Духоўнасць у спадчыне

Мноства мерапрыемстваў у раёне праходзіць з нагоды Дня славянскага пісьменства, які адзначаецца 24 мая, і стагоддзя перанясення мошчаў прападобнай Еўфрасініі Полацкай.


У Жыткавічах яны пачаліся з Хрэснага хода ў гонар іконы Божай Маці “Неупиваемая чаша”.


Царкоўнае шэсце праваслаўных вернікаў на чале з прадстаўнікамі духавенства епіскапам Тураўскім і Мазырскім Стэфаніем і настаяцелем Тураўскай акругі протаіерэем Генадзем святочна прайшлі па вуліцах горада ад храма святой вялікамучаніцы Параскевы Пятніцы да капліцы, узведзенай у мікрараёне Азёрны ў гонар іконы Божай Маці “Неупиваемая чаша”. Тут адбыўся малебен і пакланенне іконе вернікамі, якія прыйшлі памаліцца за тых людзей, хто ўцягнуўся ў п’янства і наркаманію. Гэтыя ганебныя звычкі для нашага грамадства сталі даволі значнай праблемай, і тут вялікая роля духоўнага пачатку.


Як альтэрнатыва нездароваму ладу жыцця, які цяпер вядуць многія людзі, стала паказальнае выступленне выхаванцаў дзіцячай спартыўнай школы “Матор” і сярэдняй агульнаадукацыйнай школы № 3 райцэнтра.


— Паказальнае выступленне нашых выхаванцаў з гірамі, па амрэслінгу, перацягванню каната з’яўляецца яшчэ адным яскравым доказам, што заняткамі спортам можна мацаваць не толькі моц цела, але і сілу духу, а значыць і паспяхова супрацьстаяць п’янству, наркаманіі, іншым заганам грамадства, — зазначыў трэнер спартыўнай школы Сяргей Юзюк.


Менавіта на ўмацаванне духа звярнуў увагу і епіскап Тураўскі і Мазырскі Стэфаній. І як доказ прывёў служэнне свайму народу святой Еўфрасініі, уся дзейнасць якой была падпарадкавана распаўсюджванню асветы, хрысціянскай мудрасці, дабрачыннасці, любові да Бога і людзей. На думку епіскапа, значэнне Еўфрасініі Полацкай як святой беларускай зямлі яшчэ не поўнасцю ацэнена нашымі пакаленнямі, і тое, што ў Тураве і Мазыры праходзіць Крыж Еўфрасініі, асвеціць не толькі нас, але і ўсю нашу зямлю.


— І той, хто прыйдзе пакланіцца, дакрануцца да мошчаў прыпадобнай Еўфрасініі, атрымае зарад божай любові, — гаварылася епіскапам.


Розныя выставы, сустрэчы з прадстаўнікамі духавенства, класныя гадзіны, інфармацыйныя дні, прысвечаныя вышэй згаданым падзеям, пройдуць ва ўсіх установах адукацыі і працоўных калектывах.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.