Палешукі вады не баяцца!

Сёлетняя паводка, нягледзячы на тое, што зіма была снежнай, а вясенняе сонца шчодрым на цяпло, не прынесла жыхарам раёна вялікай бяды, як у 1979 і 1999-ых гадах. Хаця ж самая непрадказальная рака Беларусі — Прыпяць — імкнулася праявіць ганарлівасць і непакорлівасць і сёлета, значна перавысіла небяспечны ўзровень пад’ёму вады. І вада выйшла на пойму, падтапіла грамадскія палеткі. Завітала яна і на падвор’і жыхароў зарэчных вёсак Запясочча, Верасніца, ёсць некалькі падтопленых агародаў у Тураве.


У Хлупіне — гэтая вёска звычайна трапляе ў водны палон — сёлета вяскоўцы канец сакавіка сустракалі спакойна, без асаблівай трывогі, што свавольніца-Прыпяць наробіць бяды. Але ж атрымалася так, што частка вёскі ўсё ж аказалася ў водным палоне.


— То ж вада прыйшла з Лельчыцкага боку, — перасягаючы водную перашкоду, што акружыла сядзібу амаль з усіх бакоў, і адразу паведамляе карэспандэнту Ніна Мікалаеўна Караба. — Мы ўжо думалі, што пранясе. З балот — бачыш — вада дапамагла. А Прыпяць сёлета спакойная. Вунь з таго боку — паказвае леваруч ад свае хаты — людзі на лодцы пераязджаюць альбо на кані ў цэнтр па сваіх справах…


— А не страшна было?


— Мы прывыклыя. Вада прыйдзе ды сыдзе. І ўсё будзе добра. Вунь плот паваліла, дык паправім з мужам. Дзеці памогуць. Яны прыязджалі…


— Перажываюць, як вы тут у паводку?


— Ну то ж дзеці! Дачка з Мінска прыязджала, гумавікі насунула і так да хаты хадзіла. І сын быў.


— А ці за дапамогай куды звярталіся?


— Дык усё ёсць у нас. Дошак выпісалі ў лясніцтве яшчэ да паводкі, у магазіне ўсё ёсць. Усё добра. А што вада? Перажывём. Вунь сусед у сваім двары шчупакоў з дзесятак спаймаў і ўюна. Хваліўся. Ды і дзеці вунь рукамі ловяць карасікаў. Саша, пакажы, што ты там спаймаў…


І Сашка, суседскі хлопчык, хваліцца, якая рыба прыплыла ім у агарод.


— А ці дапамагалі супрацоўнікі службы МНС? — цікаўлюся.


— Былі, былі. Па хатах хадзілі, папярэджвалі, цікавіліся, чым дапамагчы. Мо каму і трэба дапамога, мы з мужам самі. Абы толькі больш вады не было…


Развітаўшыся, мы з Сашам бярэм накірунак да сухога астраўка. Ботаў у мяне няма, таму стаю, каб каго сустрэць. Едуць мужыкі на коніку, а на падводзе плуг.


— Няўжо араць збіраецеся? Вада ж, мокра, — здзіўляюся ім.


Яны ўсміхаюцца: колькі той вады! Едзем, маўляў, туды, дзе вышэй — вясна прыйшла!


А вось і лодка: да сваіх суседзяў-сяброў на лодцы прыплыў іх пагодак Жэня Кадоліч.


Пытаюся: вады ў хаце няма?


— Нямашака. Толькі ў падвале ёсць…


Пад самы СДК падступілася вада. А ад цэнтральнай часткі кіпіць праца: суботнік ладзяць культработнікі. Вялікдзень жа!


Ціха і каля школы, перад якой вада спыніла свой крок літаральна ў сантыметрах. У клопатах дырэктар школы Марыя Міхайлаўна Стаяноўская.


— Збіраемся вывезці дзетак на аздараўленне. Думаем цяпер, як дабрацца да Гродна, дзе санаторый. Бацькоўскі сход склікаем вось, каб вырашаць, як заплаціць за праезд…


— А як з вадою?


— Дык гэта ж зарэчная зона, мы ж прывыкшыя. Хаця — паслухалі спецыялістаў і чакалі паўтарэння 1999-га. Добра, што мінуе гэтая навала сёлета, хоць з боку Лельчыцаў падмачыла… Але ўсё мінуецца, хутка ўжо і пасяўная…


Што ж, зрабіў для сябе вывад: палешукі вады не баяцца. А калі што, то спадзявацца ёсць на каго. Недзе за два месяцы да паводкі да іх завітвалі спецыялісты розных службаў: папярэджвалі, што рабіць, лістоўкі раздавалі. Есць магчымасць купіць будаўнічы матэрыял у лясніцтве. У краме ўдосталь тавараў, на ФАПах ёсць медыкаменты. Падраздзяленне Міністэрства па надзвычайных сітуацыях працягвае аказваць дапамогу, пакуль не міне пік паводкі. Сітуацыя на кантролі ў мясцовых уладаў.


Таму і роспачы ў вачах вяскоўцаў я не бачыў. Жыццё ў нашых вёсках ніколі не было лёгкім, таму і гэтую перашкоду — паводкавую — у чарговы раз, кажуць людзі, перажывём.


У. МІКАЛАЕЎ.


Р.S. Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, нечаканае павышэнне ўзроўню вады стварыла некалькі пазаштатных сітуацый, якія давялося тэрмінова ліквідаваць супрацоўнікам выратавальнай службы.


У мінулую пятніцу на аўтамабільнай дарозе каля вёскі Перароў прарвала шлюз. На ліквідацыі парыву задзейнічаны дарожнікі.


Падтапіла жылы дом і ў райцэнтры. Каля чатырох гадзін выратавальнікі адкачвалі ваду па вуліцы Савецкай.


У Азяранах супрацоўнікі РАНС разам з выратавальнікамі рэспубліканскага атрада спецпрызначэння эвакуіравалі аўтамабіль і матацыкл з затопленага гаража.


І калі ў Случы ўзровень вады спадае, то Прыпяць прыбаўляе: цяпер ён дасягнуў 547 сантыметраў. 60 падвор’яў і трыццаць пабудоў аказаліся ў водным палоне. Тым часам, як гавораць спецыялісты, пік паводкі пакуль не прайшоў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.