Упэўнены старт кольненскіх сейбітаў

Грунтоўная падрыхтоўка зімой да веснавых палявых работ у сельгаспрадпрыемстве “Коленскае” зараз прыносіць добры плён. Штодня ў гаспадарцы засяваюць больш чым па паўсотні гектараў. Нядрэнна ладзяцца справы і на іншых участках работ.


— На сяўбе задзейнічаны два камбінаваныя пасяўныя агрэгаты “Хорш”, — расказвае намеснік дырэктара гаспадаркі Валянцін Пяшэвіч. — На гэтай высокаэфектыўнай тэхніцы працуюць вопытныя і старанныя механізатары Віктар Галавач і Канстанцін Флар’яновіч. Кожны дзень яны дабіваюцца высокай выпрацоўкі на веснавых палетках.


Сяўбу ў КСУПе традыцыйна распачалі на палях з лёгкімі глебамі. Іх у гаспадарцы нямала. Таму засяваюць іх у першую чаргу, каб глеба не перасохла. Культуры тут размяшчаюць традыцыйныя: авёс і аднагадовыя. Ужо засеяна імі больш двухсот гектараў. Пасяўны матэрыял кладзецца ў глебу самых высокіх рэпрадукцый, яго завезлі са спецыялізаваных гаспадарак вобласці.


— Не ўсюды яшчэ можна працаваць, многія палеткі пакуль пераўвільготнены, — каменціруе ход работ Валянцін Васільевіч, — на такіх палях вядзем сяўбу выбарачна. Бадай гэта адзіная прычына, што стрымлівае пакуль нас.


Сапраўды, тэхнічны патэнцыял сельгаспрадпрыемства дазваляе намнога павялічыць тэмпы сяўбы. Ды і на іншых участках работ вясной клопатаў дастаткова і не менш важных чым сяўба. Трэба і азімыя падкарміць, і ўгноіць глебу, і падрыхтаваць яе для сяўбы, і многае іншае. Яшчэ адна традыцыя мясцовых земляробаў, што ўсе работы яны вядуць у комплексе. Кожны яе від выконвае спецыялізаваны механізаваны атрад. Напрыклад, вадкія азотныя ўгнаенні ўносяць аж тры механізатары — Васіль Шакалян, Уладзімір Ярмоліч і Андрэй Хільман. Столькі ж механізатараў заняты на ўнясенні цвёрдых мінеральных угнаенняў. Гэта Мікалай Хільман, Валянцін Ярмоліч і Васіль Шакалян. Два механізаваныя атрады задзейнічаны на вывазцы і ўнясенні арганікі. На гэтым участку працуе найбольшая колькасць тэхнікі прадпрыемства, у агульным больш дзесятка адзінак. Гэта невыпадкова: аб’ёмы вывазкі і ўнясення арганікі яскрава сведчаць самі за сябе. Гэтай вясной мясцовыя земляробы запланавалі ўнесці 22 тысячы тон арганічных угнаенняў. Запас іх створаны.


Кожная хвіліна на ўліку і ў механізатараў Анатоля Некрашэвіча, Аляксандра Петрушкевіча, Уладзіміра Петрашкі, Уладзіміра Ярмоленкі і Мікалая Гулюты. Яны на сваіх энерганасычаных трактарах заняты на перадпасяўной падрыхтоўцы глебы. Ад іх зладжанай працы ў многім залежыць наколькі выніковай будзе дзейнасць сейбітаў. І механізатары са сваімі абавязкамі спраўляюцца.


Па традыцыі ў КСУПе “Коленскае” з правядзеннем веснавых-палявых работ не марудзяць. І сёлета гэта відавочна. Таму кожны гектар будзе засеяны ў самы спрыяльны тэрмін. Пасеяць мясцовым працаўнікам патрабуецца нямала. Толькі раннімі зерневымі і зернебабовымі — 460 гектараў, а ўсяго — 1691 гектара. Нават пры такой высокай насычанасцю тэхнікі аб’ём даволі значны. Але гэта ніколькі не бянтэжыць кольненскіх земляробаў, а настройвае іх на рабочы лад. Бо вясна — гэта пара не толькі стараннай працы, але і высокіх заробкаў. Дарэчы, у гаспадарцы не пушчаны на самацёк і такія пытанні. Ужо з пачатку палявых работ усе ўдзельнікі пасяўной забяспечваюцца гарачым харчаваннем, станоўча вырашаюцца і іншыя праблемы бытавога характару. Гэта таксама падкрэслівае важнасць цяперашняй працы хлебаробаў. Менавіта ўсведамленне гэтага і дазваляе механізатарам гаспадаркі паспяхова выконваць свае абавязкі на палетках.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.