Папрацавалі з поўнай самааддачай

Актыўны ўдзел прынялі жыхары горада ў нядаўна прайшоўшым суботніку. Дзякуючы агульным намаганням зроблена нямала добрых і карысных спраў.


Яшчэ не было і васьмі раніцы, калі ў мінулую суботу на вуліцах райцэнтра пачалі з’яўляцца людзі з рознымі інструментамі. Нехта нёс у руках сякеру, хтосьці — граблі або рыдлёўку. Гэта жыткаўчане спяшаліся на аб’яўлены суботнік. І чым бліжэй станавіўся пачатак рабочага дня, тым больш людзей ішло на гэтае мерапрыемства. Яно і зразумела, суботнік быў накіраваны, каб палепшыць стан горада, прыбраць і добраўпарадкаваць яго вуліцы і іншыя месцы, і для сапраўднага тутэйшага жыхара гэта справа гонару. Таму з цягам часу ў той дзень на гарадскіх вуліцах кіпела дружная праца. Падграбалі смецце, фарбавалі клумбы, саджалі і бялілі дрэвы, выконвалі многія іншыя работы. Людзі, перакідваючыся жартамі, старанна выконвалі тую работу, што ім была даручана. Многія працавалі на добраўпарадкаванні вытворчых тэрыторый прадпрыемстваў і арганізацый. І гэта таксама немалы ўклад у паляпшэнне стану нашага горада.


Працавалі жыткаўчане не толькі на добраўпарадкаванні, а і на сваіх асноўных рабочых месцах. Прынялі яны ўдзел і ў пасадцы лесу. Роўна а палове дзевятай раніцы аўтобус з шаснаццаццю маладымі работнікамі райвыканкама, членамі БРСМ, накіраваўся да адміністрацыйнага будынка Жыткавіцкага лясгаса. Тут да іх далучыліся члены адміністрацыі ўстановы, і аўтобус узяў накірунак на лясны масіў ля вёскі Беразіна. Паўгадзіны язды — і вось яно месца прызначэння. Тут усё гатова, каб пачаць пасадку саджанцаў сасны і бярозы: праведзены барозны, падвезена расада і інструмент. Невялікі збор усіх удзельнікаў акцыі. Ен неабходны, бо садзіць лес справа карысная, але і патрабуе адпаведных навыкаў і захавання пэўных правілаў тэхнікі бяспекі. Менавіта падчас усеагульнага збору работнікі лясгаса і расказалі ўдзельнікам акцыі, як правільна патрэбна выконваць усе тэхналагічныя аперацыі. А яшчэ скіравалі ўвагу на важнасці і каштоўнасці прадстаячай работы. Усяго дзве лічбы. З плошчы, а яна раўнялася аднаму гектару, столькі было засаджана лесам моладдзю ў той дзень, у цяперашніх цэнах можна атрымаць дваццаць два мільёны рублёў прыбытку. Гэта не кажучы аб тым, што праз гады гэтыя дрэвы будуць даваць паўтысячы тон кіслароду ў год. Таму і нядзіўна, што старшыня райвыканкама Мікалай Какора, які таксама прыняў актыўны ўдзел у пасадцы лесу, выказаўся так:


— Пройдзе многа гадоў, а цяперашнюю вашу справу будуць памятаць патомкі, якія скарыстаюцца вынікам вашай працы сабе на карысць.


Мужчыны хутка разбіраюць інструмент, а дзяўчаты набіраюць у вядзерцы парасткі. І праца пайшла. Дружна ўразаюцца мячы ў зямлю, робячы ў ёй адтуліну для маладога дрэўца. І вось ужо бачны першыя вынікі старанняў — вырысаваліся роўненькія рады з маладых зялёненькіх парасткаў. У гэтым выпадку толькі і хочацца сказаць: “Расці, лес, і радуй нашых нашчадкаў сваёй прыгажосцю”.


…Бліжэй да абеду стаў відавочным плён працы і гараджан, якія займаліся добраўпарадкаваннем горада. Вуліцы нібы памаладзелі, ззяючы бяелізной пабеленых дрэваў і бардзюраў, сваёй чысцінёй. Відавочна, шмат можна зрабіць за дзень, калі за справу бярэцца многа людзей адразу.! І аб гэтым сведчаць лічбы, якія характарызуюць вынікі суботніка. Ужо чатыры мільёны рублёў пералічылі працаўнікі горада на адпаведны рахунак суботніка. І гэта не канчатковая лічба, бо новыя сумы грошай яшчэ паступаюць. Яны пойдуць на далейшае добраўпарадкаванне райцэнтра. Гэтыя лічбы сведчаць яшчэ і аб тым, наколькі жыткаўчане любяць горад, у якім яны жывуць і працуюць, і гатовы клапаціцца пра яго прыгажосць. Прычым не толькі падчас такіх аднаразавых маштабных акцый, але і пастаянна.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.