Любі свой край 200 год царкве ў імя Усіх Святых у Тураве

Як вядома, ў старажытнасці Тураў быў слынным духоўным і культурным цэнтрам, дзе працвітала храмабудаўніцтва, кніжнасць і хрысціянскае асветніцтва. Але ўжо ў ХVІІ стагоддзі Тураў згубіў сваё значэнне і паступова набыў рысы правінцыяльнага паселішча.


У пачатку ХІХ стагоддзя ў Тураве было шэсць храмаў, пасля пажару ў 1834 г. засталося тры — Спаса-Праабражэнскі, Свята-Ільінскі і імя Усіх Святых. Пасля рэвалюцыйных падзей пачатку ХХ стагоддзя ў Тураве засталася адзіная царква Усіх Святых.


Усіхсвяцкая драўляная царква пабудавана ў 1810 г. і захавалася да нашых дзён.


Помнік народнага дойлідства. З адной з цэнтральных вуліц сучаснага Турава — Ленінскай добра відаць атулены зелянінай трохзрубны храм, які складаецца з прамавугольнага аб’ёму, у які аб’яднаны прытвор і бабінец, квадратныя ў плане малітоўная зала і апсіда. Першапачаткова зрубы завяршаліся шатровымі дахамі з галоўкамі і крыжамі. У пачатку ХХ стагоддзя шатры заменены 2-схільнымі дахамі, над прытворам надбудавана васьмерыковая шатровая званіца. Вертыкальна ашаляваныя фасады прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, уваход вылучаны 2-слуповым ганкам пад 2-схільнай павеццю.


У малітоўную залу шырокім прамавугольным прасветам адкрываецца бабінец. Апсіда вылучана прасветам са зрэзанымі вугламі і 2-ярусным разным іканастасам, царскія вароты ўпрыгожаны простай, але дастаткова прыгожай разьбой работы народных умельцаў.


У 1929 годзе распараджэннем уладаў царква была зачынена і была прыстасавана пад зернесховішча, купал знесены, а ўсё царкоўнае начыненне і іншая маёмасць страчаны.


Дзейнасць Усіхсвяцкай царквы была адноўлена ў 1941 годзе ў складзе Пінска-Палескай епархіі. З благаславення архіепіскапа Пінскага з Вялеміцкай царквы быў перанесены стары іканастас, а з Пінска водным шляхам па Прыпяці былі прывезены богаслужбовыя сасуды і ўсё неабходнае для службы. У час акупацыі самаахвярнасцю прыхажан царква была выратавана ад пажару.


Нялёгкія часы перажыла царква ў канцы 1950-х і ў 1960-я гады. Тады царква была пад пагрозай паўторнага закрыцця. Аднак Божай міласцю храм захаваўся. І зноў у ім узносяцца словы хвалы і падзякі Госпаду, гучыць малітва як сведчанне вечнасці і непарушнасці праўды Божай.


Т. СТРУК, бібліятэкар Тураўскай гарадской бібліятэкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.