Сацыяльная стабільнасць у калектыве складваецца з поспехаў кожнага

Жыткавіцкі агратэхсервіс з’яўляецца надзейным партнёрам вяскоўцаў, бо сумеснымі намаганнямі яны вырашаюць агульную дзяржаўную задачу.


Цяперашнія свае магчымасці калектыў таварыства ў поўнай меры прадэманстраваў падчас аднаго з раённых семінараў. Кіраўнік арганізацыі на ім прадэманстраваў прысутным навінку вытворчасці — перасовачную даільную ўстаноўку з малакаправодам, якую сканструявалі і сабралі мясцовыя майстры. На думку дырэктара Анатоля Ляшкевіча, неабходнасць у такім абсталяванні для гаспадарак, якія практыкуюць кругласутачнае ўтрыманне дойных статкаў на выпасах, даволі вялікая. Яно не толькі дазволіць значна зменшыць долю ручной працы, але і будзе садзейнічаць атрыманню прадукцыі высокай якасці. Увогуле, на жывёлагадоўлю ў таварыстве працуе цэлае структурнае падраздзяленне. Яго работнікі ўстанаўліваюць на фермах малакаправоды, рамантуюць абсталяванне, сістэмы водапаення і іншае. На гэты летне-пашавы сезон мяркуецца арганізаваць брыгаду па праверцы даільных апаратаў і сасковай гумы на іх. Гэта таксама будзе спрыяць павышэнню надояў.


Свой немалы ўклад работнікі таварыства ўносяць і ў паспяховую працу раслінаводчай галіны. За час зімы ў сваіх майстэрнях яны адрамантавалі для гаспадарак раёна значную колькасць машын і агрэгатаў, рухавікоў і іншага. Правялі тэхнічнае абслугоўванне 36 энерганасычаных трактароў маркі “Беларус”. Традыцыйна аказваецца дапамога вяскоўцам на палетках у час сяўбы, корманарыхтоўкі, жніва. Для гэтага ў агратэхсервісе ствараюцца механізаваныя атрады. Вось і зараз некалькі механізатараў прадпрыемства на сваёй тэхніцы прымаюць удзел у палявых работах у шэрагу гаспадарак раёна: на ворыве, падрыхтоўцы глебы, вывазцы арганічных угнаенняў. Вялікая дапамога аказваецца сельгаспрадпрыемствам і па праверцы спраўнасці і рамонту электратэхнічнага абсталявання на вытворчых аб’ектах.


— Напрацоўваць аб’ёмы вытворчасці таварыству дапамагае пастаянны пошук, а таксама адказныя адносіны да выканання сваіх абавязкаў работнікамі і спецыялістамі, — зазначае Анатоль Арсенцьевіч. — Выкананне кожнага паказчыка гэта праца калектыву, роля кіраўніка накіраваць усё ў правільнае рэчышча. Таму любая ініцыятыва падтрымліваецца ў арганізацыі.


І такіх ініцыятыў за апошнія гады ў аграсервісе праявілі нямала за апошнія гады. Дзякуючы ім у таварыстве з’явілася і паспяхова працуе вытворчасць жалезабетонных вырабаў, якія карыстаюцца вялікім попытам у спажыўцоў. Сярод іх як прыватныя асобы, так арганізацыі і прадпрыемствы раёна. Ды і лінія па тэхнічнаму абслугоўванню энерганасычаных трактароў таксама запрацавала. Для гэтага закуплена абсталяванне, падрыхтаваны спецыяліст. Недарэмна, бо бачыцца перспектыва такой работы і яе неабходнасць. У гаспадаркі ўсё больш паступае энерганасычаных трактароў.


Гэтай акалічнасцю прадыктавана і тое, што спецыялісты агратэхсервісу заняліся рамонтам і ачысткай ёмістасцей і абсталявання на заправачных станцыях сельгаспрадпрыемстваў, воданапорных вежаў і гэтак далей. Несумненна, каб паспяхова спраўляцца з пастаўленымі задачамі, у таварыстве пастаянна клапоцяцца пра абнаўленне сваёй матэрыяльнай базы. За апошні час тут з’явілася нямала новай тэхнікі, абсталявання. У бліжэйшых планах абнаўленне такарнага цэха, што адкрые новыя магчымасці: можна будзе вырабляць запчасткі не толькі для сельгасарганізацый, але і спецыялізаваных прадпрыемстваў. Многа робіцца і зроблена ў таварыстве і па добраўпарадкаванню вытворчых і бытавых аб’ектаў і тэрыторый. Гэта важны накірунак работы ў дзейнасці калектыва. Гэта таксама патрабаванне часу.


Яшчэ няма і васьмі раніцы, як праз прахадную таварыства пачынаецца рух тэхнікі. Кожны работнік, спецыяліст спяшаецца на свой участак работ, бо кожны паасобку ўносіць уклад у агульную справу. Гэта даказваюць і вытворчыя паказчыкі. Так, за першы квартал выкананне даведзеных заданняў па росту аб’ёмаў вытворчасці склала 11 працэнтаў, пры рэнтабельнасці 4,5 працэнта. У мінулым годзе выкананне прагнозных паказчыкаў у таварыстве — больш дваццаці працэнтаў.


— Канешне, ёсць складанасці, але для таго і працуем, каб іх пераадольваць, каб дабівацца большага, — гаворыць Анатоль Ляшкевіч. — Галоўнае, што ёсць каму выконваць намечаныя планы. Нездарма ж нашы работнікі былі ўдзельнікамі і рэспубліканскіх, і абласных дажынак.


І гэты яго аптымізм падзяляюць і работніткі калектыва. Гэта таксама добры знак для вядзення дзейнасці. Як і паважлівае стаўленне з боку кіраўніцтва да сваіх работнікаў, тых, хто стараецца, тут не крыўдзяць.


Забяспечваючы дабрабыт сваіх працаўнікоў, дырэктар таварыства імкнецца дапамагаць і іншым людзям. Ен не аднойчы абіраўся дэпутатам райсавета па Завадской выбарчай акрузе. За гады дэпутацкай работы ён добра ведае ўсіх сваіх выбаршчыкаў, не раз адгукаўся канкрэтнай дапамогай на іх просьбы. І не лічыць гэта нейкай абцяжарваючай нагрузкай, хаця клопатаў і на асноўным месцы працы дастаткова.


— У асноўным людзі нейкіх невырашальных задач перад дэпутатам не ставяць, — гаворыць Анатоль Арсенцьевіч аб гэтай сферы сваёй работы, — часта дастаткова і простай парады ці ўвагі, каб выслухаць просьбу. Гэтым і закладваецца давер да дэпутата.


З такім перакананнем ідзе Ляшкевіч на чарговыя выбары ў якасці кандыдата і спадзяецца на падтрымку.


НА ЗДЫМКУ: вадзіцелі бензавозаў Анатоль Леўкавец, дырэктар таварыства Анатоль Ляшкевіч (у цэнтры),Уладзімір Купрыяновіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.