“Мы – нашчадкі Перамогі”

Урачыста прайшла сустрэча калектывуЖыткавіцкай школы мастацтваў імя Уладзіміра Будніка з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны райцэнтра. Мерапрыемства пад назвай “Мы — нашчадкі Перамогі” было прысвечана 65-й гадавіне Перамогі.


Гасцей – ветэранаў у школе сустракалі з букетамі кветак і музыкай духавога аркестра прама ў фае. Гэта яшчэ раз падкрэслівае, наколькі паважліва ў калектыве навучальнай установы ставяцца да людзей, якія адстаялі мір для нас. Гучаць мелодыі “На позицию девушка провожала бойца”, “День Победы” і іншыя. Гэтыя песні вельмі дарагія ветэранам, бо спявалі іх у гады сваёй маладосці, а яшчэ гэтыя песні сагравалі сэрцы салдат у халодных акопах на фронце, надавалі сілы на змаганне з ворагам, надзею на перамогу. Таму і невыпадкова, што менавіта гэтымі мелодыямі навучэнцы школы віталі сваіх гасцей. Ветліва і цёпла ветэранаў выкладчыкі і навучэнцы запрашаюць у актавую залу, дзе для іх падрыхтаваны самыя ганаровыя месцы ў першых радах.


На сцэну выходзяць вядучыя вечарыны, і свята пачынаецца. У вершаванай і апавядальнай форме гучыць для ўсіх прысутных у зале напамін пра тыя суровыя і страшныя гады, пра неўміручы подзвіг савецкага народа, самаахвярнасць і гераізм савецкага салдата. Не забыты і тыя ахвяры, што панесла краіна ў вайне. Іх прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання.


Навучэнцы і выкладчыкі школы падчас сустрэчы падаравалі сваім гасцям нямала цудоўных песень. “Нашчадкі Перамогі”, “Набат цішыні”, “Хлапчукі бессмяротнага Брэста” , “Салдацкія жанкі”, “Даруй мне дзядуля”, “ Тры танкісты” і іншыя. А знакамітую “Кацюшу” спявалі ўсім залам і гледачы, і выканаўцы.


Гарачымі апладысментамі аддзячвалі выканаўцам госці. Але былі і іншыя пачуцці. Раз-пораз пажылыя людзі, якія не аднойчы рызыкавалі сваім жыццём, даставалі з кішэняў сваіх парадных касцюмаў хусцінкі і цішком выціралі слёзы на вачах. Гэта былі слёзы радасці, што ў нашай краіне расце такое цудоўнае і таленавітае маладое пакаленне, што недарэмна аддадзены жыцці многіх людзей, каб рабяты маглі добра жыць пад мірным небам, адначасова і смутку па сваіх маладых гадах, якія апаліла вайна. Падчас спеваў не аднаму ветэрану прыйшлі на памяць успаміны пра свае ваенныя шляхі-дарогі, пра баявых сяброў. Ім ёсць што ўспомніць. Гэта адчувалася ў эмацыянальных выступленнях ветэранаў перад калектывам школы — Івана Кузьміча Дзячэнкі, Браніславы Уладзіміраўны Ліпскай, Адама Піліпавіча Аліфяровіча. Яны не толькі выказалі падзяку за цудоўную сустрэчу, але падзяліліся сваімі ўспамінамі пра вайну, адзначылі гераізм народа, а таксама прызвалі моладзь берагчы мір. Сустрэча калектыву школы мастацтваў на гэтым не закончылася. Далей яна праходзіла, так бы мовіць, у неафіцыйным рэчышчы, за “салодкім” сталом.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.