Раўненне на герояў Перамогі

Як мы паведамлялі чытачам “НП”, сёлетні Першамай у раённым цэнтры прайшоў пад знакам 65-годдзя Перамогі. Праз Жыткаўшчыну пралёг шлях другога этапа Рэспубліканскай патрыятычнай акцыі Дабравольнага таварыства садзейнічання авіяцыі, арміі і флоту “Раўненне на герояў Перамогі”, прысвечанага 65-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў.


Каля 10 гадзін раніцы ўдзельнікаў маштабнай акцыі — міжнароднага аўтапрабегу — на мяжы Брэсцкай і Гомельскай абласцей, пры ўездзе ў Жыткавіцкі раён сустрэлі хлебам-соллю і цудоўнай песняй народны калектыў народнай песні “Жытніца”. Лепшых спартоўцаў і супрацоўнікаў ДТСААФ пад кіраўніцтвам генерал-маёра Анатоля Сцепука, старшыні цэнтральнага савета гэтай структуры, прывітаў намеснік старшыні Жыткавіцкага райвыканкама Валерый Рагалевіч. Затым картэж аўтамабіляў з сімволікай акцыі і рознакаляровымі сцягамі накіраваўся ў Жыткавічы, дзе распачаліся асноўныя падзеі свята яднання і працы.


Святочнае шэсце ад тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай падтрымкі насельніцтва ўзначаліў духавы аркестр і прадстаўнікі ўзвода ганаровай варты Гомельскага інжынернага інстытута Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. У святочных шарэнгах — удзельнікі Міжнароднага аўтапрабегу, ветэраны вайны і працы, прадстаўнікі раённага выканаўчага камітэта на чале са старшынёй Мікалаем Какорам, працоўных калектываў горада.


Шмат жыхароў горада і раёна сабраліся ля помніка загінуўшым воінам і партызанам на мітынг. На ім выступілі з хвалюючымі выступленнямі кіраўнікі ДТСААФ, прадстаўнікі раёна.


— Міжнародны аўтапрабег, які мы праводзім зараз, мае на мэце ўшанаваць памяць аб нашых загінуўшых бацьках, дзедах, земляках, — адзначыў у сваім выступленні старшыня цэнтральнага савета ДТСААФ А. Сцяпук. — Тым самым праслаўляецца гераічнасць, мужнасць, патрыятызм нашых людзей у гонар Перамогі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Мы ведаем, колькі ахвяр панесла жыткавіцкая зямля падчас гэтай страшнай навалы, і схіляем галовы перад памяццю нашых абаронцаў.


А.Я. Сцяпук згадаў імёны легендарных асоб Жыткаўшчыны, Героя Савецкага Саюза В. Ката, уладальніка ўсіх ордэнаў Славы М. Струка, распавёў пра партызанскі рух на нашай зямлі, які набліжаў Вялікую Перамогу. Ен нагадаў, што гісторыя ДТСААФ налічае 83 гады. Перад вайной абаронным таварыствам былі падрыхтаваны сотні тысяч спецыялістаў для Узброеных Сіл і 72 з іх — выхаванцы ДТСААФ Беларусі, якія былі ўганараваныя званнямі Герояў Савецкага Саюза. У памяць аб іх і было прынята рашэнне правесці міжнародны аўтапрабег, які падтрыманы трыма братэрскімі краінамі, якія ў гады вайны абаранялі сваю адзіную Радзіму ад ворага. Аналагічныя акцыі стартавалі з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Мурманска, Смаленска, Наварасійска, Кіева і шматлікіх іншых гарадоў. Усяго больш 80 удзельнікаў, а гэта спартсмены, майстры вытворчага навучання высокага класа ДТСААФ, правядуць высакародны рэйд, які зноў аб’яднае славянскія народы. Ен пажадаў жыткаўчанам ганарыцца подзвігам дзядоў, шанаваць памяць аб іх, падтрымліваць старэйшае пакаленне.


— Міжнародны аўтапрабег, што пралёг праз Жыткаўшчыну — прыклад цяперашнім пакаленням, як трэба памятаць пра подзвіг народа, зразумець, цяжар выпрабаванняў тых далёкіх гадоў, як мага лепш зразумець гісторыю краіны, усвядоміць адказнасць кожнага за яе лёс, — перакананы і старшыня райвыканкама Мікалай Какора.


З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў Міжнароднага аўтапрабегу звярнуліся старшыня раённага Савета ветэранаў Адам Аліфяровіч і вучань Жыткавіцкай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы №2 Д. Мірановіч.


Пылае Вечны агонь… Да помніка ўскладаюцца вянкі, кветкі ад раённага выканаўчага камітэта, ДТСААФ, ветэранаў, грамадскасці раённага цэнтра. Пасля адбываецца ўдзячны абмен памятнымі сувенірамі кіраўніка ДТСААФ і старшыні райвыканкама.


Затым урачыстае шэсце рухаецца да цэнтральнай плошчы горада — на гэтым шляху ўскладаецца вянок да помніка-альтанкі загінуўшых у Афганістане — і спыняецца каля ўнівермага. Тут распачынаецца ўрачыстасць з нагоды адкрыцця раённай Дошкі Гонару.


Павіншаваў землякоў з адкрыццём раённай Дошкі Гонару Герой Сацыялістычнай Працы Аляксей Міронавіч Тачыла.


Асаблівай, знамянальнай падзеяй назваў адкрыццё раённай Дошкі Гонару старшыня райвыканкама Мікалай Какора. Ен, у прыватнасці, адзначыў, што на яе занесены назвы лепшых прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў раёна, а таксама працаўнікоў, якія сталі пераможцамі раённага спаборніцтва па выніках 2009 года.


— Няхай моладзь бачыць, кім ганарыцца раён, з каго патрэбна браць прыклад. А ганарыцца нам ёсць кім. Гэта заслужаныя людзі, якія сваёй працай дабіліся павагі і прызнання сваіх калег, — падкрэсліў Мікалай Какора.


Старшыня райвыканкама нагадаў прысутным, што наша зямля заўсёды славілася працалюбствам: раён ганарыцца Героямі Сацыялістычнай Працы Сцепанідай Іванаўнай Марусіч, Мікалаем Васільевічам Рудэнка, Марыяй Сцяпанаўнай Ісаевай, Аляксеем Міронавічам Тачыла, шматлікімі заслужанымі працаўнікамі рэспублікі, чыя працоўная дзейнасць стала самай сапраўднай візітоўкай раёна.


Старшыня райвыканкама выказаў надзею, што для работнікаў і працаўнікоў раёна занясенне на Дошку Гонару іх імёнаў стане добрым стымулам працаваць больш якасна, з поўнай самааддачай.


Пад апладысменты прысутных А.М. Тачыла і М.М. Какора пераразаюць чырвоную стужку… У гэты моман Міжнародны аўтапрабег рушыць далей па свайму маршруту. Ен знойдзе сваё завяршэнне ў Маскве, дзе разам збяруцца ўсе ўдзельнікі, а гэта каля 80 машын ДТСААФ Беларусі, Украіны і Расіі, пройдзе памятны мітынг, фэст патрыятычнай песні. Са ўсіх гарадоў-герояў удзельнікі завязуць гільзы, напоўненыя зямлёй, якія будуць перададзены музею Вялікай Айчыннай вайны на Паклоннай гары.


А на цэнтральнай плошчы Жыткавічаў працягвалася святочная праграма.


Хвалюючым момантам стала паказальнае выступленне ўзвода Ганаровай варты, духавога аркестра і вакальнага калектыва Гомельскага інжынернага інстытута МНС. У райцэнтры ў дзень Першамая ладзіліся і іншыя культурна-масавыя і фізкультурна-спартовыя мерапрыемствы, зачынальнікамі якіх сталі прафсаюзныя арганізацыі раёна.


За святочнымі падзеямі сачыў У. ПРЫАЗЕРНЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.