У майстэрстве спаборнічалі прафесіяналы

У бягучым годзе спаборніцтвы вальшчыкаў “Лесаруб-2010” у нашым лясгасе былі праведзены ў маі. Дваццаць два прафесіяналы дэманстравалі сваё майстэрства. Асноўная нагрузка легла на плечы калектыва Залюціцкага лясніцтва, дзе было запланавана і праведзена гэтае мерапрыемства.


Адкрыў яго дырэктар лясгаса Міхаіл Ляўковіч. Ганаровае права ўзняць дзяржаўны сцяг было прадастаўлена пераможцу мінулагодніх спаборніцтваў вальшчыку леса Жыткавіцкага лясніцтва Уладзіміру Чарняўскаму.


Дух хвалявання і саперніцтва панаваў у лесе на працягу ўсяго спаборніцтва. Па меры запаўнення паказчыкамі экрана кіраўнікі лясніцтваў з вялікай прыдзірлівасцю падлічвалі балы ўдзельнікаў. І нездарма кажуць у народзе: майстэрства не прападае, яно ўдасканальваецца. Пацвярджэннем таму — лідэрства мінулагодняга пераможцы Уладзіміра Чарняўскага: ён заняў першае месца ў намінацыях “валка лесу” і “дакладная распілоўка”. Другое і трэцяе месцы прысуджаны адпаведна вальшчыкам Хвойкаўскага і Бялоўскага лясніцтваў Станіславу Іванову і Васілю Лук’яновічу. Апошні стаў лепшым і ў намінацыі “Мантаж новага ланцуга”.


Першае месца ў намінацыі “абрэзка сучкоў” прысуджана вальшчыку леса Ленінскага лясніцтва Івану Бакуновічу, у намінацыі “распілоўка камбінаваным рэзам” вальшчыку леса Юркевіцкага лясніцтва Андрэю Рамановічу. У камандным заліку лепшых вынікаў дабілася Жыткавіцкае лясніцтва. Пераможцам уручаны дыпломы і каштоўныя падарункі. Ганаровае права прадстаўляць Жыткавіцкі лясгас на абласных спаборніцтвах атрымалі Уладзімір Чарняўскі і Станіслаў Іваноў.


Н. ШАБАЕВА, намеснік дырэктара на ідэалагічнай рабоце ДЛГУ “Жыткавіцкі лясгас”.


НА ЗДЫМКУ: пераможцы (злева направа) Станіслаў Іваноў, Уладзімір Чарняўскі, Васіль Лук’яновіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.