Цяжкія выпрабаванні Акцябрыны

Сярод тых, хто быў узнагароджаны юбілейным медалём “65 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.” Акцябрына Грынько.


Шмат гора давялося перажыць гэтай жанчыне ў гады ваеннага ліхалецця. Зусім маленькай дзяўчынкай яна стала сведкам, як фашысты спалілі яе родную вёску Баравая. Пасля гэтай жудаснай трагедыі жылі ў лесе, а потым сям’я перабралася ў вёску Чарацянка да дзядзькі. Але і там спакою не было ад фашыстаў. У другі раз давялося Акцябрыне Аляксандраўне бачыць, як чужынцы паляць сялянскія хаты, здзекуюцца з людзей, гоняць іх у палон. Разам з роднымі ў нямецкім палоне апынулася і яна. У Жыткавічах іх пагрузілі ў таварныя вагоны і павезлі на захад. Так дзяўчына стала вязнем фашысцкіх канцлагераў. Першым з іх быў Асвенцым. Тут Акцябрыну і яе родных ужо нават адправілі ў крэматорый. Толькі шчаслівая выпадковасць дапамагла выратавацца ад смерці. Далей быў канцлагер у Баварыі, вязняў якога прымушалі працаваць на ваенна-хімічным заводзе, дзе вырабляліся газы. Чарговы перавод у канцлагер у Ноймары. Толькі ад гэтай перамены нічога не змянілася, людзі адчувалі пастаянны здзек і прымус да непасільнай працы. Як расказвае Акцябрына Аляксандраўна, тут разам з цывільнымі людзьмі ўтрымліваліся і савецкія ваеннапалонныя.


— З адным з іх я пазнаёмілася, ён быў з Петрыкаўшчыны. Толькі нядоўгім было тое знаёмства, падчас адной з нашых сустрэч, калі ён падышоў да калючай агароджы, яго прыстрэліў ахоўнік. І цяпер стаіць у вачах малюнак, як малады чалавек спаўзае на зямлю, чапляючыся худымі пальцамі за калючы дрот, — успамінае Акцябрына Аляксандраўна.


Гэта не адзіная смерць, якую ёй давялося бачыць за час вайны. горад бамбілі вельмі моцна амерыканцы, і ваеннапалонных ганялі прыбіраць забітых у горадзе. Дзяўчынка разам з такімі ж вязнямі збірала пад бамбёжкай фрагменты чалавечых цел. А потым прыйшло вызваленне, горад захапілі амерыканцы. Усім савецкім палонным яны прапаноўвалі ехаць у Амерыку на пастаяннае месца жыхарства. “Што ў вашай краіне, акрамя голаду і разбурэння, чакае”, — гаварылі амерыканцы. Маці Акцябрыны нават пагадзілася на пераезд. А вось дзяўчыне хацелася толькі дамоў. У гэтым яе падтрымала і бабуля. “Ногі на пяску грэць буду, але толькі на радзіме, — гаварыла Акцябрына Аляксандраўна.


Шлях да дому заняў не адзін тыдзень. Праехала не адну краіну Еўропы, пакуль дабралася да сваёй радзімы. Як і ўсе пачала працаваць на ўзнаўленні разбуранай фашыстамі вёскі. Практычна рабілі ўсё ўручную: рыдлёўкамі капалі поле, узводзілі хаты, выконвалі іншую работу. Усё жыццё адпрацавала жанчына ў калгасе. Цяпер яна вельмі радуецца, што дажыла да такой знамянальнай даты — юбілею Вялікай Перамогі. Што дзяржава не пакінула без увагі яе пакуты, што жыве пад мірным небам.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.