добраўпарадкаванні могілак і вёскі. І ён, крыху саромечыся, адказваў:


— Па вашай жа просьбе старшыня сельсавета, Ганна Рыгораўна, прасіла дапамогі. Землякам нельга не дапамагчы, і, наколькі гэта магчыма, сатурнаўцы яшчэ будуць дапамагаць…


Так, не крыўдзіць землякоў Саскевіч, адгукаецца на іх просьбы. Ды і не толькі на іх.


А землякі, безумоўна, ганарацца, што іх аднавясковец — некалі няўрымслівы вясковы хлопчык — выйшаў на такія шырокія гарызонты малога бізнесу. Яны ведаюць, што пачынаючы з 2000 года дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства Міхаіл Саскевіч разам са сваім “Сатурнам-1” прызнаецца пераможцам абласнога конкурсу прадпрымальніцтва. Амаль штогод адзначаецца вытворчая скіраванасць узначальваемага ім прадпрыемства, прырастаюць набыткі калектыва. Праўда, Саскевіч, ад прыроды сарамлівы, не пахваліўся, што напярэдадні атрымаў з рук губернатара дарагую ўзнагароду — па выніках 2009-га ён у чарговы раз прызнаны лепшым прадпрымальнікам Гомельшчыны…


Праца – аснова поспеху


19 гадоў назад Міхаіл Саскевіч разам з двума аднадумцамі вырашылі арэндаваць у моторабудаўнічага завода, на якім працавалі і які ў пераломны момант апынуўся ў складанай эканамічнай сітуацыі, невялікае памяшканне. На асабістыя зберажэнні купілі станок і наладзілі выпуск першых вырабаў. На той час прадукцыя карэнным чынам адрозніваліся ад таго, чым займаецца прадпрыемства сёння.


Рызыка, скажам так, была вялікай, але калі сказалі “а” трэба было гаварыць і “б”. Саскевіч і яго сябры настойліва шукалі сваю нішу запатрабаванасці. І, нарэшце, знайшлі яе. Наладжванне вытворчасці дэталяў для машынабудавання — вось дзе доўгатэрміновая перспектыва для развіцця! І прадпрымальнікі смела пайшлі да абранай мэты. Было, зразумела ж, нялёгка, але талент арганізатара Саскевіча, настойлівы пошук заказчыкаў прадукцыі, надзейнае плячо сяброў — усё станоўча адбілася на распачатай справе. Так прадпрыемства паціху прырастала кадрамі, набыло новую базу. Асвойваліся новыя віды дэталяў, нават паспяхова супрацоўнічалі з мэблевымі фабрыкамі краіны. Браліся, што там казаць, за ўсё, што давала магчымасць выжыць. Часы ж былі нялёгкія, беларуская эканоміка толькі станавілася на ногі пасля развальных паслясавецкіх гадоў.


З цягам часу быў асвоены выпуск дэталяў для Беларускай чыгункі. Чыгунка пасля і стала адным з асноўных партнёраў “Сатурна-1”. Затым іх шэрагі папоўніліся такімі вядомымі арганізацыямі, як КУП “Мінскі метрапалітэн”, некалькі лакаматыўных дэпо рэспублікі, а з нядаўніх часоў вядомае прадпрыемства “Беларуськалій”…


Выйграваючы тэндэр за тэндэрам, уносячы свой уклад у выкананне дзяржаўнай праграмы імпартазамяшчэння, жыткавіцкія металаапрацоўшчыкі сёння вырабляюць для партнёраў каля 300 найменняў разнастайных дэталяў. Есць сярод іх і такія, што нідзе больш на тэрыторыі СНД не выпускаюцца.


Апошнія дзесяць гадоў прадпрыемства працуе толькі на рост: вытворчасці, заробкаў работнікаў, развіцця. І дамагацца добрых працоўных поспехаў у калектыве, які налічвае амаль 100 чалавек, стала сапраўды добрай традыцыяй.


У мінулым годзе прадпрыемства вырабіла і рэалізавала прадукцыі амаль на 13 мільярдаў рублёў, стварыла 18 новых працоўных месцаў. Пры гэтым, прырост выпуску прадукцыі 2009 года да ўзроўню 2008 года склаў звыш 33 працэнтаў. Але, мусіць, самы даходлівы і значны паказчык — гэта тое, што сатурнаўцы значна прыраслі і ў заработнай плаце, сярэдні паказчык па прадпрыемству яе склаў за мінулы год 2 мільёны 151 тысяча рублёў.


Зразумела, у кожнага з нас, не звязанага з прамысловасцю і эканомікай, узнікае пытанне: дык у чым жа сакрэт поспеху “сатурнаўцаў”? Адказ мне бачыцца ў простай выснове: у таленце кіраўніка, яго ўнутранай энергетыцы, якая распаўсюджваецца станоўчым зарадам на тых людзей, якія прыйшлі да яго працаваць, прымаючы на сябе адпаведныя ўмовы і разумеючы мэту прадпрыемства…


І я маю рацыю на такі вывад. Найперш таму, што наладзіць вытворчасць у глыбінцы з выпускам прадукцыі, якая была б запатрабаваная далёка за межамі месца яго знаходжання ды яшчэ без сур’ёзнага першапачатковага капіталу, — справа вельмі складаная. Яна патрабуе ведаў, разліку, прафесіяналізму і яшчэ шмат чаго. Аб’яднаўшы ўсе намаганні, увесь творчы патэнцыял, толькі пры вялікім жаданні — магчымая! Нават у перыяд сусветнага крызісу, які сваім крылом не можа не зачапіць такую сур’ёзную вытворчасць, як металаапрацоўка.


Вось чаму сёлетні поспех сатурнаўца, як мне бачыцца, найбольш значны, чым усе папярэднія. Гэтую думку падтрымлівае і сам Міхаіл Пятровіч Саскевіч:


— Па выніках сёлетняга года плануем выйсці на аб’ём звыш 15 мільярдаў рублёў, — кажа ён. — А крызіс, якім сёння шматлікія спрабуюць апраўдаць уласныя недапрацоўкі, сведчыць пра адсутнасць гнуткасці і мабільнасці. Мы, наадварот, смела гаворым аб крызісе як аб стымулюючым фактары, які партнёраў новых дапамог знайсці і прымусіў інакш падысці да рашэння вытворчых задач. Сёння наяўныя на прадпрыемстве тэхналагічныя магутнасці даюць магчымасць выканаць поўны цыкл апрацоўкі цэлага шэрагу досыць складаных у тэхнічным плане дэталяў ад атрымання нарыхтовак да фінішных аперацый. І мы працягваем уносіць прыкметны ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай праграмы імпартазамяшчэння…


Навацыі і добрая каманда = выдатны вынік


Вопытны кіраўнік Саскевіч разумее, што паспяховага развіцця прадпрыемства не дасягнеш без дасведчанай каманды прафесіяналаў, без стварэння нават духоўнай повязі паміж работнікамі, без змянення стылю працы. Усё гэта павінна быць памножана на інавацыі.


Як жа на практыцы гэта ўдаецца ажыццявіць — такое маё пытанне кіраўніку прадпрыемства.


Каманда — гэта аснова. Аказваецца, пры выкананні заданняў і аб’ёмаў работ, якія нярэдка бываюць звышзначнымі, тут не заведзена ківаць адзін на аднаго. Кожны з працаўнікоў максімальна выкладваецца на сваім працоўным месцы, усе службы працуюць з узаемным разуменнем і падтрымкай. Калі ў “Сатурн-1” звяртаецца патэнцыйны дзелавы партнёр з прапановай размясціць заяўку на вызначаны від прадукцыі, спецыялісты прадпрыемства здольныя даць адказ адносна таго, наколькі хутка па часе змогуць наладзіць яго выпуск, літаральна праз суткі. Ну, бывае, праз двое — гэта самы вялікі прамежкавы перыяд.


Важна падкрэсліць, што ў акцыянерным таварыстве з самага пачатку абвясцілі бой усякай валакіце і зацяжной паператворчасці, гэтаму асноўнаму недахопу сучаснага кіравання, пры якім на ўзгадненні сыходзяць дні, тыдні і нават месяцы, а справа, такім чынам, можа быць і загублена. Працэс “праходжання” пабудаваны так, што для цэлага шэрагу рашэнняў у ААТ “Сатурн-1” нават не патрабуецца візы дырэктара. Вось так і не іначай! Спецыялісты-прафесіяналы павінны быць адказнымі!


Зразумела, каб вычарпальны з тэхнічнага і эканамічнага пункта гледжання адказ быў магчымы ў самыя сціснутыя тэрміны, неабходны належныя ўмовы, гэта значыць камп’ютэрнае і тэхналагічнае абсталяванне. Што, кажа Саскевіч, ёсць у патрэбнай колькасці, а да гэтага прыкладаецца высокая кваліфікацыя спецыялістаў, якія здольныя з падобнай працай справіцца на выдатна. Немалаважна падкрэсліць, што канструктарскімі і тэхналагічнымі распрацоўкамі на “Сатурне-1” займаюцца лічаныя людзі — падраздзяленне гэта складаецца ўсяго з чатырох чалавек.


Больш таго, — каменціруе дырэктар прадпрыемства, — “Сатурн-1” настойліва ўзяў курс на высокае тэхнічнае абсталяванне вытворчасці, без чаго немагчыма выкананне заявак на сучасным узроўні. Напрыклад, па шэрагу груп станкоў, у прыватнасці такарным, фрэзерным, прадпрыемства мае самае высокадакладнае на сённяшні дзень абсталяванне. Ажыццёўлены пераход і на сучасныя апараты ў зварачнай вытворчасці. Закуплена кавальска-прэсавае абсталяванне, аналагаў якому пакуль у Беларусі няма. І працэс абнаўлення працягваецца шпаркімі тэмпамі.


Немалаважна тут прывесці і такі факт: пошукі новага абсталявання адбываюцца не седзячы ў кабінеце. Прадпрыемства накіроўвае спецыялістаў на розныя тэхнічныя выставы, у тым ліку і замежныя, дзе на свае вочы можна адсачыць навінкі. Толькі тады, вывучыўшы пэўныя іх параметры, прымаецца рашэнне аб набыцці. Такі тут падыход існуе даўно.


Развагі кіраўніка падводзяць мяне да думкі: Міхаіл Саскевіч сапраўды стварыў таленавіты калектыў. Падтрымлівае ён, як кіраўнік, любы эксперымент, які датычыць паляпшэння вытворчай дзейнасці. Часам, заўважым, эксперыменты даюць вельмі нечаканыя і карысныя для сатурнаўцаў вынікі — прыцягваюць новых заказчыкаў і адпаведна, прыбытак. Хаця ж, зразумела, любы эксперымент можа закончыцца правалам. Але на памылках, кажа ён, мы толькі вучымся. І такая школа, упэўнены кіраўнік, проста неабходная, бо творчы падыход разнявольвае ініцыятыву, аб’ядноўвае людзей, стварае ўмовы для творчасці.


На карысць абранага метада кіравання — вынікі працы.


— Практычна кожны год, па меры таго як пашыраецца вытворчасць, — дзеліцца дырэктар Міхаіл Саскевіч, — колькасць працоўных месцаў павялічваецца. Толькі ў 2008 годзе іх адкрыта 13, у 2009-ым — 18. Працаваць у нас жадаюць многія. Есць вялікая чарга. Людзей адбіраем, можна сказаць, па конкурсе, асабліва спецыялістаў, бо далёка не кожны зможа працаваць на сапраўды суперсучасным абсталяванні. У нас адна з самых высокіх заработных плат не толькі ў раёне, але і ў цэлым па Гомельскай вобласці. У першым квартале бягучага года яна падыходзіць амаль да 2 з паловай мільёнаў рублёў. Прадпрыемства не стаіць на месцы: прыцягваем інвестыцыйныя сродкі ў абнаўленне, мадэрнізацыю асноўных фондаў, вядзем газіфікацыю вытворчай базы ў адпаведнасці з патрабаваннямі праграмы па якасці, сучаснымі вытворчымі тэхналогіямі. Я як кіраўнік стараюся ў жыццё ўкараняць свой лозунг: менш слоў — больш справы…


Сямейныя і духоўныя каштоўнасці для яго — святое


І гэта сапраўды так: сямейныя і духоўныя каштоўнасці для Міхаіла Саскевіча — святое. Рэдка хто з яго пакалення можа пахваліцца, што мае вялікую сям’ю. Разам з жонкай яны выхоўваюць чацвёра дзяцей. Двое ўжо, дарэчы, дарослыя. Старэйшая дачка атрымала адукацыю эканаміста, жыве і працуе ў Мінску. Сын завяршае вучобу ў Беларускім тэхнічным ўніверсітэце. Другі сын вучыцца ў 11 класе. Самая малодшая дачушка — трэцякласніца. Шчаслівы бацька!


Сямейных каштоўнасцяў, прывітых бацькамі, Саскевіч цвёрда прытрымліваецца. І нават прапагандуе іх у сваім калектыве.


— Сям’я — гэта наш тыл, гэта падтрымка, аснова, падмурак, фундамент усяго, дзеля чаго жывеш. Так павінна быць ва ўсіх.


Гэта яго філасофія. Філасофія жыцця. І веры.


Так, Міхаіл Пятровіч — глыбока веручы чалавек. Яго сэрца ўспрымае чужы боль. Мабыць, таму, аднойчы вырашыў сам падтрымаць намаганні благачыннага айца Генадзя і сваіх калег да роздуму скіраваў: трэба зрабіць нешта такое, каб было на вякі. І адкрытае акцыянернае таварыства прымае ўдзел у будаўніцтве новага храма, які будуецца ў райцэнтры ў гонар святога Феадосія Чарнігаўскага: больш пяцідзесяці мільёнаў дапамогі выдзелена прыходу для будаўніцтва царквы. І ўласныя зберажэнні таксама ахвяравала сям’я Саскевічаў.


— Не для нас жа асабіста гэтую святую справу робім, а дзеля дзяцей нашых жыткаўчан, для ўсіх вернікаў. І будзем рабіць, дапамагаць. Зараз дапамагаем прыходу з дастаўкай цэглы, вырашаем пытанні па вырабе купалоў, залатых крыжоў.


— Мы хочам, каб нашы добрыя справы дакраналіся не толькі вытворчай дзейнасці, — кажа Саскевіч, — але і іншых карысных праектаў, якія б доўга служылі жыхарам райцэнтра, раёна. І яго прадпрыемства дапамагае актыўна падшэфнай — самай вялікай школе горада №3, партнёрства са школай вырасла ў вялікую дружбу паміж навучальнай установай і прадпрыемствам…


…Мне прыемна было гутарыць, слухаць Міхаіла Саскевіча. Хаця ж ён і нешматслоўны чалавек. Ведаю яго даўно. Бачу, як ён ганарыцца сваім прадпрыемствам, як і працаўнікі “Сатурна-1” ганарацца сваім кіраўніком. Ведаю, што ў калектыве ёсць і спартыўныя каманды, працаўнікі ўдзельнічаюць у розных мерапрыемствах раённага і абласнога ўзроўню. І вельмі вынікова.


Не сакрэт, што і ў раёне “Сатурн-1” паважаюць не толькі за тое, што прадпрыемства сваёй стабільнай працай забяспечвае занятасць гараджан, прыносіць адчувальны прыбытак у раённы бюджэт, але і за актыўную дабрачынную дзейнасць. Ведаю, што за кожным поспехам калектыва стаіць праца кожнага з сотні сатурнаўцаў. І іх паспяховага кіраўніка, гэта адназначна.


І я шчыра ўзрадаваўся, што менавіта гэтага чалавека вылучылі педагогі сярэдняй школы №3 і працоўны калектыў “Сатурна” кандыдатам у дэпутаты абласнога Савета дэпутатаў. М.П. Саскевіч, перакананы, — Асоба, і за яго мне не сорам аддаць свой голас. Ен апраўдае давер.


У. ГАЎРЫЛОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.