Равеснік рэвалюцыі

Усё сваё жыццё Андрэй Якаўлевіч Сяргейчык ганарыўся тым, што нарадзіўся 7лістапада 1917 года. З’яўляецца равеснікам рэвалюцыі ў савецкі час было вельмі пачэсна. Разам з тым гэтая акалічнасць накладвала і пэўную адказнасць. Таму напрацягу многіх гадоў Андрэй Якаўлевіч сумленнай працай уносіў свой уклад у росквіт краіны, якая ўзнікла пасля Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, а калі ўзнікла небяспека, бараніў сваю Радзіму ад ворага са зброяй у руках. Гэтая самаахвярнасць выклікана тым, што краіна, у якой нарадзіўся Андрэй Якаўлевіч, дала яму магчымасці для сваёй самарэалізацыі.


Нарадзіўся Сяргейчык у сялянскай сям’і ў вёсцы Смопішчы Дараганаўскага сельсавета Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Жыццё ў сялянскага хлапчука яго гадоў складвалася па звычайнаму для таго часу ўкладу. З маленства дапамагаў бацькам па гаспадарцы. Чым больш дарослым станавіўся, тым больш клопатаў і абавязкаў з’яўлялася. Барацьба з непісьменнасцю, якая разгарнулася тады ў краіне, прывяла Андрэя Сяргейчыка за школьную парту ў Дараганаўскую сямігодку. Тады яму ўжо споўнілася дванаццаць гадоў. Вучнем хлопец аказаўся здольным, навуку асвойваў лёгка, хаця і дома працы па гаспадарцы выконваць даводзілася нямала. У 1936 годзе Сяргейчык паспяхова заканчвае курс сямігодкі і паступае на Магілёўскі ветрабфак. Абіраў спецыяльнасць свядома. Добра бачыў, як не хапала спецыялістаў на вёсцы такога профілю, якое гора было ў сялянскіх сем’ях, калі па прычыне хваробы на іх небагатым падворку гінуў конь або кароўка, або іншая жывёліна. Ветрабфак стаў першай ступенню для Андрэя Якаўлевіча ў асваенні прафесіі ветэрынарнага ўрача. Пасля яго заканчэння юнак паступае ў Віцебскі ветэрынарны інстытут. Там правучыўся два гады, калі пачалася вайна. Пад бамбёжкамі вяртаўся ў родную вёску.


Усёй душой хлопец зненавідзеў захопнікаў, якія разбурылі мірнае жыццё яго краіны і яго мары. Гэта і прывяло Андрэя Якаўлевіча ў рады народных мсціўцаў. З 1942 года да самага вызвалення Беларусі ён змагаецца з фашыстамі ў партызанскім атрадзе імя Молатава. Не раз даводзілася рызыкаваць жыццём падчас шматлікіх засад, нападаў на варожыя гарнізоны прарываў з фашысцкай блакады, цярпець голад і холад. Даводзілася не аднойчы прымяняць і свае веды па ветэрынарыі. Была і ў гэтым вялікая патрэба.


Вайна для Андрэя Якаўлевіча закончылася з вызваленнем Беларусі. Па стану здароўя яго не прызвалі ў дзеючую армію. Таму ён едзе ў Віцебск, каб закончыць пачатую да ваеннага ліхалецця адукацыю. Дыплом з адзнакай па спецыяльнасці “ветэрынарыя” атрымлівае ў 1948 годзе. Разам з гэтым дакументам і размеркаванне на сваё першае месца працы – Жыткавіцкі раён. Едзе разам з маладой жонкай Антанінай, з якой пабраліся шлюбам падчас вучобы ў інстытуце. Яна таксама па спецыяльнасці ветэрынарны ўрач.


Вось так і пачалася іх працоўная біяграфія на Жыткавіцкай зямлі. Андрэй Якаўлевіч і Антаніна Мікалаеўна сталі ў раёне першымі дыпламаванымі спецыялістамі-ветэрынарамі. Яго прызначаюць галоўным ветэрынарным урачом раёна. Работы было шмат. Хварэла жывёлы пасля вайны вельмі многа як калгаснай, так і прыватнай. Таму нярэдкія выпадкі былі, калі Андрэю Якаўлевічу даводзілася начамі вяртацца з грамадскіх фермаў. У далёкія ад раёна калгасы ўвогуле ехалі на некалькі дзён з начоўкай, бо за дзень было немагчыма правесці ўвесь комплекс ветэрынарных мерапрыемстваў. Ды і разбітыя дарогі не спрыялі аператыўнасці ў рабоце. Пыталі ж за кожную галаву падзяжу вельмі строга. Не раз даводзілася галоўнаму ветэрынарнаму ўрачу раёна праводзіць ночы ў памяшканні КДБ. Ішоў да яго начальніка толькі з адной думкай: арыштуюць, ці памілуюць? Абыходзілася. І вось пасля такіх прафілактычных выклікаў, без адпачынку спяшаўся на працу, каб сумленна выконваць свае абавязкі. 27 гадоў адпрацаваў на гэтай пасадзе. Пасля аж да самага выхаду на заслужаны адпачынак быў старшым ветэрынарным урачом-эпізатолагам у ветэрынарнай станцыі раёна. Нецяжка падлічыць, што абранай справе Андрэем Якаўлевічам аддадзена амаль сорак гадоў. За гэты адрэзак часу шмат зроблена добрых і карысных спраў на тэрыторыі раёна. Нездарма ж яму прысвоена ганаровае званне “Заслужаны ветэрынарны ўрач БССР”.


Яшчэ адзін важкі след пакінуў пасля сябе Сяргейчык у нашым раёне – прафесійную ветэрынарную дынастыю. Спецыяльнасць ветэрынара абраў яго сын Мікалай. Цяпер ён таксама ўзначальвае ветэрынарную службу раёна. Вучыцца на ветэрынара зараз і ўнучка Андрэя Якаўлевіча. Так што жыве і яшчэ доўга будзе жыць пачатая ім справа.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.